Пошук

16.04.2010 01:00  

1 чыт. Дз 5, 27b–32. 40b–41; Пс 30 (29), 2 і 4. 5 і 6. 11 і 12a і 13b.
2 чыт. Ап 5, 11–14.
Ев. Ян 21, 11–19, альбо (карац.) Ян 21, 1–14
.


Самы цяжкі адказ

Ці любіце вы, калі нехта задае вам пытанні? Вы адкажаце: «Гэта залежыць ад таго, калі і пра што пытаюцца». Калі на ўроку трапляецца лёгкае пытанне, адразу падымаецца ўверх лес рук. Найбольш нецярплівыя самі выскокваюць наперад з адказам. Інакш бывае, калі пытанне цяжкае і на адзнаку. Тады кожны сам сабе думае: «Толькі б мяне не выклікалі». Ёсць таксама пытанні, лёгкія на першы погляд. Калі ў школе адбылося нешта не вельмі добрае, а мама пытаецца: «Што ты сёння атрымаў?», — то нялёгка выдушыць з сябе, што на гэты раз... двойку альбо нават нешта горшае.

Яшчэ цяжэйшае наступнае пытанне: «Ці дапамагаеш бацькам?». Уласна кажучы, што тут сказаць? Так? Не? Напэўна, самым праўдзівым адказам было б: «Часамі». Нялёгка таксама адказаць на пытанне: «Ці любіш бацькоў?». «Так!», — можна сказаць на словах, а ў той жа час твае паводзіны сведчаць, што не. I на жаль, гэтае другое будзе ўлічвацца ў першую чаргу.

Евангелле сведчыць, што і Пан Езус задаваў сваім вучням пытанні. Пра што Ён пытаўся ў іх? Можа, правяраў, ці добра запамяталі яго вучэнне? Канешне ж, не!

Калі Езус прамовіў некалькі прыпавесцяў, Ён запытаўся ў вучняў: «Ці зразумелі вы гэта?» (гл. Мц 13, 51). Ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, чаму Ён спытаў іх пра гэта? Вучэнне Езуса не дастаткова толькі запамятаць. Вучэнне Езуса трэба таксама зразумець.

У Евангеллі мы чытаем, што вучні не разумелі Езуса. Калі Езус заўважыў, што вучні гавораць паміж сабою пра тое, што не маюць хлеба, Ён спытаў іх: «Няўжо не заўважаеце і не разумееце? Ці яшчэ зацвярдзелыя сэрцы вашы? Маеце вочы, і не бачыце; маеце вушы, і не чуеце? Ці не памятаеце, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Яны адказалі Яму: Дванаццаць. А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Адказалі Яму: Сем. І сказаў ім: Усё яшчэ не разумееце?» (гл. Мк 8, 16–21).

Іншым разам, калі Езус прыйшоў у землі Кесарыі Філіпавай, Ён спытаў сваіх вучняў: «За каго людзі лічаць Мяне?». Вучням было лёгка ўспомнінь і паўтарыць, што іншыя гаварылі пра Езуса: што Ён — гэта Ян Хрысціцель альбо Ілля, альбо адзін з прарокаў. Другое пытанне было намнога цяжэйшым: «А вы за каго Мяне прымаеце?». Тады Пётр сказаў: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (гл. Мц 16, 13 і наступн.).

Падчас Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі вучням і спытаў іх: «Ці ведаеце, што гэта Я зрабіў вам?», — адразу ж дадаў: «Дык вось, калі Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы» (гл. Ян 13, 13 і наступн.).

Некалькі хвілін назад мы слухалі ўрывак з Евангелля, у якім ёсць тры амаль што аднолькавыя пытанні. На гэты раз Езус задаў іх самому Сымону-Пятру. Пра што спытаў Езус? «Сымон, сын Ёны, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?». Вельмі цяжка было адказаць: «Так, Пане! Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (гл. Ян 21, 15), асабліва, калі Езус другі і трэці раз задаў тое ж пытанне. Пётр нават засмуціўся, калі пачуў яго ў трэці раз. Можа, успомніў, як зусім нядаўна, калі Езус быў у руках ворагаў, ён тройчы адрокся ад Яго. Таму гэты адказ быў для Пятра найцяжэйшым.

Калісьці Езус спытаў Пятра: «Ці любіш Мяне?». Сёння Ён пытае пра гэта ў кожнага з нас. Калі б я запытаў: «Хто з вас любіць Езуса?», — то ў першы момант кожны гучна адказаў бы: «Я!». Аднак, што азначае любіць Езуса? Любіць Езуса — гэта значыць:
— быць Яму паслухмяным,
— быць Яму ўдзячным,
— памятаць пра Яго запаведзь любові,
— быць сапраўды Яго вучнем,
— асцерагацца граху,
— прытрымлівацца дадзеных Яму абяцанняў.

Цяпер вы разумееце, чаму пытанне «Ці любіш ты Езуса?» самае цяжкае. Адказ на гэтае пытанне вельмі доўгі. Недастаткова толькі адзін раз сказаць: «Так». У кожнай сітуацыі, кожны дзень трэба даваць гэты найцяжэйшы адказ кожнай сваёй думкай, кожным словам, кожным учынкам, бо ўсё гэта гаворыць, што ты любіш Езуса.

Не так даўно праходзілі велікапосныя рэкалекцыі. Кожны з нас у сувязі з гэтым зрабіў нейкія пастановы. Ці не забыўся ты ўжо пра гэта? А можа, ужо парушыў іх? Таму сёння ж аднаві свае пастановы, прынятыя падчас рэкалекцый, каб гэтым сведчыць: «Езу, люблю Цябе!».

Пане Езу, Ты заўсёды з намі. Дапамажы нам, каб мы ўсё лепш пазнавалі Цябе, а пазнаўшы, любілі Цябе яшчэ больш.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 28.03.2019 18:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа