Пошук

27.05.2016 14:48  

“Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры”.

Дарагія браты і сёстры!

Уявіце сабе, як павінны былі здзівіць Езуса словы сотніка, прамоўленыя праз пасланцаў: “Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой”.

На першы погляд, звычайныя словы, якія мог прамовіць культурны і адукаваны чалавек. Але калі глыбей удумаемся і паразважаем, то, без сумніву, заўважым тое ж, што і Езус заўважыў. Словы гэтыя наскрось прасякнуты моцнай верай. Таму веру гэтага чалавека Езус ставіць усім у прыклад.

Магчыма, для ізраэльцаў гэта былі не самыя прыемныя словы, якія яны маглі пачуць ад Настаўніка. Аднак трэба заўважыць, што Хрыстус не хоча прынізіць свой народ. Ён толькі хоча паказаць, наколькі моцная вера гэтага чалавека, які просіць аб аздараўленні свайго слугі. Тое, што Езус у Ізраэлі не знайшоў такой вялікай веры, не значыць, што Ізраэль яе наогул не меў. Хрыстус жадае матываваць свой народ, каб прыклад сотніка паслужыў натхненнем да пошукаў і ўмацавання сваёй веры. І, заўважце, моцная вера прынесла шчодры плён: калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.

Дарагія! Гэтае евангельскае павучэнне Езус сёння скіроўвае да нас. Ён хоча, каб мы, якія лічым сябе людзьмі веруючымі, клапаціліся аб тым, каб наша вера была жывой. Такой жывой і дынамічнай, якой яна была ў доме сотніка з сённяшняга Евангелля.

Калі прыгледзецца да нашага жыцця ў веры, то ёсць шмат людзей, якія ў чымсьці падобныя да сотніка — а менавіта ў тым, што не прыходзяць на асабістую сустрэчу з Езусам. Толькі тут існуе адно вельмі істотнае адрозненне: мы вельмі часта не прыходзім у касцёл на нядзельную сустрэчу з Хрыстом, бо занятыя чымсьці вельмі важным, а бывае, проста нічым не занятыя, але нам не хочацца ісці, бывае, думаем, што кожную нядзелю амаль адно і тое ж, можа, толькі гамілія іншая. А гэтымі пасланцамі ў нашых сем’ях часта становяцца жонкі або дзеці, рэдка, але здараецца, што і мужчыны.

А зараз давайце прыгледзімся да асобы сотніка, які асабіста не прыйшоў да Езуса. Чаму ён не прыйшоў? Евангеліст Лука выразна адзначыў, што гэты чалаек не палічыў сябе вартым, каб асабіста турбаваць Настаўніка, не палічыў сябе вартым нават таго, каб Езус увайшоў у ягоны дом.

Звярніце ўвагу: гэта быў не бядняк, не звычайны селянін, а рымскі цэнтурыён, найвышэйшае ваеннае званне, якое мог атрымаць звычайны радавы салдат. Праца сотнікаў была вельмі адказнай, таму што яны кіравалі атрадам салдат і сачылі за парадкам і дысцыплінай, як сярод сябе ў сваіх шэрагах, так і ў грамадстве. Іх можна лічыць і вайскоўцамі, і міліцыяй адначасова. Дарэчы, Святое Пісанне паказвае вельмі шмат веруючых сотнікаў. Пераважна гэта былі мудрыя людзі, якія шмат чаго пабачылі ў сваім жыцці, сэрцы якіх былі адкрытыя на дзейнасць Духа Святога.

І сённяшнае Евангелле распавядае менавіта аб такім чалавеку. Яго вера была моцнай, таму што ён паставіў на першае месца не сваё высокае званне, не свой статус у грамадстве, не свой генеральскі аўтарытэт, але асобу Езуса. Напэўна, пра Езуса хадзілі чуткі, і сотнік шмат пра Яго чуў, можа, нават быў сам сведкам якогасьці цуду перад тым, як захварэў ягоны слуга, — у любым выпадку гэты чалавек скараецца перад Настаўнікам, адчувае сябе нявартым і шчыра моліцца аб выздараўленні хворага.

Вось такой у практыцы павінна быць наша вера, дарагія браты і сёстры. Каб мы, не зважаючы на сябе, цалкам даверыліся Езусу Хрысту. І не важна, якая ў нас адукацыя, якое званне, якія жыццёвыя дасягненні, самае важнае – гэта сэрца. Дзякуючы сэрцу мы здольныя любіць, прабачаць, аказваць міласэрнасць і, галоўнае, верыць і падпарадкоўваць сябе Божай волі.

Падчас кожнай святой Імшы мы паўтараем словы сотніка: “Вось Баранак Божы, вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету”, — і з верай, як некалі сотнік, адказваем: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая”. Калі суаднясём сённяшняе Евангелле са сваім жыццём, то ў веры мы імкнемся быць падобнымі да гэтага сотніка і просім Хрыста, каб сваёй ласкай Ён аздаравіў нашу душу, якая так часта хварэе.

Умілаваныя браты і сёстры! Няхай прыклад з сённяшняга Евангелля ўзмоцніць наша жаданне запрасіць Хрыста ў сваё жыццё. Калі мы сябе адчуем нявартымі ў Божых вачах, то гэтым самым зробім магчымым, каб Езус Хрыстус увайшоў у наша сэрца і ўдзяліў нам патрэбнае доўгачаканае аздараўленне. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.