Пошук

13.02.2009 18:34  
Лев 13, 1–2. 44–46
1 Кар 10, 31–11, 1
Мк 1, 40–45


Наша сустрэча з дасягненнямі старажытнасці ў розных галінах неаднойчы выклікае ў нас захапленне. Дасягненні архітэктуры, пісьменніцтва, заканадаўства сталі помнікамі развіцця чалавечай думкі. У сённяшнім чытанні са Старога Запавету мы чуем аб правілах абыходжання з пракажоным чалавекам. Нягледзячы на сваю суровасць, нават бяздушнасць, аб’ектыўна прадпісаная адасобленасць носьбіта невядомых і невылечных тады хваробаў скуры была слушнай неабходнасцю.

Аднак, акрамя фізічных абмежаванняў, такі чалавек быў адначасова асуджаны маральна. У старажытнасці існавала перакананне, што кожная хвароба з’яўляецца наступствам або карай за асабістыя грахі, таму чалавек, хворы на праказу, лічыўся рытуальна нячыстым, а фізічны кантакт з ім «пляміў» іншую асобу.

Адсюль вынікаў абавязак хворай асобы весці самотнае жыццё, а пры набліжэнні іншых людзей ён павінен быў, папярэджваючы, крычаць: «Нячысты, нячысты!» (пар. Лев 13, 44). Калі б здарылася, што пракажоны парушаў бяспечную адлегласць, адганяць яго належала б, кідаючыся камянямі. Закон таксама прадпісваў, што, калі б усё ж адбылося аздараўленне пракажонага, то для атрымання дазволу на вяртанне ў нармальнае жыццё ў грамадстве трэба было звярнуцца да святара (пар. Лев 13, 1).

У евангельскай сцэне сустрэчы Месіі з пракажоным нашую ўвагу звяртае на сябе шчыры, цёплы, пазбаўлены фармальнасці падыход Езуса да іншай асобы. Ён зусім не звяртае ўвагі на магчымую для сябе небяспеку, Езус цалкам засяроджаны на пакутах хворай асобы. Няшчасце гэтага чалавека выклікаюць у Яго хваляванне, літасць, шчыры клопат: «Ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё» (пар. Мк 1, 44).

Езус аздараўляў натоўпы людзей, якія прыходзілі да Яго, нярэдка рабіў гэта на адлегласці, часам вяртаў здароўе нават непасрэдна не прысутным каля Яго, але ў сустрэчы з пракажоным Ён не толькі не прыбягае да абарончага жэсту кідання камянёў, але дазваляе хвораму наблізіцца да сябе і нават, нібы выходзячы яму насустрач, дакранаецца да яго. Адбываецца цуд аздараўлення, і асоба, якая сустрэлася з Езусам, вяртаецца ў нармальнае жыццё.

Хачу звярнуць увагу на тое, што гэта падзея небяспечнай сустрэчы Езуса з заразным хворым не мінула для Яго бясследна. Як гаворыцца ў Евангеллі, Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах (пар. Мк 1, 45). Гэты сказ падкрэслівае той факт, што аздараўленне пракажонага для Езуса мела свой канкрэтны кошт. Пасля гэтай падзеі Ён як бы часткова пераймае лёс «нячыстага», вымушаны быць здалёк, быць самотным у пустэльных мясцінах.

Езус не столькі лячыў праказу, колькі ратаваў чалавека. Не аздараўленне з’яўляецца найважнейшай падзеяй, але сустрэча самотнага чалавека з Богам. На жаль, у нашым рэлігійным жыцці мы часта звяртаемся да Бога як бы з пункту гледжання гандлёва-рынкавых адносінаў: каб у Бога нешта выпрасіць, каб атрымаць, каб мець. Не ўсведамляем, з Кім сустракаемся, да Каго дакранаемся, Хто прысутны сярод нас. Шчодрага Даўцу мы ператвараем у прыватную прыладу — атрымаўшы сваё, пакідаем Езуса самотным, нам непатрэбным…

Айцец Алег Шэнда OFMCap
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця