«Раскрыліся нябёсы і загучаў голас Айца: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняя
Нядзеля Хросту Пана з'яўляецца асаблівым аб'яўленнем Езуса Хрыста.
Прыгожае сведчанне некалі склаў Ян Хрысціцель, калі сказаў: «Я хрышчу
вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць
раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём».
У гэтым сведчанні апошняга прарока Старога Запавету заключалася глыбокая пакора і свядомасць. Хто з'яўляецца тым, каму ён не варты развязаць на сандалях раменьчык? Ян выдатна ведае, хто такі Езус, які прыйшоў прыняць ад яго хрост. Тым не менш сёння мы чуем словы: «Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?»
Ян разумее, што вось той Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету. Ян, які бачыць падыходзячага Езуса, аб'яўляе Яго сваім вучням і натоўпу, які яго акружаў і адразу пасля хросту сведчанне Яна Хрысцецеля, яго вера, становяцца падмацаваныя сведчаннем Бога, дзе аб'яўляецца Найсвяцейшая Тройца: «І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».
Дарагія! Езус, Які прымае хрост ад Яна, адкрывае перад намі важнасць гэтага сакрамэнту! Так як для Езуса гэтая падзея стала знакам распачацця яго місійнай дзейнасці, так для нас сакрамэнт хросту становіцца пачаткам новага жыцця ў Божай ласцы. Прыняўшы гэты сакрамэнт, мы сталі Божымі дзецьмі і гэты голас з нябёсаў, які мы сёння чуем у Евангеллі, становіцца звернутым таксама да нас, якія некалі прынялі сакрамэнт хросту: Ты сын, Ты дачка мая ўмілаваная.
І нашае жыццё з гэтага моманту цалкам змянілася. Паколькі, мы, прыняўшы хрост, з'яўляемся Божымі дзецьмі, то ўжо свабодныя ад першароднага граху і вырваныя з няволі зла. Хрост вызваляе нас з няволі граху і зла і робіць паўнапраўнымі грамадзянамі Божага Валадарства. Таксама з сакрамэнту хросту вынікаюць іншыя сакрамэнты, дары, харызматы і ласкі, якія мы атрымоўваем як хрысціяне.
Дарагія! Праз хрост мы ўваходзім у рэчаіснасць Божай любові. Яна — аснова нашага паклікання, якая грунтуецца на верным выкананні Божых запаведзяў. Апостал Павел заахвочвае, каб мы, адрокшыся зла, якое пануе ў свеце, жывучы разважліва, пабожна і цярпліва, чакалі шчаслівай надзеі: «З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста».
«Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я!» Гэтымі словамі сам Бог Айцец аб’яўляе нам пачатак месіянскай дзейнасці свайго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста. І гэтыя словы былі патрэбныя не Езусу, бо Ён ведаў кім з'яўляецца і дзеля чаго пасланы. Гэтыя словы адрасаваны Ізраэлітам, апосталам і вучням, а сёння гэтыя словы звернуты да нас. Не да безымяннага натоўпу, але да кожнага індывідуальна.
Айцец аб'яўляе місію свайго Сына, а як жа часта людзі, нават веруючыя, пярэчаць гэтай місіі, не бачаць у Езусе Збаўцы. Бог, Які розным чынам жадае ўвайсці ў жыццё кожнага чалавека і даць яму самога Сябе, вельмі часта сустракаецца з незразуменнем або пратэстам. Таму што чалавек сёння ўсё радзей і радзей шукае Бога і з-за гэтай прычыны ён не зацікаўлены Божым дарам і, як сумны вынік, не прымае гэтага аб'яўлення. Не жадае ўслухацца ў словы: Ты Мой Сын умілаваны — і ў іх таксама ўбачыць самога сябе. Вельмі цяжка бачыць, што столькі людзей уцякае ад Бога, ад Яго навышэйшага дару — Эўхарыстыі, ад Яго Любові і ў выніку ад вечнага жыцця.
Умілаваныя! Якімі ж неразважлівымі бываюць бацькі, калі кажуць, што не будуць хрысціць сваё дзіця, каб яно, калі падрасце, свядома і дабравольна само магло выбіраць. Падумайце, як жа можна не хацець для свайго дзіцяці дабра, духоўнага адраджэння, Божай ласкі, свабоды, якую дае прыналежнасць да Бога, каб быць Яго дзіцём. Чаму бацькі мыюць сваіх малых дзяцей, кормяць спецыяльнымі сумесямі і не чакаюць пакуль дзіця падрасце і пачне выбіраць, ці мыцца яму ці не, што лепш есці, а што піць.
Чаму бацькі, часцей за ўсё супраць волі сваіх дзяцей пасылаюць іх у школу, запісваюць на розныя гурткі ды факультатывы: на вакал ці танцы, інфарматыку ці спартыўныя секцыі? Чаму не чакаюць, пакуль іх дзіця само абярэ для сябе адпаведную адукацыю ці факультатыў. Як бачым, вельмі недарэчнай падаецца такая бацькоўская логіка.
Сёння мы яшчэ раз углядаемся ў таямніцу Хросту Пана і, хоць дасканала не можам спасцігнуць глыбіні Божай мудрасці, аднак самае галоўнае і неабходнае для нашага рузумення ўжо ёсць. Калі Езус прымае хрост, а ведаем, што Яму хрост не быў патрэбны, Ён гэта чыніць дзеля нас, каб мы паверылі, каб сведчанне Божага слова заахвоціла нас задумацца над нашым уласным Хростам.
У момант, калі мы яго прымалі, хутчэй за ўсё мы не былі ў стане сказаць Богу простае «Дзякуй».
Дык вось, мае дарагія, сённяшняе свята — гэта зручная нагода, каб шчыра падзякаваць Богу за наш уласны хрост, за нашых бацькоў і хросных, якія ад нашага імя адракліся ад зла і вызналі веру ў Бога і гэта вера Касцёла, у якой мы прынялі Хрост, адчыніла перад намі браму да вечнага жыцця. Хрыстус запрашае кожнага, хто перакрочыў гэту браму, да асаблівай Камуніі з Ім. Да еднасці і любові, да радасці і свабоды Божых дзяцей.
Дарагія! Перад намі перспектыва бязмежнай вечнасці, у якой мы маем магчымасць рэалізаваць тое, дзеля чаго нас стварыў Бог. Калісьці гэтая магчымасць была недасяжнай нават для праведнікаў і мудрацоў, якія жылі паводле сумлення, робячы дабро і паступаючы справядліва. Аднак дзякуючы заслугам Езуса Хрыста, дзякуючы таму, што Ён у сваёй любові нас збавіў, мы маем магчымасць удзельнічаць у радасці Божага Валадарства. І менавіта гэтую ласку нам дае сакрамэнт хросту.
Няхай сённяшняе свята Хросту Пана будзе для кожнага з нас добрай нагодай, каб ад усяго сэрца шчыра падзякаваць Богу за гэты каштоўны дар, якім з'яўляецца хрост, і Эўхарыстыя, у якой мы разам удзельнічаем і таксама іншыя сакрамэнты, дзякуючы якім мы ўзрастаем у любові і ласцы.
Няхай сённяшняе Божае слова, якое мы пачулі, абудзіць у нас прагненне аднаўлення тых абяцанняў, якія ад нашага імя далі калісьці нашыя бацькі і хросныя, ці можа нават мы, калі прымалі хрост будучы ўжо дарослымі. Памятайма, што ў Езусе Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі, а значыць словы, пачутыя намі ў Евангеллі, адрасаваны кожнаму з нас: Ты сын, ты дачка мая ўмілаваная, цябе Я ўпадабаў. Амэн.