"Дапамога мая ад Пана, які стварыў неба і зямлю".
Дарагія браты і сёстры!
У старажытным Ізраэлі вельмі клапаціліся аб удовах ці таксама сіротах. Гэта можна заўважыць, чытаючы Стары Запавет, напрыклад пяцікніжжа Майсея.
Напэўна, жанчына, якая заставалася без мужа, удава, мела патрэбу ў асаблівай апецы іншых людзей, найперш магутных і ўплывовых гэтага свету, бо самой жанчыне многіх жыццёвых справаў выканаць было не пад сілу. Магчыма, таму ў сённяшнім урыўку Евангелля Езус менавіта ўдаву ставіць у цэнтр сваёй прыпавесці. Давайце паразважаем, чаму.
Напэўна, Езус не хацеў сваім вучням яшчэ раз падкрэсліць грамадзянскі статус, які мелі ўдовы ў Ізраэлі. Вобраз гэтай удавы - гэта вобраз чалавека, які пастаянна трывае ў сваіх просьбах. Тут зноў жа ўзнікае кантраст: калі нясправядлівы суддзя вырашыў у рэшце рэшт абараніць бедную ўдаву, дапамагчы ёй у нейкіх жыццёва невырашальных справах, абараніць ад праціўніка, то тым больш як можа справядлівы Бог не пачуць трывалыя малітвы веруючага чалавека, які патрабуе Божай дапамогі і шчыра аб ёй просіць?
Таму тэмай сённяшняга Евангелля, безумоўна, з’яўляецца трываласць на малітве: бо заўсёды трэба маліцца і не падаць духам. Напэўна, усім нам добра вядомыя словы, якія некалі сказаў Езус. Яны выдатна ўпісваюцца ў кантэкст сённяшняга Евангелля: прасіце і атрымаеце, шукайце і знойдзіце, стукайце і адчыняць вам. Ці не сведчаць гэтыя словы пра трываласць для тых, хто моліцца?
Дарагія! Жывучы ў свеце, мы спазнаем столькі розных выпрабаванняў, цяжкасцяў, штомы ў нейкім сэнсе становімся падобнымі да ізраэльскага народа, які вёў войны з язычнікамі за абяцаную Богам зямлю. Напэўна, бываюць такія моманты ў жыцці кожнага з нас, калі становіцца так цяжка змагацца з паўсядзённымі праблемамі, так складана іх вырашаць, што ажно рукі апускаюцца. Чым больш праблем удалося вырашыць, тым больш з'явілася новых. Так, як у Майсея, пра што мы чулі ў першым чытанні.
Майсей падняўся на ўзгорак, каб прасіць Пана аб дапамозе ў змаганні супраць язычніцкага народа, супраць амалекіцянаў. Яго просьба выражалася ва ўзнятых угору руках. Гэта натуральны жэст просьбы, звернуты да Бога. Дзякуючы гэтаму жэсту ізраэльскае войска на чале з Езусам Навінам перамагала ворага. Калі Майсей апускаў рукі, перамагалі амалекіцяне.
Паглядзіце: па-першае, Майсей ідзе на гэты ўзгорак не адзін, разам з ім ідуць Аарон і Хур. І, калі Майсей не можа больш трымаць узнесеных угору рук, менавіта яны дапамагаюць яму, каб Бог пачуў і выслухаў іх просьбу аб перамозе, каб дапамог ізраэлітам у гэтай нялёгкай барацьбе. І падобнага роду трываласць паспрыяла таму, што Ізраэль усё-такі перамог. Не была гэтая барацьба лёгкай, але дзякуючы вытрымцы, стойкасці і, можа, нават упартасці перамога здзейснілася.
Па-другое: нам трэба падобным чынам дзейнічаць у сваім жыцці. Магчыма, нам здаецца, што мы не можам перамагчы нашыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі, нашыя праблемы і выклікі, якія ставіць перад намі сучасны свет, лёс, жыццё ці іншыя людзі. Аднак нам гэта толькі здаецца. Бог заўсёды побач, і адзінае, чаго нам не хапае - гэта паставы трываласці, асабліва трываласці ў веры, трываласці на малітве.
Як жа часта ў нас апускаюцца рукі, бывае мы іх не можам ужо ўзняць угору, а бывае, проста не хочам. Стаміліся - і ўсё: будзь што будзе… А бывае і так, што мы не хочам чыёйсьці дапамогі, нам хочацца самім узнімаць рукі, каб ніхто апроч нас не спазнаў перамогі. Але гэта немагчыма! Калі Майсею патрэбна была дапамога, то нам тым больш.
Вельмі важна, каб і ў кожнага з нас побач таксама былі такія людзі тыпу Аарона ці Хура, якія заўсёды здольныя нам дапамагчы ў самых розных сітуацыях, якія толькі могуць здарыцца ў нашым жыцці. Як кажуць, адзін у полі не воін, патрэбна супольнасць. І гэтую супольнасць ствараем мы, дарагія браты і сёстры.
Ці здольныя мы падтрымаць бліжняга ў складанай для яго сітуацыі? Ці здольныя ў духоўным і маральным сэнсе ўбачыць такога чалавека, можа, абяздоленага, гаротнага, які перажывае свой уласны канфлікт, але не мае сілы ўзняць угору рук? Ці здольныя яму дапамагчы, ці гэтага хочам, ці, можа, нам лягчэй павіснуць на яго руках, каб ён яшчэ і нас трымаў.
Напэўна, на гэтыя пытанні найлепш адкажа кожны ў сваім сэрцы. Бо, калі мы хочам лепш зразумець сябе, пачаць нешта змяняць у сваім жыцці, трэба распачынаць ад уласнага сэрца. Тады перамена будзе глыбокай і сапраўднай, а не выключна павярхоўнай. Нашая малітва будзе трывалай, калі ў сэрцы ёсць вера. Складаныя жыццёвыя сітуацыі таксама можна вырашыць, калі даверымся Богу, калі будзем больш давяраць Яго ўсемагутнасці, чым нашай слабасці і немачы. Калі будзем кіравацца такім прынцыпам даверу, то дакладна пераможам. Да ўсяго вышэй пералічанага належыць дадаць з нашага боку цярплівасць. Усё разам, напэўна, прынясе карысны плён дзеля нашай перамогі.
І яшчэ адно, мае дарагія: як сябар пазнаецца ў бядзе, так вера пазнаецца праз жыццёвы досвед і нашу ў ёй трываласць. Наша жыццё як акіян: сёння шціль, а заўтра можа быць бура. Нам трэба заўсёды быць падрыхтаванымі, каб складаныя жыццёвыя рэаліі не сустрэлі нас нечакана і каб мы з-за гэтага не былі збянтэжанымі. Святое Пісанне вучыць нас быць мудрымі ў жыцці. Мэта, якую кожны веруючы ставіць перад сабою, без сумніву - гэта збаўленне праз веру ў Езуса Хрыста.
Святы Павел у другім чытанні пералічвае плюсы і карысці, якія вынікаюць з пазнання Святога Пісання, якое натхніў сам Бог: што яно карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці. І ўсё гэта дзеля таго, каб быць дасканалым, каб крочыць менавіта тым шляхам, якім крочыў Езус Хрыстус, і на гэтым шляху быць трывалым.
Гэта значыць, калі я ўвайшоў на шлях малітвы і веры, то мне трэба гэтым шляхам крочыць да канца, не азіраючыся і не шукаючы іншых, лягчэйшых ці больш прыемных шляхоў. Бог зацікаўлены ў нашай перамозе на карысць веры, а ці зацікаўлены ў гэтым мы самі? Вось добрае пытанне, на якое карысна будзе кожнаму адказаць у святле сённяшняга Божага слова. А праблемы і складаныя жыццёвыя сітуацыі не толькі не перашкодзяць у адказе, але і дапамогуць стварыць сапраўды шчырую атмасферу ў пошуках праўды. Амэн.
Гамілія на ХХІХ Звычайную нядзелю, Год С (16 кастрычніка)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .