Пошук

20.10.2016 22:11  

"Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка".

Дарагія браты і сёстры!

Апошнія радкі сённяшняга Евангелля прымушаюць нас яшчэ раз прыгледзецца і задумацца над уласным жыццём, учынкамі, паставай перад нашымі бліжнімі. “Хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца”. Як нам разумець гэтыя словы? Што значыць прыніжаць сябе і што значыць сябе ўзвышаць?

Дарагія! Над гэтымі словамі належыць разважаць у кантэксце вышэй узгаданай прыпавесці аб фарысеі і мытніку. Яна шмат чаго нам тлумачыць. Езус ставіць перад намі два вобразы: вобраз фарысея і вобраз мытніка. Давайце прыгледзімся да іх бліжэй.

Хто такі мытнік? Мытнік часоў Езуса Хрыста быў чалавекам, які збіраў падаткі ад свайго народа. Мытнікі працавалі на карысць пракуратара Юдэі, інакш кажучы, аддавалі гэтыя падаткі рымскім акупантам. Можам сабе ўявіць, як ставіўся просты народ да гэтых людзей. За такую працу іх лічылі здраднікамі і грэшнікамі. З імі не толькі ніхто не хацеў сябраваць, але, напэўна, было мала такіх, хто з імі размаўляў. Уявіце, што адчувалі гэтыя людзі, калі знаходзіліся ў асяроддзі свайго народа.

А вось з фарысеямі было па-іншаму. Гэта былі ўплывовыя людзі, аўтарытэтныя настаўнікі ізраэльскага народа, якіх паважалі і з якімі лічыліся. Яны скрупулёзна імкнуліся выконваць усе традыцыйныя прадпісанні, якія змяшчаў ў сабе закон Майсея, і патрабавалі гэтага ад іншых. Таму бачым, наколькі адрозніваліся яны між сабою: фарысей і мытнік.

У вачах людзей, якія знаходзіліся ў святыні, большай павагі заслугоўваў, канешне, фарысей, які ўжо толькі адным сваім відам рабіў уражанне глыбока духоўнай і маральнай асобы. Ніхто не смеў нават сумнявацца ў яго праведнасці. Іншая справа – мытнік. Тыя, хто яго бачыў, маглі задаць сабе пытанне: а што ён тут забыўся, здраднік, няхай хутчэй адсюль выходзіць.

Напэўна, да гэтага мытніка людзі ставіліся далёка не пазітыўна. І вось сапраўды дзіўная сцэна, якую сёння прадстаўляе Езус: у святыні фарысей і мытнік разам. Абодва сюды прыйшлі, каб памаліцца. Як адзін, так і другі прыйшлі, каб праз малітву звярнуцца да Бога. І, напэўна, для іншых людзей, якія прысутнічалі ў той момант у святыні, малітва фарысея, яго пануры твар такога дастойнага пакутніка, яго ўрачыстая вопратка стваралі атмасферу захаплення яго пабожнасцю, бачнай усім звонку, стваралася ўражанне, што толькі яго малітва прынятая Богам. А на мытніка, напэўна, ніхто і не зважаў. Можам сказаць, што мытнік быў персонай нон-грата ў святыні, дзе месца толькі пабожным і праведным. Калі да яго ў святыні варожа не адносіліся, то, напэўна, рабілі выгляд, што яго не заўважаюць.

Але Пан – справядлівы суддзя, які не зважае на асобы, пра што мы чулі ў першым чытанні. Чалавек бачыць і судзіць паводле знешняга, паводле таго, што бачыць і чуе, Бог жа ведае сэрца кожнага. І толькі Ягоны прысуд па-сапраўднаму справядлівы.

Калі прыгледзіцца да малітвы фарысея, то асабіста ў мяне складваецца ўражанне: ці яму наогул патрэбна было Божае прабачэнне? Я б яго малітву назваў малітвай самапраслаўлення: Божа, дзякую, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі і гэтак далей…

Ці такую малітву можна назваць шчырай малітвай удзячнасці? Мне здаецца, нельга. Гэта малітва ўзвышэння над іншымі людзьмі. У ёй фарысей хоча сказаць, што ён лепшы за іншых, і намагаецца падзякаваць Богу, толькі невядома за што, бо з яго слоў вынікае, што менавіта дзякуючы ўласным намаганням, выключна ўласнай працы над сабою ён такі выдатны, пабожны, паспяховы.

Затым да гэтай літаніі самапраслаўлення фарысей дадае, што ён посціцца два разы на тыдзень, дае дзесяціну з усяго, што набывае. Чым не прыклад для наследвання? Здаецца, што яму няма роўных ва ўсіх сферах жыцця: грамадскай, рэлігійнай, маральнай. Але гэтыя словы, якія прамовіў фарысей, насамрэч малітвай не з’яўляюцца. Хутчэй гэта антыпрыклад малітвы. Як нельга маліцца да Бога.

Дарагія! Паглядзіце, як моліцца мытнік. Ён усведамляе сваю грэшнасць. Гэтая свядомасць сваёй слабой чалавечай натуры, свядомасць віны супраць Бога і бліжняга не дазваляе мытніку нават вачэй падняць да неба. У яго няма аніводнага слова апраўдання ў свой адрас. Ён мог бы некаторыя свае ўчынкі пачаць апраўдваць перад Богам, спісваючы на жыццёвыя акалічнасці, нават, можа, меў бы і рацыю ў некаторых сітуацыях, але гэтага не ўчыніў.

Сапраўдная пакора, з якой прыступіў той мытнік да Бога, прымусіла яго з вялікай скрухай біць сябе ў грудзі, кажучы: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка. Інакш кажучы, мытнік усведамляе, што ў яго нічога няма ў сваё апраўданне. Адзінае, чаго ён патрабуе, дык гэта апраўдання ад самога Бога. Мытнік прагне Божага прабачэння. Заўважце, што толькі фарысей, у сваёй псеўдамалітве, параўноўвае сябе з іншымі людзьмі. Мытнік жа цалкам даручае сябе Божай міласэрнасці, нікога не крытыкуючы, ні з кім сябе не параўноўваючы. Таму менавіта ён і быў апраўданы перад Богам, а не фарысей.

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Божае слова вучыць нас быць пакорнымі ў жыцці, вучыць прызнавацца ў сваіх памылках. У гэтым і заключаецца сапраўднае прыніжэнне перад Богам: каб усвядоміць сваю людскую слабасць і адчуць неабходнасць Божага прабачэння. Не пералічваць перад Богам усе свае добрыя якасці, Ён і так без нас добра іх ведае, але прадставіць Яму тое, што патрабуе выпраўлення ў нашым жыцці. Толькі так мы здольныя атрымаць Божае прабачэнне. Заўважце, што фарысей з сённяшняй прыпавесці насамрэч не патрабаваў Божага прабачэння. Ён прыйшоў пахваліцца перад Богам сваімі жыццёвымі дасягненнямі, нічога больш. А сапраўднае прабачэнне патрэбна было толькі мытніку.

Таму няхай сённяшняе Божае слова і Эўхарыстыя дапамогуць нам адкрыць у сабе малітву мытніка, у якой мы адчуем патрэбу Божага прабачэння, каб кожны з нас мог таксама ў сваім сэрцы шчыра прамовіць: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка”. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.