Пошук

20.05.2016 15:48  

«Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы збіраемся каля алтара Пана, каб ушанаваць самую вялікую таямніцу нашай веры — Найсвяцейшую Тройцу. Першая нядзеля пасля Спаслання Духа Святога становіцца для нас зараз добрай нагодай, каб усвядоміць веліч Бога, які аб’явіўся і дзейнічае ў трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога. Айцец спасылае свайго Сына, каб Ён даў нам збаўленне, а Дух Святы абудзіў у нас веру, дзякуючы якой чалавек з даверам адкрываецца перад Богам і прымае Яго дар – жыццё вечнае.

Знак Святой Тройцы заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Калі мы распачынаем дзень, то распачынаем яго ў імя Святой Тройцы, робячы знак крыжа. Калі молімся, калі спажываем пасілак – робім тое ж самае. Можа, толькі часам не ўсведамляем гэтага або забываем.

У дары збаўлення Езус Хрыстус адкрывае нам намер Бога адносна свету і чалавека, і дзякуючы гэтаму адкрыццю мы можам лепш зразумець сябе, знайсці сэнс у жыцці, калі па-чалавечы гэтага сэнсу не бачым. Бог нікога не хоча асуджаць ці караць. Мэтай і жаданнем Бога з’яўляецца наша збаўленне. Дзеля гэтага Ён нам даў свайго Сына, каб у Ім мы мелі апраўданне. Таму нам не трэба баяцца Бога: Ён не хоча нас пакрыўдзіць, Ён ніколі не зробіць нам злога, не будзе помсціць, караць нас, нават калі меў бы да гэтага прычыны. Усё проста. Ён толькі хоча нас збавіць.

Але, дарагія браты і сёстры, мы таксама павінны жадаць гэтага збаўлення. Бог не будзе нас збаўляць насілу, супраць нашай волі. Нам трэба дазволіць Богу ўвайсці ў наш  жыццё, асабліва ў найбольш патаемныя яго закуткі, каб іх асвятліць і аздаравіць наша жыццё. Мы па сваёй натуры хочам быць шчаслівымі, таму вельмі часта шукаем у шчасця. І найбольш шчаслівымі мы будзем тады, калі прымем шчасце ад Бога, які ёсць Даўцам шчасця і яго Аўтарам. Важна толькі шукаць сапраўднага шчасця і шукаць яго там, дзе яно сапраўды ёсць.  

Бог лічыцца з кожнай чалавечай асобай і паважае волю кожнага з нас. Паглядзіце: калі мы кагосьці просім быць нашым сябрам або кагосьці любім, мы нібы выходзім насустрач гэтаму чалавеку, але не можам яго змусіць да сяброўства ці любові. Адказ залежыць ад гэтага канкрэтнага чалавека, да якога скіравана наша прыязнь ці любоў. А ўжо ці прыме ён наша сяброўства, ці стане нашым сябрам, ці палюбіць нас - гэта залежыць ад яго. Ад яго сэрца. Таксама і Бог. Ён не парушае прыватнасці чалавека. Толькі цярпліва чакае нашага адказу на сваё запрашэнне. Канешне, Бог хоча пазітыўнага адказу ад нас, нашай згоды, гэта зразумелая справа.

Бог дае чалавеку месца на свой уклад і ўдзел менавіта праз ВЕРУ. Наша вера – гэта абавязковая ўмова для нашага збаўлення. “Хто не паверыў, ужо асуджаны”. Заўважце, што асуджэнне, падобна як і збаўленне, з’яўляецца дынамічным працэсам, гэта значыць паступова развіваецца і пачынаецца ўжо тут, у зямным жыцці, калі чалавек робіць свядомы выбар: выбар Бога ці ісці па жыцці супраць Бога.

Асуджэнне – не што іншае, як выбар шляху супраць Бога, а збаўленне –гэта ўваход на Божую дарогу і крочанне ёю. Пакуль мы жывём у гэтым свеце, можам змяняць накірунак, дзякуючы нашай свабодзе можам рабіць свой выбар. Але гэта толькі пэўны час. Калі ўвойдзем у вечнасць, такой магчымасці у нас больш не будзе. Будзе толькі канчатковы накірунак, які мы выбралі. І ад гэтага вырашыцца наш лёс. Бог дае нам шмат падказак, але самае галоўнае, што Ён даў нам свайго Сына Езуса Хрыста і спаслаў свайго Духа, каб навучыць нас усёй праўдзе. Ён аб’явіў нам самую вялікую Таямніцу. Бог у трох Асобах. Айцец, Сын і Дух Святы. Каб крочыць дарогай збаўлення, трэба прыняць Божую любоў, трэба даць Богу адказ: я хачу быць з Табою, я жадаю крочыць за Табой, як бы цяжка ні было ў маім жыцці…

Вядома, падобны адказ патрабуе канкрэтных дзеянняў з нашага боку. У першую чаргу гэта паслухмянасць Богу, жыццё паводле Яго запаведзяў, паводле Евангелля Хрыста. Той, хто даверыўся Богу і аддаў Яму сваё жыццё, хто зрабіў Хрыста Панам свайго жыцця, хто мае шчырую ахвоту выконваць Божую волю – той крочыць шляхам, які вядзе да вечнага жыцця. І гэтае вечнае жыццё распачынаецца ўжо тут, на зямлі.

Мэта нашай веры – гэта прыняцце збаўчай ласкі Хрыста. І калі мы выбіраем Хрыста, то разам з гэтым згаджаемся на Яго кіраўніцтва, на тое, каб Ён нас вёў праз усё жыццё, а мы былі паслухмянымі Яго наказам. Па-іншаму гэта можна назваць пакліканнем да збаўлення. Дзеля гэтага прыйшоў Езус Хрыстус на зямлю, дзеля гэтага Ён аб’явіў Бога ў Тройцы Адзінага, веліч якога чалавек ніколі не зразумее, будзе толькі сузіраць хвалу Найсвяцейшай Тройцы ў вечнасці.

Дарагія, Езус прыйшоў на зямлю не каб асудзіць свет, а каб гэты свет быў збаўлены. Каб, як Айцец, Сын і Дух Святы ўтвараюць адно, так і мы былі адно, праз веру і любоў. Бо прыйдзе час, калі вера скончыцца, надзея споўніцца, застанецца толькі любоў. Спазняцца, марнаваць Божы дар збаўлення або адкладваць яго на пасля з нашага боку вельмі неразумна. Гэта тое ж самае, што пачынаць будаваць свой дом з даху. Не трэба празмерна хвалявацца, перажываць, палохацца адносна сваёй будучыні. Няважна, кім мы былі, важна, кім мы ёсць зараз і Хто з намі побач.

Калі мы пачалі даглядаць глебу нашага сэрца, калі ў ім Бог засеяў сваё слова, то, мае дарагія, клапаціцеся аб гэтым. Каб зерне Божага слова выдала плён у вашым сэрцы на жыццё вечнае. Гэта падобна як з нашымі гародчыкамі. Калі пэўны час стаіць спёка, гарачае надвор’е, што мы робім, калі няма доўгачаканага дожджыка? Ідзём і самі паліваем вадою градкі, затым праз нейкі час іх праполваем. Нам важна, каб тое, што мы пасадзілі, вырасла, а не змарнавалася. Так і ў нашым сэрцы. Трэба падобным чынам клапаціцца пра наш духоўны гародчык, каб тое, што засеяна Божай ласкай, выдала сторазовы плён.

У гэтым нам вельмі дапамагае дзейнасць Духа Святога. Ён з’яўляецца крыніцай ажыўлення нашай веры. Толькі дзякуючы Духу Святому кожны з нас можа сказаць “маім Панам ёсць Езус”. Менавіта Дух Святы аб’яўляе мне Божую волю, пераконвае аб праўдзе Евангелля, дае мне патрэбныя сілы, каб жыць паводле Божага слова. Вельмі часта мы не задумваемся, не ўсведамляем тое, што здзяйсняе ў нашым сэрцы Дух Святы. Як жа часта мы бываем закрытыя на Яго, не ўсведамляем Яго дзейнасць, а можа, нават не вельмі ведаем, што Ён існуе!

Так часта мы бываем бяссільнымі ў рэлігійным жыцці, бо не дазваляем, каб Дух Святы адкрыў нас праз веру на Езуса Хрыста. Найчасцей мы робім гэта не са злой волі, але з несвядомасці, проста не ведаючы, што так трэба. Таму вельмі важным заданнем Касцёла і кожнага з нас з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны аб збаўленні, якое Бог нам дае ў Езусе Хрысце. Называецца гэта евангелізацыяй: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога”. І для нас евангелізацыя – гэта сведчанне веры. Гэта жыццё, згоднае з тым, у што я веру і што вызнаю.

Дарагія браты і сёстры! Каб Божае слова прарасло ў нашых сэрцах і выдала багаты плён, належыць практыкаваць нашу веру, дазволіць ёй быць жывой і сапраўднай. А гэта таксама немалое намаганне з нашага боку і грунтоўная праца. Не можа быць водпуску, адпачынку, канікул ад веры. Гэта наша заданне на 24 гадзіны ў суткі. Калі жывём вераю, маем адначасова і надзею, і, канешне, любоў.

Бог нас любіць. Ён стварыў нас з любові, каб і мы навучыліся любіць, як Ён палюбіў нас і таму даў нам свайго Сына і спаслаў Духа Святога. З гэтай мэтай Бог дае нам людзей, якія патрабуюць нашага сэрца, нашай любові. А цяжкасці, перажыванні і балючы досвед, які нас можа напаткаць або ўжо напаткаў, дадзены нам дзеля таго, каб нашае сэрца было на ўзор сэрца Езуса. Узровень нашага духоўнага жыцця ў большай меры залежыць ад таго, наколькі мы здольныя адкрыць праўду аб тым,  кім ёсць Бог для нас. Вачыма сэрца трэба ўбачыць Усемагутнага Бога і ўсвядоміць, што Ён схіляецца перад кожным з нас, як любячы Айцец, і праз свайго Сына запрашае нас да сяброўскай прыязні, да любові. Пан Бог ніколі не перастае любіць чалавека. Любіць нас такімі, якімі мы ёсць. А сапраўдная любоў заўсёды звязана з цяперашняй хвілінай, як бы мінулае і будучыня не існуе. Ёсць толькі зараз. І таму той, хто не спазняецца з любоўю, хто ўмее любіць СЁННЯ, дакранаецца Найсвяцейшай Тройцы і вечнасці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа