Пошук

28.11.2008 15:42  

Іс  63, 16–17.19; 64, 2–7
1 Кар 1, 3–9
Мк 13, 33–37

Калі прырода нясмела, нібы саромеючыся, хавае бязлікую шэрань позняй восені пад покрывам далікатнага, безбароннага снегу, у літургічным календары Касцёла распачынаецца перыяд Адвэнту, пара надыходу, час набліжэння.

Верагодна, мы звыкліся з тым, што дзень рэгулярна чаргуецца з ноччу, пасля нядзелі надыходзіць панядзелак ды чарговыя дні тыдня. Нязменна змяняюцца поры года і паўтараюцца тыя ж самыя дванаццаць месяцаў. Штогод вясной сеецца, прыходзіць восень — жнецца. Падобным чынам і ў Касцёле кожны год — Адвэнт, Божае Нараджэнне, Вялікі пост, велікодны час… Так, з года ў год, нібы ў коле...

Пакуль дазваляюць сілы, кожны чалавек, з меншай ці большай дбайнасцю, здольны трывала перасоўвацца па замкнутых дарожках жыццёвага стадыёну са звыклымі, раскатаннымі каляінамі і нязменнымі прыпынкамі: «аванс», «пасеўная», «ацяпляльны сезон», «Новы год», «8 сакавіка». Але ў гэтай прывычнай завядзёнцы непаўторна прамінае чалавечае жыццё, лёс кожнага з нас, твой лёс, Сябра. Паабапал замкнёнага кола таксама можна размясціць прыпынкі з больш высакароднымі назвамі: «Нараджэнне Пана», «Вялікдзень», «Усе Святыя».

Калі маё ці тваё жыццёвае падарожжа пазбаўлена адзінай сапраўднай мэты, калі не шукаем Асобы, якая набліжаецца, калі не чакаем Таго, Хто прыходзіць, у такім выпадку наша жыццё застаецца бязлікім і шэрым, стамляючым ды трагічна пустым. Неаднойчы знешнія праявы ветлівасці, культурнасці, адукаванасці ці рэлігійнасці з’яўляюцца ўсяго бялюткім і пушыстым, але падманлівым, першым восеньскім снегам, які, ашукваючы вока, засланяе ўнутраную беднасць і пустэчу.

Для ахрышчанай асобы жыццё з’яўляецца доўгім ды, зусім нярэдка, складаным і працавітым вандраваннем. На гэтым шляху кожны дзень ці чарговае заданне з’яўляюцца этапам, які трэба пераадольваць, перамагаць і імкнуцца далей. Гэта падарожжа, у якім удзельнічаюць прынамсі два героі — ты і Бог. Гэта гісторыя, якая вядзе да вызначанай мэты, да сустрэчы. Кожны чарговы момант не можа быць паўтарэннем папярэдняга, сённяшні дзень ужо ніколі не будзе ўчарашнім, сёлетні Адвэнт не той самы, што быў летась. Безумоўна вырашальнай і збаўчай у гісторыі чалавецтва была падзея прыйсця Хрыста на свет — уцелаўленне, але Адвэнт — гэта не толькі падрыхтоўка да ўспаміну, да ўрачыстасці Нараджэння Пана, але таксама чаканне Яго другога прыйсця, падрыхтоўка ды спадзяванне на асабістую і адначасова канчатковую сустрэчу з Богам.

Гэта час чакання, нашага творчага чакання, у якім адчуванне невядомасці і, быць можа, нават трывогі пераплятаецца з нецярплівасцю, якую агучыў прарок Ісая: «О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў, расталі б перад Табою горы». Або з упэўненасцю апостала Паўла: «Вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста». Адвэнт, які распачынаецца, не можа быць такім самым, як год назад, бо прамежак паміж табой і Богам змяніўся на трыста шэсцьдзесят шэсць дзён. Калі ты крочыў у добрым накірунку, то адлегласць паменшылася, Бог не мог не стаць больш канкрэтным, блізкім, знаёмым, дарагім.

Пытанне, якое такім чынам ставім на парозе Адвэнту, не столькі адносіцца да ўласцівага ці неўласцівага пражывання бліжэйшых перадсвяточных тыдняў, а хутчэй, засяроджвае нас на самым галоўным пытанні жыццёвага шляху кожнай чалавечай асобы, бо датычыць сэнсу нашага жыцця — канчатковай сустрэчы з Богам, якога чакаем штодзённа, усцяж, з года ў год. З уласцівай чалавеку нецярплівасцю, бадай, кожны з нас рупіўся б запытацца: калі гэта здарыцца? Літаральна некалькі радкоў фрагменту сёняшняга Евангелля з’яўляюцца адказам Езуса на падобнае пытанне вучняў. Дакладней кажучы, Езус не пакінуў адказу, не сказаў даты ці гадзіны, больш за тое, Ён нават падкрэсліў: «Не ведаеце, калі настане час той».

Ілюструючы нашу сітуацыю зямных пілігрымаў Езус расказвае прыпавесць пра гаспадара ў далёкім падарожжы. Быць можа, у першую чаргу нашу ўвагу прыцягне брамнік з вельмі выразным загадам — чуваць. Але варта таксама заўважыць, што, вырушаючы ў далёкую дарогу, гаспадар «даў кожнаму сваю працу». Дакладна — «кожнаму сваю». Ніхто не застаўся без задання, даручэння, абавязку. У адказе на пытанне пра сустрэчу з Богам цэнтральнае месца займае крыху загадкавае «чувайце». Яно адносіцца не толькі да брамніка, асноўным натуральным заданнем якога з’яўляецца чакаць, чуваць, гэта заданне, скіраванае да кожнага з нас. Агульны загад «чувайце» мае вельмі канкрэтны змест у кожным асобным чалавечым лёсе.

«Чувайце» — гэта не столькі стан нервовай бяссонніцы, неспакойна расплюшчаных вачэй ці трывожнае выглядванне за ваконныя шыбы. Хутчэй, «чувайце» — гэта сумленнае рэалізаванне чалавечага паклікання «пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі». «Чувайце» гучыць нібы: пражывайце жыццё, годнае чалавека, жыццё, якое не перакрэслівае творчасць і працавітасць, не пярэчыць адданасці і ахвярнасці. «Чувайце» — гэта заклік да актыўнасці і адказнасці, якія не пагаджаюцца на хітрыя ўцёкі ці пустую абыякавасць. «Чувайце» — гэта не чаканне заўтра са складзеннымі рукамі, а руплівае выкананне волі Гаспадара ўжо сёння. Сапраўды, мы не ведаем, калі вернецца гаспадар: ці ўвечары, ці апоўначы, ці раніцай. Калі заўсёды застаёмся вернымі даручаным заданням, то веданне дакладнай пары мае не настолькі вялікае значэнне.  Такім чынам, «чувайце» — гэта наша будзённае жыццё з абавязковай прыкметай: пражытае для Яго, для Таго, Каго ведаем і чакаем, пражытае ў верным чаканні Гаспадара.

Не ведаем, калі прыйдзе Гаспадар: увечары ці апоўначы, пры спеве пеўняў ці ўдзень. А, можа, Ён ужо прыйшоў? Чаканне, звязаннае з перыядам Адвэнту, заключае ў сабе гістарычнае ўцелаўленне Хрыста з Яго прыйсцем у хвале. Каб сустрэцца з Ім у будучым, трэба ведаць Яго цяпер, ведаць Яго асабіста — не з фільмаў або падручнікаў па рэлігіі, але з ўласнага вопыту. Ведаць, каб пазнаць, каб не памыліцца, каб сустрэць...

Руплівае паглыбленне ў цішыню малітвы не перашкодзіць заўважыць нават вельмі ціхія крокі дарагой Асобы, якая набліжаецца. Амэн.

Айцец Алег Шэнда OFMCap

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця