«Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне» (Гал 4, 4-5).
Дарагія браты і сёстры!
Словы з сённяшняга другога чытання выдатна характарызуюць сённяшняю ўрачыстасць у гонар Багародзіцы Марыі. Яе асоба выразна ўпісана ў гісторыю збаўлення. Нават на старонках Старога Запавету ў кнізе Быцця (так званым Протаевангеллі) мы можам як бы здалёк заўважыць Найсвяцейшую Панну Марыю ў словах прароцтва, якое кажа пра яе. Гэта яна тая жанчына, якая знішчае галаву змея. Бо менавіта Яна з’яўляецца Маці, якая дала свету Збаўцу, Езуса Хрыста.
Сёння таксама першы дзень Новага 2017 года. Гэта чарговы год трэцяга тысячагоддзя хрысціянства і перад намі зноў вялікія перспектывы і магчымасці, планы, праекты, заданні і г.д. Сённяшняя ўрачыстасць скіроўвае нашую ўвагу на мацярынства, бо на пачатку кожнага жыцця заўсёды знаходзіцца маці. Усведамляючы вялікае значэнне гэтай праўды, Касцёл нездарма прысвячае першы дзень новага года — 1 студзеня — менавіта мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды 8 снежня 2000 года святы папа Ян Павел ІІ на Іспанскай плошчы ў Рыме прамовіў малітву, якую я сёння хачу паўтарыць:
«Беззаганная Марыя, узносім да Цябе нашыя позіркі і пакорна просім, падтрымлівай нас у змаганні з сіламі зла і ўмацоўвай нас на карысць дабра. Захавай нас у тваёй матчынай апецы, Дзева Святая і Прыгожая! Будзь нам успамогай, каб мы, увайшоўшы ў трэцяе тысячагоддзе, апрануліся ў пакору, дзякуючы якой ты, о Маці, стала выбранай перад вачыма Усемагутнага, які ўчыніў для Цябе вялікія рэчы. Няхай плёны новага года ў гэтым трэцім тысячагоддзі не будуць знішчаны».
Мінуў чарговы год трэцяга тысячагоддзя. Для кагосьці ён праляцеў хутка і незаўважна, а для кагосьці цягнуўся марудна і доўга. Аднак мінулы год не можа застацца толькі пустым успамінам, а новы год, які распачаўся, не можа быць толькі адным святкаваннем. Заўсёды на парозе новага года кожны з нас мае новы шанец даверыцца апецы той, якую сам Бог выбраў, каб яна стала на пачатку гісторыі збаўлення. Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас скарыстаў з магчымасці даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень новага года.
Умілаваныя! Кожнаму з нас варта сабе ўсвядоміць: нельга, каб феерверк навагодніх забаваў зацьміў нам праўду хрысціянскага жыцця. Вельмі добра, што мы святкуем новы год, што ўмеем весяліцца. Толькі ці ўмеем мы гэта рабіць па-Божаму. Плёны сапраўднай радасці застаюцца на доўгі час, а якія плёны застаюцца ў нашых сэрцах? Ці радуемся мы, калі сустракаем іншага чалавека, калі можам з ім паразмаўляць шчыра, сардэчна, павесяліцца ад душы. Задумаемся аб тым, што нас аб’ядноўвае і збліжае ў час гэтага свята: іншы чалавек, яго асоба ці штосьці іншае…
Варта задумацца яшчэ пра адну справу. Мінула ўжо больш за 2000 гадоў ад нараджэнна Валадара Спакою — Божага Сына, але чаму як у тыя часы, так і сёння на зямлі па-ранейшаму няма спакою? Чаму чалавек зноў і зноў паўтарае тыя самыя памылкі, чаму не хоча вучыцца на іх? Калі глядзіш навіны па тэлебачанні ці слухаеш радыё, ахоплівае жах: дзесьці стыхійныя бедствы пашкодзілі чалавечаму дабрабыту і пазбавілі людзей жыцця, яшчэ дзесьці тэракт з вялікай колькасцю ахвяраў, а дзесьці пагарджаюць правамі чалавека, вырашаючы за яго — жыць яму ці паміраць...
Мае дарагія, немагчыма нават пералічыць усёй несправядлівасці, якая існуе ў свеце. Нават няма сэнсу ўсё гэта пералічваць, бо несправядлівасці шмат. Віной усяму вялікая палітыка і няўменне весці дыялог так, каб панавала ўзаемаразуменне і ўпрагнёны спакой? Чаму няма спакою ў нашых сем'ях, у нашых дамах, у нас саміх? Хіба ж віной гэтаму таксама вялікая палітыка?
Няхай сённяшняя ўрачыстая літургія ў гонар Багародзіцы Марыі дапаможа нам у шуканні справядлівасці і спакою на парозе новага 2017 года. Каб нашыя сэрцы і нашыя сем’і напаўняліся Божай ласкай, а мы, на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі, ахвотна прымалі ўсё тое, чаго жадае ад нас Бог. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD