Пошук

29.09.2016 15:27  

«Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: “вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, — і яна б паслухалася вас».

Дарагія браты і сёстры!

Уважліва слухаючы або самастойна чытаючы Святое Пісанне, а менавіта Евангелле, можна звярнуць увагу на тое, што Езус неаднаразова крытыкуе апосталаў за недахоп веры ў іх жыцці. Прыгадаем хоць бы той момант, калі Езус крочыць па вадзе і загадвае Пятру да Яго падысці. Што адбываецца? Пётр, палохаючыся вялікіх хваляў і моцнага ветру, пачынае тануць, на што Езус працягвае яму сваю руку і кажа: «Чаму ты засумняваўся, чалавек малой веры?»

Або можам прыгадаць яшчэ адзін падобны момант, калі апосталы плылі ў чаўне падчас шторму. Яны ў роспачы будзілі свайго Настаўніка, каб той ратаваў іх, якія апынуліся ў сітуацыі блізкай гібелі. Як скончылася гэтая гісторыя, мы ўсе добра ведаем: Езус суцішыў лютую буру на Галілейскім возеры, а ў бок недаверлівых апосталаў скіраваў словы: «Чаго вы такія баязлівыя? Ці яшчэ не маеце веры?»

Шмат іншых сітуацый было, калі Езус папракаў сваіх вучняў у малаверстве. І гэта былі апосталы! Што тады казаць пра нас? Як бы сёння Езус мог ахарактарызаваць нашу з вамі веру? Напэўна, у Яго быў бы індывідуальны падыход да кожнага з нас і, магчыма, мы былі б здзіўленымі, а можа, і не…

Сёння ў Евангеллі можна заўважыць адну незвычайную рэч, а менавіта: апосталы звяртаюцца да Езуса, каб Ён дадаў ім веры. Напэўна, вы са мною згодныя, што гэта была мудрая просьба з боку апосталаў. Іншая справа, наколькі гэтая просьба была свядомай і з якой канкрэтна мэтай апосталы звярталіся да свайго Настаўніка аб памнажэнні гэтай цноты. Памятаем руплівасць сыноў Грома — Якуба і Яна, якія хацелі выклікаць агонь з неба, каб знішчыць негасцінных, упартых самаранаў; або калі паглядзім на тых семдзесят двух вучняў, якія радаваліся атрыманай ад Езуса ўладзе лячэння і выгнання злых духаў. Вера заўсёды звязана з учынкамі. Таму адзіным, хто ведаў інтэнцыю вучняў, быў Езус.

Апосталы пачынаюць усведамляць недахоп сваёй веры. Чаму? Бо яны бачаць канкрэтныя ўчынкі свайго Настаўніка і, параўноўваючы са сваімі ўчынкамі, прыходзяць да высновы, што веры ім ўсё ж такі не хапае. Яны пачынаюць разумець, што вера мае звышнатуральны характар і з’яўляецца Божым дарам. Гэтае адкрыццё і падштурхоўвае іх да просьбы аб узмацненні веры.

Паглядзіце, апосталы і вучні з увагай назіраюць за ўсімі цудамі, аздараўленнямі, якія здзяйсняе Езус, са здзіўленнем прымаюць тое, што Езус нейкага там сотніка ставіць прыкладам у веры: «Сапраўды кажу вам, — гаворыць Езус, — ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў большай веры». Магчыма, гэтае сцвярджэнне магло нават пакрыўдзіць апосталаў. Таму, напэўна, усё гэтае назіранне і прывяло іх у рэшце рэшт да патрэбы большай веры.

Толькі дасканала рэалізаваць гэтае памнажэнне веры вучні разам з апосталамі змаглі падчас Спаслання Духа Святога. У той момант яны па-сапраўднаму ўзмацніліся ў веры і пачалі ёю дзяліцца з іншымі. Яны ўжо не баяліся выходзіць са сваіх дамоў, каб паказаць свету вялікую Божую любоў і міласэрнасць. Яны сталі вестунамі Евангелля. А мы? Кім у плане веры з’яўляемся мы?

Умілаваныя! Разважаючы на тэму сённяшняга ўрыўку з Евангелля, а таксама назіраючы над апосталамі, аналізуючы іх паводзіны і жыццё, нам лягчэй зразумець саміх сябе, прынамсі пастарацца зразумець. На якім этапе свядомасці сваёй веры знаходзімся мы, на якім этапе знаходзіцца кожны з нас. Ці адчуваем мы патрэбу, якую адчувалі апосталы, калі звярталіся да Езуса?

Вера — гэта дар, дэпазіт якой мае кожны з нас. Толькі ці імкнёмся мы ўкладваць своеасаблівы ўласны капітал у нашу веру: нашы намаганні, старанні, канкрэтныя ўчынкі, каб з усяго гэтага атрымаць духоўныя дывідэнты? Асабліва самы галоўны. Ведаеце, які? Божае Валадарства.

Дарагія браты і сёстры! Напэўна, задаткі веры мае кожны чалавек на зямлі без выключэння, бо вера ўпісана ў натуру чалавека. Парадокс, але няма ў гэтым сэнсе няверуючых людзей. Кожны ў штосьці верыць: хтосьці ў свае сілы, хтосьці ў светлую будучыню, а хтосьці ў Хрыста і Яго Евангелле. Таму вера прысутнічае ў самой прыродзе чалавека і таму Езус яе параўноўвае з маленькім гарчычным зернем. Бо на пачатку гэтая вера малая, незаўважальная, але з цягам часу яе плёны нельга не заўважыць.

Толькі ў той момант, калі мы выбіраем праўдзівы шлях развіцця нашай веры, — толькі тады адбываецца яе ўзрастанне. Гэтае ўзрастанне нават больш залежыць ад Бога, чым ад нас. Ад нас залежыць, ці дазваляем мы Богу дзейнічаць на карысць нашай веры. Ці дазваляем Яму даваць гэтай нашай веры узрастанне. Калі так, то, можа, зараз той належны час, каб, сустрэўшыся з Езусам у Эўхарыстыі, разам з апосталамі ціха прамовіць: «Езу, дадай мне веры». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа