1 Kap 7, 29–31
Мк 1, 14–20
Дарагія сябры!
Напэўна, неаднойчы ў жыцці многім з нас даводзілася шкадаваць аб згубленых шансах і аб тым, што шмат дадзеных нам жыццёвых магчымасцяў мы проста ўпусцілі. Некаторыя людзі з горыччу потым гавораць, што "пражытага часу назад не вернеш". Бываюць жа такія моманты, калі чалавек, напрыклад, шкадуе, што занадта мала дзякаваў сваім бацькам, пакуль жылі, альбо занадта мала быў са сваімі дзецьмі, пакуль былі малыя. Вось у такія моманты вельмі хочацца вярнуцца ў той час, калі тыя магчымасці былі сучаснасцю. І ў такія менавіта моманты даводзіцца адчуць нашу бездапаможнасць перад бязлітаснымі законамі часу.
Калі ўважліва прыслухацца да слова, якое Бог дае нам сёння ў літургіі, то можна заўважыць, што ёсць, аднак, паратунак ад часу, які нейкім чынам асуджае нашае мінулае. Добрая Навіна, якую сёння чуем ад Бога, заключаецца якраз у тым, што час, пражыты намі на зямлі, зусім не абавязкова павінен стаць хронікай нявыкарыстаных шансаў. Час гэты, паводле Божага плану, павінен быць часам збаўлення. Бог з нашай асабістай зямной гісторыі хоча зрабіць пачатак Божага Валадарства ўжо тут і цяпер.
Звярніце увагу, сябры, што вось гэтае слова «час» гучыць у сённяшніх чытаннях асабліва выразна. Грэшнаму гораду Нініва дадзена было сорак дзён часу на навяртанне, св. Павел кажа Карынцянам, што заканчваецца час і мінае вобраз гэтага свету, і, нарэшце, сам Хрыстус гаворыць, што вось настаў час, калі наблізілася Валадарства Божае.
Усё гэта не выпадкова. Бог хоча, каб да нас дайшло нарэшце, што тут і цяпер трэба дзейнічаць па прынцыпу «альбо цяпер, альбо ніколі»! Кожная хвіліна жыцця — гэта шанс на любоў, шанс на дабрыню, шанс на здабыццё вечных скарбаў, якіх не будзем пазбаўлены нават у хвіліну смерці!
Часта ў размовах моладзь і людзі сярэдняга ўзросту на пытанні святара — «чаму не ходзіш у касцёл?», «чаму не стараешся памірыцца з мужам (ці жонкай)?» — адказваюць: «Вось пайду на пенсію, тады і буду мець час на гэтыя дробязі, а цяпер у мяне шмат важных справаў — трэба на жонку і дзяцей грошы зарабляць, трэба ў нядзелю перад тэлевізарам пагнісці, бо тыдзень быў цяжкі і г. д.». Як жа лёгка паддаемся мы ілюзіям ці нейкім апраўданням, што, маўляў, няма часу на дзяцей, на сяброў, што няма часу на Бога. Вось чаму святы Павел кажа сёння, каб тыя, хто мае жонак, былі як тыя, хто не мае, каб тыя, хто купляе, былі як тыя, хто не набывае.
Гэта, зразумела, не азначае, што не трэба клапаціцца пра свае штодзённыя патрэбы. Проста вось гэты час, адмераны нам на зямлі, дадзены перш за ўсё як магчымасць набліжэння да вечнага Валадарства Божага. Усё іншае — толькі дадатак, хоць і важны, але ўсяго дадатак.
Не ведаем дакладна, што думалі Сымон і Андрэй у момант, калі пачулі ад Хрыста «ідзіце за Мною», але ведаем затое, што яны адразу ж зрабілі — пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім. Але ж ім таксама, напэўна, давялося выбіраць паміж справай важнаю (рамяство, здабыванне хлеба) і справай найважнейшаю (паслухмянасць Хрысту). І вось, звярніце ўвагу, час прыняцця рашэння — гэта толькі момант. І для іх гэты момант стаў часам пачатку Валадарства Божага. Яны выбралі самае важнае, пакінуўшы дадаткі.
Таму, можа, варта ўжо цяпер, у гэты час і нам пакінуць дадаткі дзеля рэчаў больш істотных. Можа, замест гадзін, праведзеных каля новага аўтамабіля ці любімага серыяла, больш часу пасвяціць дзіцяці? Бо гэта больш звязана з Божым Валадарствам. Можа, замест таго, каб пасылаць дзіця на чарговы гурток вышывання ці танца, лепш ахвяравць тую гадзіну, каб прывесці яго на ўрок рэлігіі?
Вось такім чынам, сябры мае, бачым, што час нашага жыцця, так сапраўды, складаецца з момантаў выбару паміж рэчамі важнымі і найважнейшымі. І сёння Хрыстус з моцаю абвяшчае для нас, ШТО з'яўляецца справай найважнейшаю, а менавіта — Валадарства Божае, якое распачынаецца тут і цяпер. І не трэба баяцца, што час, прысвечаны Валадарству Хрыста ў нашым жыцці, з'яўляецца нейкай стратай часу. Наадварот, час, прысвечаны на любоў да Бога і бліжняга, — гэта якраз і ёсць уратаваны час. Пра такія моманты не давядзецца шкадаваць, што іх не вернеш. Амэн.