Сір 24, 1–2. 8–12
Эф 1, 3–6. 15–18
Ян 1, 1–18
Пачатку кожнага жаданага новага чалавечага жыцця спадарожнічаюць радасць, надзея, змешаныя з далікатным хваляваннем ці нават трывогай. Маладыя бацькі, асабліва пасля нараджэння першага дзіцяці, атуляюць нованароджанае малое старанным клопатам і нават можа крыху наіўнай гатоўнасцю заспакойваць самыя дробныя капрызы бездапаможнага дзіцяці.
Мама і тата, хоць не надта адважна, але з гонарам разважаюць, кім жа стане іх дзіця: можа, будзе кімсьці выключным, можа, здабудзе славу, дасягне нечага надзвычайнага ў сваім будучым дарослым жыцці. Хоць, з іншага боку, усё гэта для бацькоўскіх сэрцаў не так істотна. Сёння ён проста «наша маленькае дзіцяці», мы патрэбны яму, яно заахвочвае нас да працавітасці і руплівасці, мы маем для каго жыць, яно, наша маленькае стварэнне, выяўляе глыбейшы сэнс нашага адказнага бацькоўства.
Далікатны, бязвінны карапузік, які мірна пасапвае ў калысцы, імгненна здабывае сімпатыі і прыхільнасць дарослых і дзяцей. Можа, менавіта таму свята Божага Нараджэння для кожнага з нас з’яўляецца нечым блізкім, важным, цёплым, сваім, нават калі збаўчы характар гэтай падзеі для нас не зусім відавочны. Езус, сапраўдны Бог, стаў заўважальны для чалавека менавіта праз сваё нараджэнне бездапаможным чалавекам, і няпросты, нават містычны змест сённяшняга Евангелля паглыбляе нас у глыбокі сэнс нібы зусім звычайных для нас падзей гісторыі, а адначасова падзей выключных, непаўторных, збаўчых.
Тое немаўляці, якога сучаснікі Марыі і Юзафа бачылі ў бедных, сціплых яслях, з’яўляецца сапраўдным чалавекам, адным з мільярдаў і адначасова Ён — гэта Слова, якое было на пачатку. Ён не проста апярэджвае ўсё, што заўважае ці адчувае чалавек, але ўсё паўстала дзякуючы Яму, усё праз Яго сталася, Ён — Бог, які ёсць заўсёды. Ён — не проста нейкае абстрактнае, выпадковае ці сыходзячае з чалавечых вуснаў пустое слова, Ён — Слова, якое з’яўляецца Асобай.
Чакаючы свята Божага Нараджэння, мы самі пераканаліся, што на працягу доўгіх стагоддзяў Бог звяртаўся да чалавека праз голас цэлага шэрагу прарокаў, агучваў свае шматлікія словы, але ўсе яны былі нібы нечым часовым, няпоўным, незавершаным. Яны адсылалі нас у будучыню, якая, нарэшце, здзейснілася.
У Ім было жыццё. Не адзін чалавечы розум на працягу гісторыі імкнуўся спасцігнуць сэнс жыцця. Заўважальная для чалавечай натуры прысутнасць у свеце Езуса роўная магчымасці сустрэчы з крыніцай жыцця. Крыніца — гэта нешта не разбаўленае, не мутнае, не змененае абставінамі далёкага падарожжа.
Сам факт прысутнасці Збаўцы ў чалавечай долі пазбаўляе самую вялікую бяспеку чалавечага лёсу — смерць — знішчальнай здольнасці гасіць полымя жыцця. Нараджэнне Езуса Хрыста адсланяе раней скрыты сэнс быцця чалавекам, падобна як прыход у сям’ю дзіцяці радыкальна змяняе яе сітуацыю, адкрываючы практычную сутнасць мацярынства ці бацькоўства. Можна прачытаць безліч кніг пра тое, як належыць пражываць цяжарнасць, як дзяцей трэба карміць, выхоўваць, вучыць і г. д.
Пра ўсё гэта можна шмат ведаць, але маці ці бацька — гэта не тыя, хто ведае, але тыя, хто нараджае, корміць, прачынаецца ўначы, хвалюецца, адчувае бездапаможнасць у справе выхавання… Калі б хтосцьці сур’ёзна пастанавіў, то, можа, і здолеў бы, напрыклад, вывучыць на памяць вялізныя фрагменты Бібліі або пазнаць шматлікія багаслоўскія працы, ва ўсялякім выпадку мог бы даведацца пра Езуса і пра хрысціянства вельмі шмат, але калі ён не моліцца, калі Касцёл наведвае зрэдку, калі і сам Бог яму пакуль што ці нават увогуле не патрэбны, то ці сапраўднае яго жыццё, ці жыве ён увогуле?
А Слова стала Целам. Бог сапраўды стаў чалавекам. Цела — гэта не адна з частак, на якія часам ахвотна «разбіраюць» чалавека. У гэтым значэнні слова «цела» азначае менавіта ўсю асобу, якую можна ўбачыць, дакрануцца да яе, з якой можна ствараць адносіны, магчымыя для чалавека. Бог стаў адным з нас. Абяцанні сталі рэчаіснасцю. Адлегласць паміж Богам і чалавекам сапраўды паменшылася. Ён прыйшоў да сваіх.
Свае яго не прынялі. Гэта сумныя, нават драматычныя словы, якія ў святле прысутнасці ў свеце Збаўцы адкрываюць чалавечыя здольнасці і пашану Бога ў адносінах да нашых рашэнняў. Кожны з нас застаецца здольным не пачуць Божага слова, не адкрываць ці не прымаць адзінага сапраўднага сэнсу чалавечага жыцця, далей існаваць так, як і раней, нібы нічога выключнага ў гісторыі не адбылося.
Негледзячы на нашу абыякавасць і ляноту, Бог стаў чалавекам — гэта факт гісторыі. Ён прысутны ў нашым лёсе, поўны праўды, поўны ласкі, поўны вернасці. Вернасць Езуса падцвярджае Яго любоў да чалавека, любоў, якая не слабее, не расчароўваецца, не стамляецца. Гэта Любоў, якой варта даверыцца.
Айцец Алег Шэнда OFMCap