Пошук

17.11.2016 22:33  

“Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”.

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя ўрачыстасць Хрыста Валадара адкрывае нам Ягонае аблічча напрыканцы вякоў, калі Хрыстус прыйдзе з анёламі ў славе сваёй, каб судзіць жывых і памерлых.

Але Хрыстус з'яўляецца валадаром не толькі будучага свету. Ён – Валадар нашых сэрцаў тут і цяпер. У Евангеллі мы чуем просьбу, звернутую да Хрыста адным са злачынцаў, які перажыў навяртанне. Перад гэтым ён папракае іншага злачынцу ў тым, што той несправядліва выказваецца ў бок паміраючага Езуса, а потым звяртаецца да Яго са словамі мальбы: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства!” Езус выслухоўвае ягоную просьбу і з апошніх сілаў прамаўляе ўзрушаючыя словы: “Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі”. Інакш кажучы, Я забіраю Цябе сёння ў сваё Валадарства - кажа яму Хрыстус.

Дарагія! Ведаеце, кожны хрысціянін мае над сабою дзве ўлады: як грамадзянін ён падпарадкоўваецца ўладзе дзяржавы, у якой жыве, а як чалавек ахрышчаны падлягае ўладзе Касцёла. У асобных выпадках здараецца так, што рашэнне адной улады супярэчыць рашэнню іншай, а чалавек павінен выбраць штосьці адно. І ў сітуацыях, дзе нельга пайсці на кампраміс, вельмі цяжка зрабіць канкрэтны адказны крок.

Таму ў такіх канфліктных сітуацыях, каб выбар здзейсніць беспамылкова, існуе толькі адно выйсце, каб рашэнне было слушным і справядлівым. Трэба ўзяць пад увагу трэцюю ўладу. Бо насамрэч апрача грамадскай і рэлігійнай улады існуе Бог і Яноная ўлада. І толькі Яго патрабаванні і закон па-сапраўднаму слушныя і справядлівыя. Бог выконвае ўладу ў імя праўды.

Кожны, хто прымае рашэнне ў імя праўды, заўсёды паступае слушна, нягледзячы на тое, ці яго непасрэдная улада – свецкая або рэлігійная – вырашыць пакараць яго ці ўзнагародзіць.

Паглядзіце, дарагія браты і сёстры! Хрыстус таксама меў над сабою тры ўлады. Грамадскую ўладу прадстаўляў у Галілеі Ірад, у Юдэі - Пілат, а далёка ў Рыме - Тыберый. Другая ўлада была рэлігійная, і яе прадстаўнікамі былі ў Ерузалеме Каяфа з Сінедрыёнам. І калі Езус з гэтымі ўладамі меў канфлікт, абедзве яны падпісалі Яму смяротны прысуд. Аднак Езус да канца застаўся верны свайму Айцу. Чаму? Бо толькі гэтая ўлада заўсёды верная і справядлівая.

Умілаваныя! Вернасць праўдзе заўсёды робіць чалавека ўнутрана свабодным ад усялякай зямной улады, бо праўда пераўзыходзіць любую зямную ўладу. Толькі праўда можа насамрэч асуджаць або мілаваць, прысуджваць пакаранне або ад яго вызваляць. Калі б Каяфа і Пілат апраўдалі Хрыста, то ўмацавалі б сваю ўладу і ўзвысілі яе аўтарытэт. Паколькі яны гэтага не зрабілі, выдалі на Езуса несправядлівы прысуд, то сама праўда вякамі абвінавачвае іх і будзе надалей вінаваціць у вечнасці.

Кожная ўлада ведае, што аб вартасцях яе падуладных сведчыць узровень таго, наколькі гэтыя ж падуладныя любяць праўду. Ведае пра гэта нават тады, калі за абвяшчэнне праўды, якая ёй перашкаджае, яна нішчыць падуладнага. І, нягледзячы ні на што, вернасць падуладных праўдзе заўсёды знаходзіцца ў інтарэсе ўлады.

Вельмі часта кажуць, што ўлада мае ўплыў на падуладных, забываючы, што і яны падуладныя, маюць таксама на ўладу свой уплыў. А іх вернасць праўдзе ў стане так падзейнічаць на людзей, якія маюць нейкую ўладу, каб і ўладары лічыліся з праўдай. Вядомая рэч, што адзін у полі не воін, і таму адзінкі верных у праўдзе можна ігнараваць, але групы людзей, якія паважаюць праўду і жывуць паводле яе, нельга не заўважыць і да іх не прыслухацца. Такія людзі становяцца голасам сумлення ў грамадстве.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Варта нам заўважыць, што Хрыстус не заклікае ані Пілата, ані Каяфу да вернасці праўдзе. Ён толькі сведчыць перад імі, робячы пры гэтым націск на тое, што застанецца верным праўдзе, нават калі заплаціць за яе цаною свайго жыцця. “Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”.

Таксама, чытаючы Евангелле, мы не знойдзем ні адзінага выказвання Езуса, у якім Ён прапанаваў бы змену грамадскай або рэлігійнай улады. Езус ніколі не выступаў з заклікам да рэвалюцыі, хоць гэтага закліку многія чакалі. Сваёй паставай вернасці праўдзе Ён паўплываў на тых людзей, якія мелі ўладу, паўплываў шляхам асабістай любові да праўды. Сваёй паставай Езус прымусіў абудзіць сумленні многіх, а таксама стаў накірункам да павагі і вернасці праўдзе.

Дарагія! Пілат і Каяфа мелі самага каштоўнага падуладнага, які толькі мог быць на зямлі. А паколькі яны здрадзілі праўдзе, то выдалі Езуса на смерць. Але па-сапраўднаму гэта праўда выдала на іх прысуд. Там, дзе праўда парушаецца, там справа яшчэ канчаткова не закрыта, нават у такім выпадку, калі абаронца праўды губляе сваё жыццё. Бо апошняе слова належыць не ўладзе, але праўдзе.

Езус Хрыстус Валадар Сусвету кіруе светам у імя любові, судзіць свет у імя праўды. Таму Ён і толькі Ён з’яўляецца адзіным, справядлівым Уладаром Свету, які вучыць кожнага з нас быць верным праўдзе. Калі мы гэта прызнаем, калі ў сваім жыцці будзем імкнуцца быць вернымі праўдзе, то Хрыстус будзе Валадаром нашага сэрца і мы таксама пачуем Ягоны голас: “Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі”. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 05.11.2019 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця