Распачаўся Вялікі пост. Для нашых суайчыннікаў, нават для тых, якія не асабліва турбуюць сябе далікатнымі нюансамі рэлігійнага жыцця, гэты перыяд з’яўляецца нейкім асаблівым. Можа, толькі інстынктыўна, але ўсё ж яскрава, яны адчуваюць важкасць гэтага часу. І сапраўды, час надзвычайны. Вартасць гэты выключны перыяд мае не сам па сабе, ягоная дзейсная асаблівасць раскрываецца толькі ў спалучэнні з тым, да чаго Вялікі пост вядзе, а менавіта — з таямніцамі Хрыстовай смерці і ўваскрасэння.
Гэтыя надзвычайныя падзеі з’яўляюцца жывым сэрцам хрысціянства. Гэта факты гісторыі, якія здарыліся аднойчы. У гэтых драматычных падзеях пачало біцца сэрца Касцёла, містычнага Хрыстовага Цела. З іх сваю моц і плённасць бяруць сакрамэнты. Гэта сумныя здарэнні, якія ўсё ж перамагаюць чалавечую трагедыю, чыняць чалавека здольным да новага, канчатковага паяднання з Богам.
Езус памёр і ўваскрос для ўсіх. Мы, кожны з нас, праз хрост становімся спадкаемцамі Хрыстовай перамогі. Гэта не толькі абрад ці заведзеная традыцыя, гэта дзейсны сакрамэнт, падчас якога мы паміраем у Хрысце, каб з Ім уваскрэснуць (пар. Рым 6, 4). Менавіта таму ў старажытнасці значэнне Вялікага посту асабліва падкрэслівалася для катэхуменаў, людзей, якія рыхтаваліся да прыняцця хрышчэння. У нашы часы гэтае значэнне перадвелікоднага пакаяння не згубіла сваёй актуальнасці, але, паколькі хрост дарослых людзей у нас з’яўляецца дастаткова рэдкай з’явай, стала менш відавочнай.
Вялікі пост — гэта перыяд, гэта шлях, які спалучае наш хрост са сваёй крыніцай і мэтай — уваскрашэннем. Першае чытанне з сённяшняй літургіі прыгадвае нам сімвалічнае значэнне водаў патопу. Гэта магутная стыхія, якая прынесла на зямлю спусташэнні і вынішчыла несправядлівасць, адначасова засталася бясшкоднай для праведнасці Ноя. У гэтай сцэне выяўляецца абяцанне знака запавету, які ўстанаўлівае Бог паміж сабою і чалавекам (пар. Быц 9, 12). Найбольш поўна і канчаткова гэта абяцанне здзейснілася ў Хрыстовым — новым, вечным запавеце. Езус, церпячы за грахі, справядлівы за несправядлівых, прывёў нас да Бога (пар. 1 П 3, 18). Шлях і кошт нашага падарожжа на сустрэчу з Богам з’яўляюцца зместам нашых велікапосных разважанняў.
Падзеі сённяшняга Евангелля адбываюцца непасрэдна пасля хросту Езуса ў рацэ Ярдан. Дух вывеў Яго ў пустыню (пар. Мк 1,12). Неаднойчы прычына, якая схіляе бацькоў прынесці дзіцяці ў касцёл на хрост, гэта клопат пра яго здароўе, пра паспяховасць і бяспечнасць яго жыцця. Але спадзяванні бацькоў рэдка бываюць заспакоеныя. Ці сапраўды хрост перамяняе дзіцяці ў здаровага, спакойнага, ці, як мы нярэдка кажам, добрага чалавека? Нягледзячы на тое, што хрост Езуса меў іншае значэнне, чым наша хрышчэнне, варта звярнуць увагу на тое, што ўсе цяжкасці, як мы гэта сабе ўяўляем, Яго жыцця распачаліся менавіта ад гэтага моманту.
Пустыня — гэта не нейкае камфортнае, спакойнае месца. Гэта прастора выжывання, змагання з выпрабаваннямі, з непрыяцелем, са смерцю. А адначасова пустыня — гэта вельмі прывычная геаграфічная прастора для жыхароў Палесціны. Прыняты намі хрост — гэта рашэнне ісці за Духам. І зусім не абавязкова, што Ён схавае нас у бяспечнае месца. Звычайна хрысціяне жывуць сярод іншых людзей. Не хаваюцца ад старонніх асобаў, не пазбягаюць жыццёвых клопатаў, наадварот — вырашаюць іх, змагаюцца, бяруць на сябе адказнасць. Жыццё, згоднае з Духам, не вядзе ва ўтульнае гняздо ці абжыты прытулак, яно праяўляецца гармоніяй неспадзяванак, смуткаў, радасцяў, захапленняў, расчаравання.
Евангеліст Марк не кажа нам дакладна, якім чынам сатана выпрабоўваў Езуса. Але, акрамя саракадзённага посту, усё навучанне Езуса сустракалася з няспынным выпрабаваннем у выглядзе недаверу, сумненняў, непрыняцця Яго вучэння. Неаднойчы Яму падказвалі быць іншым, менш радыкальным, больш адпавядаючым чалавечым стандартам і спадзяванням, каб адкупленне здзейсніў інакш, больш лагодным чынам…
Збаўленне стала для нас рэчаіснасцю не таму, што мы падказалі Езусу, як будзе лепш для нас, але таму, што Ён застаўся паслухмяным Айцу. Тое, што разбурыў Адам, Езус аднавіў, зноў злучыў. Хоць сённяшні аўтар Евангелля выразна не кажа пра перамогу Хрыста, усё ж ягонае «быў са звярамі і Анёлы служылі Яму» (пар. Мк 1, 13) ілюструе вернутую гармонію, якую раней разбурыў грэх.
Зместам прапаведавання Езуса з’яўляюцца словы: «Настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 15). Гэта аб’яўленне, якое адносіцца да кожнага з нас. Ужо сёння час адпаведны, выключны, час, які трэба выкарыстаць, час блізкай прысутнасці Бога. Гэта вестка, якая чакае Твайго адказу, чакае Твайго рашэння. Амэн.