Пошук

27.12.2009 02:00  
Тут таксама трэба вучыцца

У вас з’явілася некалькі вольных дзён. Можна нарэшце адпачыць, трохі даўжэй паспаць, хоць на кароткі час забыцца пра ўрокі. Перыяд Божага Нараджэння, які мы так радасна адзначаем, супадае з часам кароткага адпачынку ад звычайных школьных заняткаў. Нягледзячы на гэта, задам (як быццам і несвоечасовае) пытанне: «Чаму ты ходзіш у школу?». Ты падумаеш: «Як гэта — чаму? Так трэба! Няма іншай магчымаші». — Але можна таксама адказаць: «Хаджу ў школу, бо хачу вучыцца».

Аднак той, хто лічыць, што толькі ў школе ён з’яўляецца вучнем, памыляецца. Нікога з нас, якія сабраліся тут, не павінна здзіўляць тое, што я скажу: усе мы — вучні: і ты, і я, і твае бацькі, усе прысутныя ў гэтай святыні. Бо наш самы галоўны Настаўнік — Езус Хрыстус. Ён заўсёды запрашае нас сюды і напамінае, што мы павінны рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця. Давайце спытаем у сябе, ці добрыя мы вучні?

Ёсць, аднак, яшчэ адно месца, дзе мы вельмі многаму вучымся. Як яно называецца? Гэта, канешне ж, ваш родны дом. Можна нават сказаць, што ў ім мы вучымся больш за ўсё. Якім чынам? Так позна вяртаемся са школы. Павінны вельмі спяшацца, каб справіцца з усімі зададзенымі ўрокамі.
Падкажу вам, што гаворка тут ідзе не толькі пра выкананне хатніх работ. Не ведаю, ці добра вы разумееце, што яшчэ да таго, як вы пайшлі ў школу, вы ўжо шмат чаму навучыліся ў вашым родным доме.

Вы спытаецеся: «Чаму мы навучыліся?». Але ж па меры вашага ўзрастання бацькі заахвочвалі вас да выканання самых разнастайных работ. Хтосьці з вас можа сказаць, што ўжо добра ўмее абыходзіцца з пыласосам... А хтосьці можа прышыць гузік так, як гэта робіць мама... А хтосьці ўчора пасля абеду аж да самага вечара дапамагаў тату, які займаўся рамонтам аўтамабіля... Яшчэ нехта, можа, паспрабаваў прыгатаваць усё, што патрэбна для абеду, і нічога не сапсаваў... Гэты пералік можна працягваць яшчэ доўга. (Калі нехта з дзяцей захоча пахваліцца сваімі «дасягненнямі», то трэба даць ім магчымасць зрабіць гэта). I добра, што вы ахвотна вучыцеся ўсяму гэтаму, бо ўсё спатрэбіцца вам у жыцці.

Яшчэ якія веды вы атрымліваеце дома? Добра знаёмы вам з самага ранняга ўзросту наступныя заўвагі бацькоў: калі ласка, прыбяры цацкі; складзі акуратна кніжкі; пакладзі на месца ранец; час паліць кветкі; трэба ўжо выключыць тэлевізар, бо гэты фільм не для цябе; падай бабулі акуляры; уступі месца старэйшаму чалавеку. Яшчэ чаму хочуць навучыць вас бацькі? Коратка гэта называецца любоўю да парадку, выхаваннем унутранага пачуцця адносна таго, што можна рабіць, а чаго нельга, і як мы павінны сябе паводзіць. У бацькоўскім доме вы вучыцеся працавітасці, пунктуальнасці, беражлівасці, вучыцеся стрымліваць дадзенае слова, быць удзячнымі, шанаваць тое, што маеце, і гэтак далей.

Ці на гэтым ужо ўсё? Безумоўна ж, не! Яшчэ мы не ўспомнілі пра самае галоўнае! Пра што? Пра тое, што ў бацькоўскім доме вы ўпершыню пачулі пра Бога — нашага Айца, які любіць нас і заўсёды клапоціцца пра нас. Менавіта дома, пад ялінкай, вы маглі ўпершыню ўбачыць яселькі з маленькім Дзіцяткам Езусам. Можа памятаеш, як цікава табе было даведацца, хто гэта? А тата расказаў табе, як калісьці, у далёкім Бэтлееме прыйшоў да нас Збаўца свету, як беднае Дзіцятка.

У вашым доме на сцяне вісіць крыж. Успомні, як матуля гаварыла табе, што за нас, за нашыя грахі на крыжы памёр Езус. Ты, можа, і не ведаеш, што падчас хросту знак крыжа накрэслілі на тваім ілбе па чарзе святар, бацькі і хросныя. Няхай крыж у вашым доме напамінае табе, што ты належыш Хрысту.

Узгадай, як бабуля ці дзядуля, а можа, твае бацькі, складвалі твае маленькія ручкі для малітвы і вучылі звяртацца да Бога: «Ойча наш». Калі яны збіраліся ў нядзелю ў касцёл, ты пытаўся: «А калі я пайду з вамі?». Падумай сёння аб тым, як многаму ты навучыўся ў родным доме. I многаму можаш яшчэ навучыцца! Памятай толькі заўсёды, што тут таксама трэба вучыцца!

Сёння мы адзначаем урачыстасць Святой Сям’і. У ёй жыў і рос Езус. Пра Яго так гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі: «Езус жа ўзрастаў розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзей» (гл. Лк 2, 52). Большую частку свайго жыцця Езус жыў гэтак жа, як і пераважная большасць людзей. Штодзённа працаваў, жыў у сям’і (гл. ККК 531).

Езус рабіў поспехі. Таму Ён з’яўляецца для нас прыкладам. Ён хоча, каб вы, жывучы ў сваіх родных дамах, таксама ўзрасталі ў мудрасці. Што гэта азначае? Тут гаворка ідзе не толькі пра тое, каб вы больш ведалі, але каб умелі выбіраць і рабіць тое, што падабаецца Богу. Хочаце ведаць, па чым можна зразумець, што вы ўзрастаеце ў мудрасці? Гэта даволі лёгка:
— калі твае бацькі і настаўнікі ўсё больш задаволеныя табою,
— калі ў цябе павялічваецца колькасць сапраўдных сяброў,
— калі ты ўсё з большай ахвотаю ідзеш у касцёл, а потым радуешся, што быў у ім,
— калі адчуваеш радасць падчас малітвы.

Усё гэта сведчыць аб тым, што ты на добрым шляху.


З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.