Пошук

20.03.2009 20:27  

2 Кр 36, 14–16. 19–23
Пс 137 (136), 1–2. 3. 4–5. 6 (Р.: 6)
Эф 2, 4–10
Ян 3, 14–21

Дарагія браты і сёстры!
Калі прыгледзецца да ўсёй гісторыі знаёмства чалавека з Богам (а гісторыя гэта быццам пэўнай хронікай запісана на старонках Бібліі), то заўважым у гэтай гісторыі некаторыя асабліва важныя сустрэчы чалавека з Богам. Падчас такіх асаблівых сустрэч Бог адкрывае чалавеку пра сябе якую-небудзь чарговую таямніцу. І вось, што цікава, такія асаблівыя сустрэчы адбываліся звычайна на вяршыні нейкай гары.

У літаральным значэнні такімі горамі сустрэчы, аб’яўлення Бога чалавеку былі, напрыклад, гара Сінай, дзе Бог праз Майсея паказаў нам дарогу шчасця, дарогу дзесяці запаведзяў. Такой гарой сустрэчы была гара Табор, дзе Сын Божы паказаў, што чакае Яго і тых, хто ў Яго верыць, пасля ўваскрасення. Такой гарой, нарэшце, была таксама гара Галгофа, дзе Бог паказаў, што сапраўдная, поўная любоў — гэта ўміранне за іншага чалавека.

Сёння таксама можна сказаць, што Бог выводзіць нас разам з Нікадэмам на гару, дзе адкрывае нам самую вялікую таямніцу пра сябе. Адкрывае нам таксама самую радасную для нас таямніцу. Хтосьці можа здзівіцца, маўляў, якая ж тут гара? Нікадэм проста прыходзіць ноччу да Хрыста, і яны гутараць пра Бога, пра адраджэнне чалавека, пра перамену людскога жыцця на лепшае.

Дык вось, Хрыстус сказаў у гэтай размове такія словы, у якіх заключана вяршыня ўсяго, што да гэтай пары было пра Бога сказана на іншых горах: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (пар. Ян 3, 16). Гэта проста вяршыня Божай любові да чалавека. У пераносным сэнсе гэта самая высокая гара з усіх іншых.

«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае…» У гэтых словах Хрыста ключавым з’яўляецца слова «палюбіў». Таму нездарма Апостал Павел, які гэтыя словы добра ведаў і разумеў, потым пісаў у лісце да веруючых у горадзе Эфес: «Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові ПАЛЮБІЎ нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом».

Вось яны, гэтыя некалькі сказаў, у якіх таямнічым чынам заключана ўся Біблія — усё, што Бог на працягу стагоддзяў гаварыў чалавецтву. Вядомы італьянскі прапаведнік калісьці сказаў: «Калі Біблія з нямой кнігі перамяняецца ў жывы голас, з яе ўзносіцца крык, мацнейшы за шум марскога шторму — Бог ёсць Любоў!» Бог палюбіў чалавека да канца, Яго любоў падобная акіяну. Вось чаму гэтыя словы пра любоў Бога, якія сёння гучаць з вуснаў Езуса, з’яўляюцца пікам знаёмства чалавека з Богам!

Бог, каб расказаць нам аб сваёй любові, яшчэ на самым пачатку, калі нас ствараў, спецыяльна ўдыхнуў у нас свайго Духа, здольнага любіць. Нашае людское сэрца так Богам збудавана, што яно любіць. Любіць рознымі спосабамі, па-рознаму гэтую любоў праяўляючы. На пазнейшых этапах пасля стварэння Бог пачынае рознымі спосабамі гаварыць чалавеку пра сваю любоў. А чалавек, маючы сэрца, здольнае любіць, пачынае дзесьці ў глыбіні адказваць: «Божа, я ведаю, я разумею, пра што Ты!.. Я адчуваю, што такое Твая да мяне любоў, бо маё сэрца таксама кагосьці любіць». Вось, дарагія браты і сёстры, паглядзіце: Бог гаворыць чалавеку пра сябе на зразумелай для яго мове — на мове любові.

Калісьці Бог, пасылаючы да людзей са сваім словам прарокаў, таксама праз іх гаварыў вобразамі і параўнаннямі з людской любоў’ю. Вось, напрыклад, у прарока Осіі Бог параўноўвае сябе з бацькаю, які вучыць дзіцятка хадзіць, падымае яго да свайго твару, схіляецца да яго, каб пакарміць (пар. Ос 11, 1–4)

Іншай праявай Божай любові з’яўляецца таксама выхаваўчае пакаранне дзіцяці. «Пан карае, каго любіць, — гаворыцца ў Кнізе Прыпавесцяў, — як айцец сына, якога любіць» (пар. Прып 3, 12).

А ў словах прарока Ісаі Бог сваю любоў праўноўвае таксама да мацярынскай любові: «Ці ж можа жанчына забыць аб сваім дзіцяці, тая, якая любіць сына свайго ўлоння? Але нават калі б яна забылася, Я не забуду пра цябе» (пар. Іс 49, 15).

Мацярынская любоў — гэта як быццам сама прырода жанчыны, якая вынікае аднекуль з самай глыбіні жаночай істоты. Добрая маці любіць дзіця ўсёй істотаю, ажно «дрыжыць з любові». І нават калі б дзіця ўчыніла невядома якую страшную рэч, калі з плачам прыходзіць да маці, то першая яе рэакцыя — прытуліць, супакоіць. Вось яна, Божая любоў, якая нібыта ў люстэрку бачна ў любячым чалавечым сэрцы!

У Бібліі часам сустракаецца параўнанне Божай любові да чалавека з каханнем паміж мужчынам і жанчынай. Калі абраны народ, Ізраэль, пачынаў здраджваць свайму Богу з язычніцкімі ідаламі, адразу ж прыходзілі прарокі і рабілі амаль што скандал, выкрыкваючы, што Бог раўнівы. Толькі вось у Божай рэўнасці ёсць адна рыса, якой, на жаль, часта няма ў рэўнасці людской. Бывае, што калі жонка адчуе пах чужых жаночых парфюмаў ад мужа, то адразу ў яе ўзнікае страх, што, мабыць, з’явілася нейкая прыгажэйшая, што муж можа кінуць яе.

Бог жа, калі раўнуе чалавека да ідалаў, якім той пачынае кланяцца, то не таму, што баіцца страціць свайго «паклонніка», але таму, што гэтыя ідалы могуць пагубіць чалавека, выкарыстаць яго і кінуць. Бог не за сябе баіцца, раўнуючы, але за чалавека. Таму ў гэтым сэнсе Божая любоў, як і Божая рэўнасць у адрозненні ад людской не мае ані ценю эгаізму.
     
Аднак, якія б не былі праявы людской любові, ці гэта тая ж бацькоўская любоў да дзіцяці, ці гэта сяброўская любоў, ці, нарэшце, любоў мужа да жонкі— усе гэтыя праявы любові ў нас, яны ад Бога. Таму, гледзячы на любоў Божую, мы бачым эталон, пэўны ідэал, як павінна выглядаць нашая людская любоў. Бо ў гэтым першакрыніца кожнай людской любові. І нават калі шукаем спосабы, як аздаравіць недахопы, нейкія балячкі нашай любові, трэба перш за ўсё паглядзець на гэты першавобраз Божай любові.

І вось тут даходзім да самай вяршыні ўсіх праяваў Божай любові да чалавека. Хрыстус выводзіць Нікадэма, а з ім і нас таксама вось на гэтую вяршыню. Пасля ўсяго, што Бог рабіў для чалавека на працягу гісторыі, Ён, нарэшце, настолькі палюбіў сваіх грэшных дзяцей, што не пашкадаваў нават Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто паверыць ў Яго, зберагчыся мог ад смерці вечнай!

Хтосьці, можа, скажа: «Ну, зразумела, я хачу ўратавацца, і ведаю, што для гэтага трэба верыць у Хрыста Збаўцу. І я веру, не адмаўляю ж я таго, што Ён існаваў, што быў добры і г. д.».

Але, каб сапраўды ўратавацца, каб сапраўды навучыцца любіць дасканала, ці дастаткова проста верыць ў існаванне Хрыста? Дык вось, калі ў Бібліі гучаць словы «верыць, паверыць», гэта азначае не толькі паверыць у Бога, а паверыць Богу, той любові, якую Ён рознымі спосабамі паказвае нам. Тое, што Бог ёсць Любоў, а таксама тое, што і нас стварыў на свой вобраз і падабенства, азначае, што ўратавацца мы зможам таксама толькі тады, калі зноў станем такімі, якімі Ён нас стварыў — любячымі.

Але з уласнага штодзённага жыцця мы добра ведаем, што гэтая наша любоў часта бывае такая «кульгавая», пакалечаная эгаізмам. Найчасцейшай праблемай у нашых адносінах бывае, як не дзіўна, тое, што дзесьці ў нас запраграмаваны няпоўны ідэал сапраўднай любові.

Многія перакананы ў тым, што любяць кагосьці тады, калі ад другой асобы атрымліваюць штосьці прыемнае для сябе. Муж часам думае, што кахае жонку тады, калі яна прыгожая, калі цэніць яго добрыя якасьці і прыкрывае вочы на недахопы. Але калі з’яўляюцца першыя прэтэнзіі, незадавальненні, тады тое, што калісьці называў каханнем, пачынае таяць, нібы сняжынка на далоні.

І тут Бог паказвае сваю любоў, якая з’яўляецца чымсьці большым, чым сняжынка на далоні, якая вытрымлівае нават высокія тэмпературы прэтэнзій, незадавальненняў. Бог хоча паказаць, навучыць нас любові трывалай. І таму Хрыстус узгадвае Нікадэму старажытную гісторыю пра тое, як, ідучы з Егіпта праз пустыню, габрэі пачалі да Бога і Майсея звяртацца з прэтэнзіямі, што завёў іх у пустыню, дзе няма ні хлеба, ні вады, а з ежы — толькі нейкая манна.

Тады Бог пакараў іх, спаслаў ядавітых змеяў, што забівалі іх. А калі тыя зразумелі свой грэх, пачалі прасіць Майсея заступіцца за іх перад Богам. Бог злітаваўся і сказаў Майсею зрабіць з медзі змея і памясціць яго на высокай жэрдзі. Тады кожны, хто паглядзеў на таго змея, уратаваўся ад смерці.

І вось Хрыстус сёння кажа Нікадэму: «Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае». Таму паглядзіце на крыж. Вось чаго дасягнула любоў Божая! На гэтым крыжы Хрыстовым адлюстроўваецца такая любоў да чалавека, што не шукае і не пытаецца: «А за што іх любіць?» А проста аддае жыццё за таго, каго любіць, за чалавека. Вось яна, поўная любоў! Даваць сябе, даваць жыццё… Нават за тых, каго любіць ужо няма за што!

Дарагія браты і сёстры, калі пачынаем адчуваць, што нас кусаюць змеі нашага эгаізму, нашых узаемных прэтэнзій, то час угледзецца вось сюды — на Любоў, якая памірае на крыжы.

Угледзецца ў тую Любоў, якая дае сябе, а не пытаецца: «Што я за гэта атрымаю? І вось менавіта такую любоў не растопіць ніводнае выпрабаванне. І не трэба баяцца пайсці за Хрыстом на тую самую важную гару, на Галгофу, дзе Бог паказаў, што сапраўдная, поўная любоў — гэта ўміранне за іншага чалавека. Як не парадаксальна гэта гучыць, але вось менавіта ў гэтым уміранні з сапраўднай любові і заключаецца найглыбейшая хрысціянская радасць.

Айцец Андрэй Квяцінскі OFMCap
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.