Пошук

24.04.2009 15:06  

Вы — сведкі гэтага. Вы сведкі Маей смерці і ўваскрасення. Вы сведкі Добрай Навіны, вы сведкі прабачэння грахоў. Гэтыя словы Хрыста адносяцца да апосталаў, непасрэдных і першых сведкаў збаўчых падзей, і аднолькава да кожнага хрысціяніна. Вы — сведкі. Гэта не ўспамін і не абяцанне, гэта цяперашні, актуальны факт. Гэта дар, які атрымліваем падчас хросту, і заданне, якое належыць выконваць усім жыццём.

Штогод урачыстасць Уваскрасення Хрыста выражае і адначасова ажыўляе тое, што для кожнага чалавека мае самае глыбокае значэнне.  Быць можа, само святкаванне з уласцівай яму руплівай і таму мітуслівай падрыхтоўкай забірае занадта шмат увагі, і нярэдка мы губляем найбольш каштоўную сутнасць збаўчых пасхальных падзей.

Уваскрослы Езус, прыйшоўшы да вучняў, абвяшчае: «Супакой вам». Гэта не пажаданне. Гэта фактычны плён Хрыстовай перамогі. Гэта тое, што Ён трывала ўносіць у нашае жыццё. Сучасныя значэнні словаў «супакой», «мір», здаецца, губляюць сваю далікатную і каштоўную сутнасць. Яны становяцца штодзённымі, звычайнымі, «выэксплуатаванымі», а таму пустымі, несапраўднымі.

Прыняць Хрыстовы супакой азначае адкрываць і рэалізоўваць першапачатковае значэнне гэтага дару ва ўласным сэрцы — месцы не для ўсіх адкрытым, але выключна важным для кожнай канкрэтнай асобы. Супакой — гэта не нейкая асаблівая знешняя прыкмета паводзінаў, спадарожнік лагоднасці і магчымай слабасці. Не. Супакой, які дае Езус, з'яўляецца гарантыяй упэўненасці і моцы. У такім значэнні супакой не перакрэслівае абавязак змагання.

Гэтае змаганне з'яўляецца не знешняй агрэсіяй, але няспыннай працай супраць уласных хцівасці, эгаізму, жадання панаваць над іншымі. Рэалізоўваць Хрыстовае пасланне супакою азначае непрымірыма клапаціцца пра знікненне абыякавасці, нянавісці, зайздрасці, ілжывасці, хамства, пагарды.

Супакой не з'яўляецца нечым стабільным, дадзенным аднойчы і назаўсёды. Пра яго трэба клапаціцца, пільнаваць. Адначасова супакой — гэта не мара, не бясконцая фікцыя. Ён з'яўляецца канкрэтным плёнам Хрыстовага крыжа. Крыжа, які, нягледзячы на сваю суровасць, нават бяздушнасць, перамог нянавісць, помсту, страх, смерць.

Мы — сведкі смерці і ўваскрасення Хрыста. І гэта не сухая, бясплённая тэорыя. Кожная няўдача, хвароба, складаны момант, непрыемная сітуацыя пытаюцца пра нашу веру ва ўваскрасенне Езуса. А калі сапраўды верым у Яго перамогу, то нішто не можа апраўдаць наш страх, недавер, хваляванне. Нават цяжар няўдач, здрады ці граху.

Людскія правіны не большыя за Божую міласэрнасць, калі разлічваем не на ўласныя сілы, не самі сябе апраўдваем, а прымаем Хрыстовы супакой і ў Яго шукаем дапамогі і апраўдання. Неаднойчы чалавечы эгаізм больш ахвотна прымае кары за свае правіны, чым Божае прабачэнне.

Нават у драматычных сітуацыях мы хочам заставацца самастойнымі, ні ад каго не залежаць, нават ад Бога. Але гэта маляваная, капрызная незалежнасць з’яўляецца найбольш трагічным падманам. Супакой вам. Няхай гэты запавет Хрыста вядзе нас да трывалага паяднання з Богам.

Айцец Алег Шэнда OFMCap
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа