2 чыт. Ап 1, 9–11a. 12–13. 17–19.
Ев. Ян 20, 19–31.
Незвычайная сустрэча
Кожны з нас марыць пра незвычайнае спатканне: ці то з вядомым спартсменам, ці то з акцёрам, ці са спеваком. Нават уяўляем сабе, што б тады трэба было сказаць, як сябе паводзіць, і нават, як апрануцца. Такое спатканне было б тым больш прыемным, калі б адбылося неспадзявана. Напрыклад, вы прыходзіце ў школу і даведваецеся, што замест нецікавых заняткаў будзе сустрэча з вядомым вандроўнікам, які пабываў у многіх краінах і хоча расказаць вам пра іх. Ён мае з сабою некалькі паштовак з краявідамі, так што некаторыя шчасліўчыкі змогуць іх атрымаць. Не толькі паштоўкі, але нават і аўтограф знакамітага вандроўніка.
Калі вы ўважліва слухалі словы Евангелля, то павінны прызнаць: тое, што перажылі вучні Езуса, было адзінаю і незвычайнаю сустрэчаю... Вечар. Дзверы добра зачынены. Раптам сярод вучняў з’яўляецца Езус. Гэта той самы Езус, якога забілі тры дні таму. Жаўнеры прыбілі Яго да крыжа. Каб не было ніякіх сумненняў, што Ён памёр, адзін з жаўнераў дзідай прабіў Яму бок.
Уваскрослы Езус вітае іх словамі: «Супакой вам», — і паказвае раны на руках і на баку, каб вучні не мелі нават найменшага сумнення, што гэта Ён, а не хтосьці іншы. Гэтая нечаканая прысутнасць Уваскрослага прычынілася да таго, што тыя, хто раней быў напалоханы, цяпер напоўнены радасцю. Гэтая радасць — не адзіны дар, які атрымалі вучні ад Уваскрослага Езуса. Найкаштоўнейшы дар — гэта дар Святога Духа, моцай якога яны змогуць адпускаць людзям грахі. Такім чынам, можна сказаць, што гэта была незвычайная сустрэча.
Наступнае спатканне Езуса з вучнямі, і асабліва з Тамашам, было таксама незвычайным. На гэты раз Езус адолеў недавер Тамаша, якому было нялёгка паверыць, што Езус жыве. Калі іншыя вучні гавораць яму, што бачылі Пана, то ён ставіць умову: не паверу, пакуль не дакрануся да боку і прабітых рук. Калі прыходзіць Езус, Тамаш ужо не хоча датыкацца да Яго, толькі з вераю вызнае: «Пан мой і Бог мой».
Яшчэ адно спатканне з уваскрослым Панам прадстаўляе другое сённяшняе чытанне з адной з кніг Новага Запавету, Апакаліпсіса. Апостал Ян, якога пераследавалі за Божае слова і за Езуса Хрыста, быў сасланы на востраў Патмос. Там, у дзень Панскі, гэта значынь у нядзелю, ён меў адкрыццё: убачыў Сына Чалавечага, Хрыста, якому пакланіўся ў ногі, а Езус — на знак узмацнення — паклаў на яго сваю правую руку і сказаў: не палохайся! Я быў мёртвы і вось жыву на вечныя вякі і маю ключы смерці (гл. Ап 1, 1.9–19).
Тры розныя сустрэчы, але яны маюць нешта агульнае. Гэта не толькі спатканні з уваскрослым Езусам. Не ведаю, ці заўважылі вы, што ўсе яны адбыліся ў першы дзень тыдня, гэта значыць у нядзелю. I першае, і другое спатканне вучняў, а таксама спатканне Яна з уваскрослым Панам Езусам адбываліся ў нядзелю. Першыя хрысціяне з самага пачатку святкавалі гэты дзень, як напамін пра змёртвыхпаўстанне Хрыста. I так адбываецца да сённяшняга дня. Мы таксама робім тое ж.
Таму ў кожную нядзелю мы можам перажываць незвычайнае спатканне з нашым Панам. Гэта нічога, што Ён прысутнічае сярод нас іначай, чым тады, калі даваў пазнаць сябе сваім вучням відавочна. Бо Ён жа сказаў Тамашу: «Шчаслівыя, хто не бачыў і паверыў» (гл. Ян 20, 29), альбо: благаслаўлёныя тыя, якія не бачылі на свае ўласныя вочы Мяне ўваскрослага, але паверылі.
Для веруючых у Хрыста нядзеля — самы галоўны святочны дзень, дзень радасці і адпачынку ад працы. Таму ў гэты дзень мы збіраемся разам, каб паслухаць Божае слова і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, каб успомніць Муку, Змёртвыхпаўстанне і Хвалу Пана Езуса і скласці падзяку Богу за адраджэнне нас да жывой надзеі.
Паколькі кожная нядзеля з’яўляецца напамінам пра змёртвыхпаўстанне Хрыста, а ўдзел у cвятой Імшы — спатканнем з нашым уваскрослым Панам, таму давайце задумаемся:
— як мы адзначаем нядзелю?
— як мы ўдзельнічаем у нядзельнай cвятой Імшы?
Паколькі нядзеля — гэта дзень Пана, дзень, які належыць Хрысту, то я пытаюся ў кожнага з вас, колькі часу ў гэты дзень вы прысвячаеце нашаму Пану, Езусу Хрысту? Ці ў гэты дзень Ён найважнейшы для вас? Ці ахвотна і без ваганняў вы адпраўляецеся на спатканне з Ім, адзначу, на незвычайнае спатканне? Ці гэтае спатканне з уваскрослым Хрыстом, тут і цяпер, падчас гэтай Эўхарыстыі, будзе для вас плённым?
Хацелася б, каб удзел кожнага з вас у святой Імшы быў свядомым, пабожным і дзейсным. Таму не шукайце сабе месца звонку святыні, як мага далей ад алтара, там, адкуль нічога не відаць і не чуваць, затое ёсць моцная спакуса пагаманіць, пасмяяцца, каб нічога не ўзяць сабе ні з Божага слова, ні з таго, што Езус прысутнічае сярод нас. Мы не хочам быць падчас нядзельнага, незвычайнага спаткання з уваскрослым Панам як чужыя і маўклівыя гледачы. Наадварот, сваімі паводзінамі, сваімі спевамі і малітвамі прагнем Яго ўшаноўваць, прагнем Яму дзякаваць.
Нядзеля — гэта дзень радасці. Няхай павялічвае нашу радасць прысутнасць Езуса сярод нас!
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.