Пошук

20.02.2009 17:21  
Іс 43, 18–19.21–22.24b–25
2 Кар 1, 18–22
Мк 2, 1–12


На працягу апошніх нядзель літургія Касцёла скіроўвае нашу ўвагу на Хрыста, які лечыць людскія хваробы, вызваляе ад злых духаў. Вось тыдзень назад, як памятаем, мы чулі пра ачышчэнне пракажонага. Яшчэ тыдзень раней было апавяданне пра аздараўленне цешчы Сымона. А сёння евангеліст Марк паказвае нам дынамічны вобраз — Хрыстус аздараўляе спаралізаванага чалавека.

Зразумела, кожная сустрэча Хрыста з такімі людзьмі, хворымі ці чымсьці зняволенымі, выяўляе нейкую асобную рысу Яго дзейнасці. Але ў вобразах гэтых можна таксама заўважыць і штосьці для іх супольнае. І вось гэтае супольнае для ўсіх Хрыстовых вызваленняў і аздараўленняў выражаецца ў прадказанні прарока Ісаі, якое тут толькі што прагучала. Прарок Ісая казаў ад імя Бога: «Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно» (пар. Іс 43, 18). Хрыстус гэтае прадказанне споўніў і ўсцяж спаўняе, чыніць людское жыццё новым, іншым. Таму і для спаралізаванага, прынесенага да Хрыста, таксама распачынаецца зусім іншае, можна сказаць, новае жыццё. Бо душа вызвалена ад грахоў, а цела — ад хваробы.

Але ў гэтым эпізодзе з сённяшняга Евангелля ёсць яшчэ адна акалічнасць, на якую варта звярнуць ўвагу. Гэта постаці тых чатырох асобаў, якія прынеслі хворага. Не ведаем дакладна, ці былі яны сваякамі, ці проста сябрамі спралізаванага. Але, без сумнення, любоў іх сапраўды вялікая. Бо, калі яны разбіралі страху, напэўна, рэакцыі людзей з натоўпу ці гаспадара таго дому былі для іх яшчэ адной цяжкасцю. Але сапраўдная любоў большая за страх перад кпінамі ці ўласным цярпеннем. Вялікая любоў да блізкага чалавека сапраўды можа зрабіць нас здольнымі да вялікага подзвігу — пераадолець уласны эгаізм ці нейкія ўнутраныя страхі.

Яшчэ іншая вельмі важая рыса гэтых чатырох сяброў спралізаванага (так іх умоўна назавём) — гэта іх вера. Хрыстус, бачачы менавіта іх веру, даў гэтаму няшчаснаму новае жыццё. І не выключана, што хворы гэты мог быць паралізаваны нават у тым, каб папрасіць Бога аб дапамозе. Гэта вялікае шчасце для паралізаванага, што гэтыя чацвёра сапраўды паверылі ў моц Хрыста-Збаўцы.

Мае дарагія, вакол нас, у нашым сучасным грамадстве цяпер таксама мноства падобных паралітыкаў у духовым сэнсе – людзей, якія не толькі прыйці да Бога самастойна не могуць, але нават папрасціь ў Яго дапамогі яны не ў стане. Гэта людзі без веры, без традыцыі, без духовых каранёў. Гэта часта людзі, якія не могуць, напрыклад, пабудаваць нармальных адносінаў з іншымі.

Не спраўляюцца з залежнасцю ад алкаголя ці іншымі зняволеннямі. І менавіта ім патрэбен перш хтосьці, хто на гэтым першым этапе паверыць ў моц Хрыста-Збаўцы быццам за іх. Бо самі не могуць, яны спаралізавныя. І вось гэтая падзея, якая адбылася ў Кафарнауме, чарговы раз пацврджае, што тыя блізкія, якія поўныя любові і вераць Богу, могуць прывесці да ратунку нават тых, хто ўласнымі сіламі не можа дайсці да Бога.

Першай эфектыўнай нашай дапамогай духоўнаму паралітыку будзе, зразумела, малітва за яго. Але можна таксама паспрабаваць асцярожна падвесці яго самога да Хрыста, які лечыць скалечанае грахом людское сэрца.    
    
Нездарма рэфрэн псальма гучыць: «Вылечы мяне, бо я зграшыў перад Табою». Словы гэтыя выражаюць сціслую сувязь хваробы з грахом людскім. Амаль што кожны раз, калі сустракаем ў Бібліі месцы, дзе ўзгадваецца пра хваробу — ці гэта слепата ці нейкае калецтва, ці праказа, ці параліч, — то амаль заўсёды крыніца гэтай хваробы нейкім чынам звязана з людскім грахом. Альбо гэта асабісты грэх хворага альбо наступствы граху кагосьці іншага. Ужо ад першароднага граху хвароба быццам з’яўляецца яго спадарожніцай, яго матэрыяльным адлюстраваннем.

Такім чынам становіцца зразумела, чаму кожнаму аздараўленню, здзейсненаму Хрыстом, спадарожнічае вызваленне ад грахоў.  А гэта ўжо толькі і выключна Бог можа зрабіць. Бачым абурэнне кніжнікаў, маўляў: «Як гэта Ён мог сказаць такое!?: „Адпускаюцца табе грахі твае“!» Быць можа, і не было б у іх прэтэнзій, калі б Хрыстус быў проста лекарам, што лечыць толькі цела. Але Хрыстус, нягледзячы на небяспеку з боку кніжнікаў, выразна сцвярджае, што Ён — Збаўца, Ён сапраўды мае ўладу адпускаць грахі.

І гэта ўжо не проста павярхоўнае лячэнне хваробы – фізічнага адлюстравння граху. Хрыстос вызваляе з самой крыніцы хваробы – з граху. Ён не проста папраўляе чалавеку здароў’е, а дае новае жыццё, якое не скончыцца! Гэта і ёсць спаўненне слоў Ісаі: Вось Я чыню новае.

Мае дарагія, мы часта губляем вось гэтую свядомасць, ШТО сапраўды адбываецца з чалавекам падчас сакрамэнту споведзі. Улада адпушчэння грахоў, якая ад Хрыста перадаецца ў Касцёле з пакалення ў пакаленне святарам, мае тую ж самую эфектыўнасць. Хрыстус, калі адпускае грахі, то не толькі ачышчае чалавека з плямы, з гэтага вось духоўнага параліча — Ён дае новае жыццё!

Дарагія браты і сёстры, няхай жа сёння вось гэтае Евангелле абудзіць у нашых сэрцах удзячнасць за тых, хто калісьці нейкім чынам «прынёс» нас да Хрыста. За бацькоў нашых, хросных, можа, за сябра ці сяброўку, можа, за бабулю, што давяла нас калісьці да першай споведзі. Дзякуем Богу таксама за тых, хто проста нас часам падтрымлівае і заахвочвае прасіць у Хрыста жыцця новага.

А. Андрэй Квяцінскі OFMCap
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця