Пошук

20.01.2017 16:48  
«Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго».

Дарагія браты і сёстры!

Напэўна, шмат хто з нас задумваўся над пытаннем: кім для мяне з’яўляецца Бог? А паставіўшы перад сабою гэтае хвалюючае пытанне, мы нераз стараліся знайсці на яго аб’ектыўны адказ.

Часам нам здаецца, што адказ на гэтае пытанне мы добра ведаем, а іншы раз мы апынаемся ў разгубленых пошуках, асабліва, калі нешта перажываем, калі не можам убачыць і адчуць Бога, якога мы раней бачылі і адчувалі. Дык які Ён, наш Бог?

У розных людзей існуе розны падыход да разумення Бога. Кім Ён з’яўляецца? Для адных — Ён толькі гіпотэза, якая тлумачыць шмат з’яваў у жыцці чалавека і ў сусвеце наогул. Для іншых Бог — гэта далёкая рэчаіснасць, якая не мае істотнага ўплыву на нашае жыццё. І ў такой сітуацыі часта Бога трактуюць не больш як адну з планетаў сонечнай сістэмы, напрыклад, Марс.

Вядома, што планета Марс існуе, і яе можна бачыць пры дапамозе тэлескопа. На гэтую тэму можна шмат даведацца пры дапамозе падручнікаў, навуковых праграм, астранамічных даследаванняў ці энцыклапедый і г.д. Але мільёны людзей на зямным шары паміраюць наогул не ведаючы нічога пра Марс. І такіх людзей мала цікавіць пытанне ці ёсць жыццё на Марсе.

Для многіх Бог — гэта нейкая вельмі адлеглая рэчаіснасць, якая не мае ніякага ўплыву і дзеяння на чалавека. Яны толькі вераць, што Ён існуе. І больш нічога. Значна больш іх можа цікавіць сусед, які жыве побач, чым Бог і Яго таямніца.

А яшчэ для іншай катэгорыі людзей Бог — гэта штосьці накшталт сонца, а яны жывуць у яго бляску. Ведаюць вартасць святла і цяпла. І хоць могуць перажываць у сваім жыцці доўгія ночы і цемру, але свядомасць таго, што яны некалі дачакаюцца цёплага сонечнага надвор’я, дазваляе ім перамагчы буры і непагадзь. Такі падыход да Бога робіць веру жывой, дае чалавеку моц і святло. Але ўсё роўна ў такім разуменні Бог высока ў небе, а чалавек нізка на зямлі. Бог дзейнічае, нібы промні сонца, а чалавек жыве на зямлі і цешыцца гэтымі промнямі.

Пераломным момантам у развіцці веры з’яўляецца адкрыццё Бога ў супрацоўніцтве з Ім, з Яго ласкай. Ён блізка нас, поплеч, каб быць з намі ў нашым жыцці і супрацоўнічаць з намі. Такое адкрыццё веры з’яўляецца ў той момант, калі ўзнікае сітуацыя, якую мы не можам вырашыць уласнымі сіламі. Яна перарастае нашыя чалавечыя магчымасці. Заданне гэтае ўжо мною пастаўлена, а паколькі, па-людску кажучы, гэта немагчыма, то трэба выконваць гэтае складанае заданне з верай у тое, што Бог мне дапаможа і я ўсё рэалізую, як бы дзіўна і складана гэта не выглядала. Бо толькі разам з Ім можна выканаць заданне ў нашым жыцці, незалежна ад ступені складанасці.

Вось, напрыклад, калі чалавек хоча перанесці цяжкую бэльку, а сам не здольны яе падняць, то просіць Бога, каб узяў бэльку з другога канца. Верачы ў наяўнасць гэтай дапамогі, ён падымае бэльку і хоць не бачыць Бога, але дасканала адчувае, што Ён разам з ім нясе гэты цяжар. Гэта вобраз сяброўства. Бо сяброўства заўсёды звязана з супрацоўніцтвам і заўсёды гэтае супрацоўніцтва двухбаковае. Не паасобку, а разам. Сяброўства — гэта нешта накшталт марскога пяску, на якім бачныя чалавечыя сляды. Спачатку бачныя сляды двух людзей, а ў нейкі момант застаюцца сляды толькі аднаго чалавека. Сапраўдны сябар гатовы не толькі падтрымаць, але нават узяць на рукі. І ў жыцці кожнага з нас гэтым сапраўдным сябрам заўсёды з’яўляецца Бог, а таксама нашыя бліжнія, якія нас любяць.

Адзін святар ведаў маладую сям’ю, у якой было двое малых дзяцей. Сям’я гэтая ледзь зводзіла канцы з канцамі. Жылі вельмі бедна, таму чакалі, пакуль жонка выйдзе на працу пасля дэкрэтнага адпачынку. Праз нейкі момант стала вядома, што пад яе сэрцам заіснавала яшчэ адно жыццё. І ў сям’і адразу з’яўляецца страшная спакуса забіць гэтае жыццё, не даўшы яму нарадзіцца, — зрабіць аборт. Сям’я з болем і цяжкасцю перажывае тыя дні складаных выпрабаванняў і завяршаюцца яны канкрэтным рашэннем мужа, які сказаў жонцы: «Народзіш дзіця, пра астатняе паклапоціцца Бог».

Ад таго моманту прайшло нямала год. Сёння гэта шчаслівая сям’я. Якую часта можна ўбачыць разам. І муж часта ўспамінае гэтыя цяжкія моманты, кажучы: «Вельмі часта мы з жонкаю разважаем пра гэтую таямніцу, якой ужо пяць гадоў. Адбылося ў нашым жыцці за гэты час шмат новага. Усё перамянілася на лепшае. Мы пачалі апекавацца жанчынай у сталым узросце і за апеку над ёй атрымалі жыллё. Я сам змяніў працу і знайшоў вельмі шмат добрых сяброў, якія проста нас зразумелі і пастараліся нам дапамагчы. У жонкі таксама выдатная праца. Шчыра дзякуем за гэта Богу!» Калі святар пачуў гэтыя словы, то адказаў ім: «Прыняўшы гэтае дзіця, вы прынялі самога Бога ў сваё жыццё! І ад таго моманту Ён супрацоўнічае з вамі і з’яўляецца вашым найлепшым сябрам».

Дарагія браты і сёстры! Апосталы да моманту спаслання Духа Святога мелі шмат планаў і перспектываў. Але яны абапіраліся толькі на свае сілы і таму ўвесь час сядзелі поўныя боязі ў закрытым памяшканні. Гэта не было дрэнна, бо іх гэта яднала, але ўсё ж такі яны не маглі ў поўні выконваць сваю апостальскую місію. І толькі з таго моманту, калі даверылі свае сілы Богу, пачалі з Ім супрацоўнічаць, яны здзейснілі такія справы, ад якіх самі былі здзіўлены.

Для кожнага веруючага, для нас з вамі, Бог — гэта не гіпотэза, не рэчаіснасць, аддаленая, нібы Марс, гэта нават не сонца на небе, а ўсемагутны Сябар, дзякуючы якому мы можам зразумець, чым насамрэч з’яўляецца сяброўства і любоў. А зразумеўшы, будзем імкнуцца быць да Яго падобнымі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа