Дарагія браты і сёстры, так як і заўсёды ў нядзельнай літургіі, сёння Касцёл прапануе нам збор некалькіх фрагментаў Бібліі. І вось, звярніце ўвагу, што заўсёды нядзельныя чытанні нейкім чынам тэматычна паміж сабою звязаны. Больш за тое, чытанні гэтыя дзякуючы такому супастаўленнню таксама ўзаемна растлумачваюцца. Найчасцей, зразумела, мы можам бачыць, як прарочыя словы Старога Запавету здзяйсняюцца ў Запавеце Новым.
Сёння вось першае чытанне распавядае, як Бог выпрабоўвае вернасць Абрагама. Ён на гары ў краіне Морыя не пашкадаваў для Бога нават свайго ўмілаванага сына. Апошняе ж чытанне гаворыць пра перамяненне Хрыста на гары Табор. Там прагучалі словы Бога: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Такім чынам можна заўважыць некаторыя падабенствы паміж гэтымі падзеямі — на гары Морыя і на гары Табор, а потым таксама і на гары Кальварыі, дзе Бог прынёс у ахвяру за людзей Хрыста, бязвіннае Ягня. І гэта якраз і ёсць тая сітуацыя, калі бачым, як словы са Старога Запавету спаўняюцца ў Новым.
Выпрабаванне Абрагам вытрымаў з вялікай мужнасцю. Асабліва добра гэта зразумела, калі ўзяць пад увагу, якой вялікай каштоўнасцю быў для яго Ісаак. Гэта быў не проста сын! У Ісааку нібы заключаны быў увесь сэнс жыцця Абрагама, усе яго мары, планы на будучыню, усё, ад чаго залежала яго шчасце. І вось цяпер, уявіце сабе, Бог прыходзіць і кажа: «Аддай мне сваё шчасце, аддай тое, што для цябе з’яўляецца самым сэнсам жыцця!» Многія з нас, пачуўшы такое, можа, нават сказалі б, што не хочуць мець з такім Богам ніякага дачынення.
Гэта ж наколькі моцна Абрагам давяраў Богу! Верыў, што калі Ён ставіць такое цяжкое патрабаванне, то, відаць, ведае, што робіць, і ведае, навошта гэта. І вось менавіта на тое і было дадзена гэтае выпрабаванне, каб вызваліць, такім вось чынам праявіць у Абрагаме мужнасць і веру.
Анёл сказаў Абрагаму: «Цяпер я ведаю, што ты баішся Бога, і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне» (пар. Быц 22, 12). Што значыць, паводле Бібліі, «баяцца» Бога? Дык вось, гэтая боязь — гэта не панічны перапалох з-за магчымай Божай кары. Быць чалавекам богабаязным — гэта значыць настолькі лічыцца ў сваім жыцці з Богам, што нават не страшна паставіць на Бога ўсё, што ў жыцці маеш, нават сэнс таго ж жыцця!
І тут аказваецца, што Бог насамрэч не патрабуе чалавечай крыві, як пра гэта са страхам думалі многія язычнікі ў часы Абрагама. Богу патрэбны давер чалавека ў той час, калі вельмі баліць, а не сам людскі боль! Патрэбны давер.
Як жа часта перад чалавекам паўстае вось гэтая тайна, заключаная ў пытаннях: чаму Бог дапускае няшчасці, боль, смерць блізкіх? Чаму Бог часамі дапускае зруйнаванне нашых планаў? Ці Яму сапраўды патрэбна людское гора? Дык вось, Богу ад Абрагама патрэбны быў давер, а не яго сын. І толькі тады можна выйсці пераможцам з падобнай сітуацыі болю і цярпення, калі скажаш, як Абрагам: Божа, ты ведаеш, што робіш, няхай будзе так, як Ты хочаш.
Кожнаму без выключэння чалавеку патрэбна сіла, каб большыя ці меншыя цяжкасці пераадольваць мужна. Таму што немагчыма пражыць жыццё без цяжкасцяў. Патрэбна гэта і сучасным вучням Хрыста, і тым, што былі з ім падчас зямнога жыцця.
Хрыстус, завёўшы сваіх вучняў на гару Табор, пераследваў адну важную мэту — даць ім вось гэтую мужнасць, той давер, як у Абрагама. Там Ён паказаўся ім у сваёй хвале — такім, які будзе пасля ўваскрасення. Хрыстус добра ведаў, што хутка яны будуць глядзець на Яго прыніжанага, скатаванага і канаючага. І менавіта таму на гары Табор Ён паказаў сябе як Пераможцу, умілаванага Сына Божага, каб потым вучні маглі лепш зразумець тое, што адбываецца на Кальварыі.
Таму тое, праз што прайшлі Абрагам з Ісаакам, і вернасць, якую яны паказалі Богу, было як бы прадвесцем таго, праз што пройдзе сам Бог са сваім умілаваным Сынам. Было гэта таксама прадказаннем вернасці Бога, якую Ён праявіў у адносінах да чалавека.
Тут адбываецца таямнічы дыялог чалавека з Богам. Калісьці Абрагам пацвердзіў сваю вернасць, аддаючы Богу свайго адзінароднага сына, а цяпер Бог пацвярджае сваю вернасць чалавеку, аддаючы ў яго рукі свайго Адзінароднага: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
Святы Павел, аднак, у пасланні да Рымлянаў звяртае ўвагу і на істотную розніцу, якая ёсць паміж ахвярай-Ісаакам і Ахвярай-Езусам. «Той, хто ўласнага Сына не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас…»
Вось у чым розніца: Бог пашкадаваў любімага сына Абрагама, а свайго Умілаванага Сына правёў праз самае дно людскога болю і смерці. Так трэба было. Бог паслаў свайго Сына ў чалавечую смерць, каб чалавека забраць з яе — вырваць моцаю ўваскрасення! Сын Божы быў прынесены ў ахвяры на кальварыйскім алтары, дзе павінен быў быць прынесены ў ахвяру за свае грахі кожны з нас.
Хрыстус, як кажа Павел, заступаецца за нас і цяпер, будучы праваруч Айца. Усё гэта сведчыць аб тым, наколькі кожны з нас, людзей, каштоўны ў вачах Бога. Бо калі нават «уласнага Сына не пашкадаваў», каб нас уратаваць, то сапраўды Бог высока цэніць чалавека, нават грэшнага і слабога.
Таму ёсць добрая вестка ад Бога: «Не бойся ўсё у сваім жыцці паставіць на Мяне… Павер, Я цябе не пакрыўджу, бо дорага заплаціў за цябе — заплаціў сваім Сынам».