1 Кар 9, 16–19.22–23
Мк 1, 29–39
У сённяшнім Евангеллі св. Марк узгадвае чарговыя эпізоды публічнай дзейнасці Езуса. І гэтыя эпізоды — такія, як аздараўленне ці вызваленне ад злых духаў, — сведчаць пра тое, што Хрыстус прыйшоў на свет для ўсіх, каб усім абвяшчаць Божае Валадарства, сваё пасланне аб збаўленні.
Менавіта таму ў сваёй дзейнасці Езус не хоча абмяжоўвацца толькі Капернаумам, родным горадам св. Пятра, дзе Хрыстус учыніў шмат дабра. Ён кажа сваім вучням: «Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў» (пар. Мк 1, 38).
З гэтых словаў Хрыста можам зрабіць выснову, наколькі моцна Ён клапоціцца пра кожнага чалавека. Кожны чалавек для Яго каштоўны, бо дзеля кожнага з людзей Ён і прыйшоў у гэты свет.
Калі маем на ўвазе вось гэты клопат Хрыста пра ўсіх людзей, то таксама да Яго можна аднесці словы св. Паўла, якія кажа пра сябе: «Будучы вольным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш» (пар. 1 Кар 9, 19).
Сапраўды, служэнне Езуса можна параўнаць са службаю нявольніка, які няспынна, часта без ніякай платы, часта нават без звычайнай удзячнасці працуе для іншых. Хрыстус не разлічваў нават на ўдзячнасць ці на тое, што людзі Яго ацэняць належным чынам. Нават рашуча загадваў тым, каго аздаравіў, каб нікому пра гэта не распавядалі. Яго цікавіла не асабістая слава, але чалавек, якому патрэбна дапамога.
Можна таксама заўважыць, што Хрыстус клапоціцца і пра цела, і пра душу чалавека. Быць можа, Езус дзейнічае так таму, што праз аздароўленае цела чалавека хоча дайсці, дастукацца да людской душы.
У дзеяннях Езуса можна заўважыць вось гэтую ўпэўненасць, што дапамагаць трэба заўсёды кожнаму, каму гэта неабходна. Не дастаткова проста паляпаць па плячы, сказаць: «Ідзі, Бог цябе суцешыць», трэба суцешыць сапраўды і канкрэтна дапамагчы.
З гісторыі вядома таксама мноства людзей, якія гэты Хрыстовы клопат зрабілі галоўнай ідэяй свайго жыцця. Напрыклад, св. Францішак з Асізі, працуючы сярод пракажоных, св. Альберт Хмялёўскі, ствараючы прытулкі для бяздомных, ці Маці Тэрэза Калькуцкая, якая сваё жыццё прысвяціла служэнню абяздоленым хворым людзям.
Для ўсіх гэтых вучняў Хрыста было характэрна адно: яны не праходзілі абыякава міма людской нядолі. І яны падобным чынам, як і іх Настаўнік, менавіта праз дапамогу людскому целу ўплывалі на ацаленне душы.
У сённяшнім Евангеллі сустракаемся таксама з фактам выгнання Езусам злых духаў з людскога цела. І хоць датычыла гэта канкрэтных людзей, аднак факты гэтыя маюць нашмат глыбейшае значэнне. Сцэны са злымі духамі, на жаль, прыпамінаюць нам пра гэтую сумную рэчаіснасць, што на свеце многа ёсць людзей, якім таксама і сёння патрэбна падобнае ўздзеянне Хрыста.
Многім патрэбна вызваленне, можа, не столькі ад злых духаў, колькі ад слабасцяў, дрэнных звычак, знішчальных залежнасцяў. Езус сапраўды паказвае, што прыйшоў будаваць у людскіх сэрцах Божае Валадарства, каб пераканаць нарэшце чалавека, што няма і не будзе больш важнай справы ў жыцці, чым уратаванне яго несмяротнай душы.
Уратаванне гэтае пачынаецца ад вызвалення людской душы з-пад улады шатана. Менавіта таму Езус пачаў выганяць злых духаў, каб чалавек мог свабодна чыніць дабро і супрацьстаяць злу. Ад гэтага пачынаецца Божае Валадарства.
Хрыстус, які аздараўляў у Капернауме, прысутнічае таксама і тут, цяпер. Гэта значыць, што і цяпер Ён можа дзейнічаць у нас, калі мы Яму дазволім. Таксама і з нашых сэрцаў Ён можа выгнаць злых духаў — эгаізму, абыякавасці, ляноты, асабістых нашых дрэнных схільнасцяў ці любові да выгодаў.
На такое дзеянне Езуса чалавек павінен свабодна згадзіцца, выйсці гэтаму вызваленню насустрач. Трэба прыняць Хрыста, навярнуцца і пакаяццца. Вызваленне дзеля Валадарства Божага — гэта прыняцце ў нашыя сэрцы надзеі, якую Хрыстус жадае нам даць. Таму няма іншага шляху да свабоды і шчасця, як толькі поўнае навяртанне і безумоўны давер Хрысту, Яго слову. Амэн.