Ян 15, 9–17
Дарагія браты і сёстры!
Думаю, што калі б сённяшняе Божае слова, якое толькі што прагучала, перакласці у форму песні, то напэўна галоўным словам у прыпеве было б слова «любоў». Гэта не выпадкова, бо кожны раз, калі да нас прамаўляе Бог, Ён гаворыць пра самае важнае ў жыцці. А ў тым, што любоў — гэта самае галоўнае у жыцці, напэўна, нікога не трэба пераконваць. Людзі ва ўсе эпохі, у большай ці меншай ступені, але заўсёды адчувалі гэта. Дастаткова ўзгадаць, колькі за ўсю гісторыю на тэму любові было створана шэдэўраў у літаратуры, музыцы, жывапісе, кіно… Няма такога чалавека, які б мог адчуваць сябе шчаслівым без любові. Кожны імкнецца спазнаць яе, адчуць, а таксама навучыцца любіць. Кожны, тым ці іншым шляхам, імкнецца да любові.
Але адкуль у кожнага з нас з’явілася вось гэтае непераадольнае імкненне да любові? Чаму сэрца кожнага чалавека хоча ўдзельнічаць у разнастайных праявах любові: у бацькоўскай любові, у сужэнскім каханні, у сяброўскай любові ці нават патрыятычнай? Дык вось, адказы на гэтыя пытанні трэба шукаць там, у самых вытоках, калі чалавек толькі-толькі з’явіўся на гэтым свеце.
Калі Апостал Ян гаворыць гэтыя простыя словы: «Бог ёсць Любоў», — ён, вядома, мае на ўвазе менавіта таго самага Бога Стварыцеля, які стварыў і нашае чалавечае сэрца! Стварыў яго на свой вобраз і падабенства. Гэта значыць, што кожны з нас ужо ад пачатку нясе на сабе вось гэты цудоўны вобраз таго Бога, які ёсць Любоў. Таму нічога дзіўнага, што мы недзе ў глыбіні, больш ці менш выразна, адчуваем, што не магчыма быць шчаслівымі без любові. Бо наша найглыбейшая сутнасць — гэта любоў.
Чалавек быў так прыгожа задуманы Богам, што, каб жыць у гармоніі, ён павінен мець любоў у трох накірунках: любоў да Бога, да іншага чалавека і да самаго сябе. Гэта быццам стол з трымя ножкамі. Што будзе, калі ад такога стала адпадзе адна з ножак? Стол не зможа нармальна стаяць. І, на жаль, у многіх з нас па пэўных прычынах «кульгае» любоў або да Бога, або да іншых людзей, або нават да самаго сябе. Менавіта ад такой вось бязладнасці часта і ўзнікаюць асабістыя людскія няшчасці.
Хрыстус добра ведае падобныя нашыя абмежаванасці. Ён ведае, што многім з нас далёка яшчэ да той « поўнай радасці», бо мы недзе згубілі свой першасны Божы вобраз. Радасць знікае менавіта тады, калі мы перастаём быць стварэннямі любячымі і любімымі. Вось чаму сёння Хрыстус прагне паказаць нам шлях вяртання да поўнай радасці: «Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай» (пар. Ян 15, 11).
Адной з самых распаўсюджаных праблемаў любові з’яўляецца эгаізм. Часам даводзіцца чуць наступныя словы: «Нашае сяброўства ці любоў слабее, бо ён або яна мяне больш не разумее». І тут можна прыйсці да высновы, што штосьці не так з нашай так званай любоўю! Напэўна, мы не ўмеем любіць, калі мяркуем, што любоў — гэта калі ад іншага чалавека мы ўвесь час нешта атрымліваем, напрыклад, разуменне, пахвалу, кампліменты.
Таму ўзнікае пытанне: як любіць па-сапраўднаму? І тут Хрыстус гаворыць не толькі гаворыць, што «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго» (пар. Ян 15, 12), але дае таксама канкрэтную мадэль любові, якая сапраўды зможа зрабіць нашую радасць поўнай. Як любіць?! Вось адказ: «Як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (пар. Ян 15, 12б–13).
А Хрыстус, які любіць нас з крыжа, на споведзі ці падчас Эўхарыстыі, не пытаецца, што Ён за гэтую любоў атрымае? Ён проста памірае за сваіх сяброў, уваскрасае і ўсцяж ідзе па жыцці з імі. Бо любіць. Робіць гэта для іх. Вось у чым заключаецца сакрэт любові сапраўднай, поўнай. Святы Францішак з Асізі, пазнаўшы гэты сакрэт, некалі прасіў Бога ў адной са сваіх малітваў:
Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,
каб не толькі прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,
каб не шукаў уласнай любові, а любіў іншых.
Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
хто не шукае свайго, той знаходзіць,
хто прабачае, таму будзе прабачана,
бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.
Дарагія браты і сёстры, цяпер мы з вамі перажываем велікодны перыяд, калі Касцёл чакае свята Пяцідзесятніцы (Спаслання Духа Святога). Не лёгка нам, слабым і часта абмежаваным сваімі эгаізмамі, навучыцца любіць вось так, паводле Хрыстовай мадэлі: аддаючы жыццё за сяброў, дзеля любові адмаўляючыся ад нейкіх сваіх інтарэсаў. Але Хрыстус не пакідае нас у гэтым змаганні сам-насам. Дух Святы, Суцяшальнік і Ажывіцель, з’яўляецца абяцанай нам дапамогай. Гэта Дух Святы дапаможа нам, як кажа Апостал Ян, быць «народжанымі з Бога і ведаць Бога».
Вось гэта і ёсць адраджэнне ў Духу Святым, калі мы ізноў станем такімі, якімі Бог стварыў нас напачатку — любячымі і любімымі! Тады радасць Хрыстовая ў Духу Святым будзе ў нас поўнаю. Амэн.
Айцец Андрэй Квяцінскі OFMCap