Крыж вучыць любові
Застаўся толькі тыдзень да велікодных святаў. Сёння — Пальмовая нядзеля, альбо інакш, Нядзеля Мукі нашага Пана Езуса Хрыста. Гэтыя дні даюць нам, веруючым у Хрыста, шмат тэмаў для разважання. Мы ідзем у Ерузалем шляхам Яго крыжа. Сёння прыгадваем урачысты ўезд Езуса ў Ерузалем. Натоўпы ўзрадаваных вучняў усклікалі тады: «Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана!» (гл. Лк 19, 38). Для Езуса, аднак, гэта — пачатак рашаючых дзён, калі Ён дзеля нас становінца паслухмяным аж да смерці — да смерці крыжовай (гл. Флп 2, 8).
Некалькі хвілін таму мы слухалі апісанне Мукі і Смерці нашага Пана і Збаўцы, Езуса Хрыста. Перад абліччам такой неабсяжнай любові нам не застаецца нічога іншага, як толькі сказаць: Пане Езу, дзякуем Табе, што праз Крыж і Муку сваю Ты адкупіў свет. Езу, будзь маім Настаўнікам не толькі тады, калі мне гэта лёгка даецца. Будзь маім Настаўнікам у цярпенні, у цяжкія хвіліны, тады, калі наследаванне Цябе патрабуе ад мяне вялікіх намаганняў.
Заўважым, што побач з Езусам, калі Ён урачыста ўязджаў у Ерузалем, было шмат вучняў. Калі ж настаў час Яго Мукі, побач іх засталося няшмат. Падобнае адбываецца і сёння. Як жа цяжка наследаваць Езуса на шляху Яго Крыжа.
Але менавіта на шляху Крыжа Езус асаблівым чынам з’яўляецца нашым Настаўнікам. Чаму? Усё тое, што Езус гаворыць пра свайго Айца, пра паслухмянасць у адносінах да Яго, пра вытрымку ў цяжкіх сітуацыях, прабачэнне тым, хто нас ненавідзіць, нарэшце, пра малітву — усё гэта Ён пацвярджае ўласным прыкладам.
Езус моліцца перад Мукаю: «Ойча, калі Ты хочаш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (гл. Лк 22, 42). А калі канаў, Ён усклікнуў: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (гл. Лк 23, 46). Езус прабачае тым, хто Яго ўкрыжаваў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (гл. Лк 23, 34).
Мне так крыўдна, калі нехта з родных ці сяброў пакідае мяне менавіта тады, калі ён асабліва патрэбны. Не магу стрымаць свайго абурэння, калі той, каму я даверыўся, здрадзіў мне. Пане Езу, падчас Тваёй Мукі Цябе пакінулі самыя блізкія, а ў рукі Тваіх ворагаў Цябе выдаў, здрадзіўшы Табе, адзін з Тваіх вучняў, Юда.
Калі нехта мяне хоць трохі пакрыўдзіць, як часта бунтуецца ўва мне ўсё, і я кажу: «Не дарую, не прабачу, адплачу яму пры зручным выпадку тым жа». Сёння я павінен саромецца гэтага, бо Ты, Езу, дараваў нават тым, хто Цябе пераследаваў.
Можа, я з лёгкасцю прапускаю штодзённыя малітвы і апраўдваю сябе: «Я змучаны, ужо няма калі, мне вельмі не хочацца». Пане Езу, дай мне пераадолець гэтую ляноту. Ты ж маліўся, нават калі быў прыбіты да крыжа.
Перад перамяненнем, падобна як гэта рабілі вучні пры ўездзе Езуса ў Ерузалем, мы вітаем Хрыста: «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана». Хрыстус прыходзіць да нас. Кожная святая Імша здзяйсняецца на ўспамін пра Яго Муку.
На гэтым тыдні — самыя важныя дні касцёльнага года: Вялікі чацвер — памяць устанаўлення Эўхарыстыі, Вялікая пятніца — успамін балеснай Мукі і Смерці Хрыста, Вялікая субота — дзень цішыні і чування перад вялікім днём Уваскрэсення Хрыста. Я павінен знайсці час для Езуса Хрыста. Ён жа палюбіў мяне і аддаў самога сябе за мяне (гл. Гал 2, 20). Крыж вучыць любові.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.