Іс 42, 1–4.6–7
Дз 10, 34–38
Мк 1, 6b–11
Сённяшняе свята Хросту Пана завяршае цыкл калядных святаў. І хоць галоўная ўрачыстасць — гэта, зразумела, Божае Нараджэнне, да калядных святаў адносяцца таксама і Аб’яўленне Пана (Тры Каралі), і Хрост Пана. Калі глыбей задумацца над таямніцамі, якія Бог нам пераказвае на працягу гэтых святаў, то можна заўважыць адну агульную для іх ідэю: Бог хоча пазнаёміць чалавека з самім сабою. Усе тры падзеі — Нараджэнне, Аб’яўленне і Хрост Пана — быццам адсланяюць перад чалавекам нейкі таямнічы занавес, за якім Бог быў раней скрыты. І пасля кожнай з гэтых трох адслонаў нам, людзям, дадзена магчымасць даведацца штосьці новае пра нашага Бога.
Нараджэнне — Бог прымае чалавечае цела, прымае канкрэтную постаць, якую можна заўважыць нашым чалавечым зрокам, пачуць слыхам. Палюбіць, нарэшце, звычайным чалавечым сэрцам так, як можам палюбіць малое безабароннае дзіця. Бог нібы хоча сказаць чалавеку: «Вось Я, цяпер табе лягчэй будзе заўважыць Мяне!»
Аб’яўленне — скончыўся час, калі пазнаванне Бога было выключнай прывілегіяй абранага народа. Бэтлеемская зорка паказвае шлях да Хрыста Збаўцы ўсім народам на зямлі, і кожнаму чалавеку. Язычніцкія мудрацы з усходу — гэта прадстаўнікі ўсіх народаў з усіх пакаленняў. Гэта ад нашага імя яны пайшлі ўбачыць Збаўцу і пакланіцца Яму. І ў іх атрымалася, яны сапраўды знайшлі Яго! Бог становіцца даступны кожнаму чалавеку, які шчыра Яго шукае.
І вось сёння перад намі паўстае вобраз Хросту Пана з рук Яна Хрысціцеля — чарговае адкрыццё Бога перад людзьмі. У гэтай сцэне бачым спаўненне старажытнага прароцтва пра Месію, што будзе Ён названы іменем Эммануэль — гэта значыць «Бог з намі». І вось Ярдан. Да Яна Хрысціцеля прыходзяць грэшнікі, якія вызнаюць яму грахі, хочуць пакаяцца і ачысціцца ад беззаконня, распачаць новае, іншае жыццё. І тут, у натоўпе грэшнікаў, стаіць Божы Сын. І не таму хоча прыняць ад Яна хрост, што хоча ачысціцца — бо Ён не мае на сабе ніводнага граху, — але таму, што Ён Эммануэль, «Бог з намі».
Тое, што Хрыстус становіцца сярод грэшнікаў на беразе Ярдана, працягваецца да сённяшняга дня. Прароцтва пра Эммануэля і цяпер здзяйсняецца. Бо кожнага з нас ахрысцілі ці ў дзяцінстве, ці ў сталым узросце. Ахрысцілі ў імя Святой Тройцы. І ад таго моманту, калі Хрыстус прымае хрост ад Яна, хрост вадою, Ён раз і назаўсёды заклікае Духа Святога ў гэтае абмыццё. Цяпер і прароцтва Яна Хрысціцеля спаўняецца. Ад таго моманту наш хрост адбываецца ўжо не толькі вадою, але і Духам Святым. Ён сапраўды стаў Эммануэлем — Богам, які заўсёды з намі.
Гэта мае рашучае значэнне і для сённяшняга жыцця кожнага з нас. Хрост, які ўдзяляў Ян, быў хростам пакаяння. Але калі б наш хрост абмяжоўваўся толькі пакаяннем, то гэта было б толькі паловай шчасця, якое Бог ахвяруе. Гэта ўсяго толькі пазбаўленне ад зла, ўчыненага намі.
Калі Хрыстус уваходзіць у Ярдан, то гэта не воды Яго ачышчаюць і асвячаюць, а Ён сам сваёй прысутнасцю сярод нас, грэшных, надзяляе нас сваёй святасцю — хрысціць нас Духам Святым на будучыню. Духам, які не толькі вызваляе ад грахоў здзейсненых, але дае таксама рэальную моц, каб у будучыні мы маглі жыць Божым жыццём. Паколькі Хрыстус згадзіўся стаць Братам для нас, грэшнікаў, то і падчас нашага хросту Бог гаворыць таксама нам: «Ты — сын Мой умілаваны…», «Ты — Мая ўмілаваная дачка…»
Такім чынам, трэцяя адслона калядных святаў абвяшчае з вялікай моцаю — Вы дзеці Бога! Вы — браты Хрыста! Бо нясеце ў сабе моц Духа Святога і цяпер сапраўды здольныя любіць і жыць вечным жыццём, якое не прамінае!
Сучасныя хрысціяне часта забываюцца пра тое, у чым заключаецца сэнс прыйсця ў чалавечую гісторыю Хрыста. Чаму мы аднаўляем абяцанні хросту, напрыклад, з нагоды хрышчэння або канфірмацыі сваіх дзяцей? Менавіта для таго, каб аднаўляць у сабе гэтую вялікую надзею і гонар, што мы сапраўды з'яўляемся дзецьмі Бога і можам прыняць Духа Святога, каб быў тым Жыватворцам, які ўжо цяпер распачынае нашу несмяротнасць!
І вось сёння святкуем Хрост Пана ў Ярдане — падзею, якая, з аднаго боку, замыкае адзін этап ў самаадкрывані Бога перад чалавекам, але, з іншага боку, распачынае новы этап. Тыя тры адкрыцці Хрыста — Нараджэнне, Аб’яўленне тром мудрацам і, нарэшце, Хрост Пана — гэта тры моцныя словы Бога, скіраваныя да чалавека. «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (пар. Гбр 1, 1–2).
Такім чынам Бог праз свайго Адзінароднага Сына распачаў новы дыялог з чалавекам. Бог прамовіў тры разы, і цяпер ў гэтым дыялогу прыйшла наша чарга даць Яму адказ. Толькі ці прызвычаіліся мы слухаць Яго слова да нас? Ці хапае ў нас адвагі прызнацца перад светам, што мы з Божага роду, што мы — сыны Ягоныя, браты Хрыста?
Дарагія браты і сёстры, у нашым жыцці непазбежныя нейкія клопаты, праблемы, часта і грахі нашы або нашых блізкіх. Менавіта ў такія моманты найбольш патрэбна смеласць, каб клікаць, запрашаць Хрыста на бераг нашага Ярдана. Каб Яго слова хрысціла нашае жыццё, каб Яго слова было сапраўды апошнім у нашых жыццёвых выбарах. Тады напрыканцы нашай зямной вандроўкі Бог распазнае нас і зноў паўторыць: «Ты — сын Мой умілаваны… дачка Мая ўмілаваная, цябе ўпадабаў Я». Амэн.