Пошук

13.05.2016 14:41  

«Прыйдзі, Дух Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь сваёй любові».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Паўсюдны Касцёл узгадвае той урачысты момант, калі апосталы, сабраныя ў вячэрніку, атрымоўваюць абяцанне Айца — Духа Святога. Узброіўшыся моцаю з вышыні, яны ідуць у свет, каб занесці збаўленне ў самыя аддаленыя куткі зямлі. Каб усе народы спазналі міласэрнасць Бога.

Мы таксама, як Хрыстовыя вучні цяперашняга часу, з радасцю прагнем прыняць дары Духа Святога, каб выдатна выконваць Божую волю. Каб яе прачытаць у сваім жыцці і верна выканаць. Асабліва хочацца сёння паўтарыць словы святога Яна Паўла ІІ: «Няхай сыдзе Дух Твой! Няхай сыдзе Дух Твой! І адновіць аблічча зямлі — гэтай зямлі!»

Дарагія! Вельмі патрэбная для нас гэтая аднова ў Духу Святым. Для нашай зямлі, для нашых сем'яў, для кожнага з нас індывідуальна. На працягу велікоднага перыяду мы шмат разважалі аб еднасці, супакоі і радасці. Гэтыя цноты былі характэрнымі для першай супольнасці Касцёла, якую ажывіў Дух Святы. Сёння нам таксама патрэбныя гэтыя цноты, каб нашае жыццё мела ў сабе водар Хрыстовага збаўлення. Хрыстус Уваскрослы, які ўзыйшоў да Айца, дае нам Суцяшальніка, Духа Праўды, каб мы, трываючы ў еднасці, былі годныя тых дароў і абяцанняў, якія нам аб'явіў Езус Хрыстус.

Паколькі нам трэба заўсёды ўзрастаць у будаванні хрысціянскага жыцця, то нам вельмі важна свядома перажываць сённяшнюю ўрачыстасць, якая штогод прыносіць вялікія духоўныя плёны для супольнасці ўсяго Паўсюднага Касцёла. Гэта не проста гістарычны ўспамін тых далёкіх часоў, калі вучні спазналі ў сваім жыцці Спасланне Духа Святога. Гэта быў толькі пачатак, нараджэнне Касцёла. Сёння мы нанова спазнаём падзеі вячэрніка і, дзякуючы веры, адкрываем сэрцы на духоўныя скарбы Духа Святога.

Адным з такіх скарбаў з’яўляецца Божае слова, праз якое Бог дакранаецца да нашага сэрца. У гэтым духу варта прачытаць сённяшнюю літургію слова. Біблійныя чытанні, першае і другое, паказваюць нам вельмі важны аспект нашага жыцця, якім з'яўляецца еднасць. «Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам на адным месцы». Гэты аспект вельмі важны, бо на ім грунтуецца жыццё ўсёй касцёльнай супольнасці. Еднасць — гэта істотная рыса Касцёла. Першае чытанне падкрэслівае вялікае значэнне вячэрніка, калі між іншым Езус пакінуў Сябе ў Эўхарыстыі. Гэты самы вячэрнік, месца, дзе пануе еднасць Касцёла, — становіцца асаблівым месцам, куды сыходзіць Дух Святы ў постаці языкоў агню. «І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агню, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым».

Сёння месцам вячэрніка становіцца наша святыня, наша парафіяльная супольнасць, мы, якія прагнем умацавання ў Духу Святым. Мы хочам быць падрыхтаванымі да той місіі, якую пажадаў нам даць Бог, каб быць у сваім жыцці сведкамі Хрыста Уваскрослага. Не сумаваць і маркоціцца, як тыя, хто не мае надзеі. Таму сёння мы разам злучаемся ў вызнанні праўды, што Бог прысутны сярод нас, а мы трываем у Ім. Ён сам ажыўляе і натхняе нашу супольнасць, а мы да Яго прыходзім, каб з гэтага натхнення будаваць паводле веры сваё хрысціянскае жыццё. Таму еднасць у веры нам проста неабходная.

Наступны важны пункт сённяшняга Божага слова знаходзіцца ва ўрыўку Евангелля. Святы Ян кажа: «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана». Як бачым, для першай супольнасці Касцёла быў характэрны не толькі страх перад юдэямі, але перш за ўсё радасць ад сустрэчы з Езусам Хрыстом. Гэтая незвычайная сустрэча праганяла ўсялякую боязь, бо прысутнасць Езуса Хрыста стварала зусім іншую атмасферу, у якой прабывалі вучні. І кожная сустрэча з Хрыстом Уваскрослым прыносіць вучням вялікую радасць.

Перш за ўсё радасць выклікана тым, што сам Збаўца прысутны ў сваім Касцёле і што Ён з намі да канца свету. Ён нас не пакінуў, як сам сцвярджае: «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». І гэтая вестка напаўняе нас сёння радасцю, што ў Езусе Хрысце, Галаве містычнага Цела, якім з'яўляецца Касцёл, мы з'яднаны з Богам. Наш сённяшні ўдзел у Божым слове і ў Эўхарыстыі – гэта наш вячэрнік, дзе мы спазнаём блізкасць нашага Пана. Сёння той першы Касцёл, аб якім апавядаюць Дзеі Апосталаў, як таксама Касцёл, які стварае нашая парафіяльная супольнасць, перажывае радасць сустрэчы з прыйсця Пана. Сёння і на нашу супольнасць сыходзіць Дух Святы ў ціхім натхненні і дае нам гэтую глыбокую радасць, якую зараз перажываем у літургіі.

І яшчэ адзін аспект, на які варта звярнуць увагу, – гэта вобраз, праз які святы Павел параўноўвае жыццё Касцёла да містычнага Цела Езуса Хрыста: «Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам».

Усе мы ствараем еднасць у Езусе Хрысце праз Духа Святога. Таму варта пераапрануцца ў новага чалавека, адроджанага ў Хрысце, каб наша еднасць была сапраўднай і моцнай. Езус — сапраўдная дарога для кожнага хрысціяніна. Калі мы хочам быць сапраўднымі хрысціянамі, нам трэба крочыць гэтай дарогай, а каб крочыць, трэба быць рашучымі і станоўчымі. Мы не можам быць прахалоднымі, нам таксама нельга сцвярджаць, што святасць – гэта штосьці незвычайнае і не для нас. Мы пакліканы праз ласку да святасці, таму нам трэба адкрыць свае сэрцы Духу Святому, каб у сабе стварыць новага чалавека, які жыве не паводле цела, але паводле духу. Калі мы даверым наша духоўнае жыццё, ды і наогул усё наша зямное жыццё, ласцы Духа Святога, то, напэўна, Ён нас пакіруе правільным шляхам, учыніць так, што мы будзем вернымі і паслухмянымі голасу і наказам Пана. Гэтым духам жыў першы Касцёл, той жа дух пануе і ў нашай супольнасці зараз.

Умілаваныя! Апосталы, калі напоўніліся Духам Святым, пачалі размаўляць на розных мовах так, што іх выдатна разумелі парфяне і мідзяне, эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы. Сёння гэты дар Духа Святога развіўся ў Паўсюдным Касцёле, таму што ён, Касцёл, размаўляе на значна большай колькасці моваў, якія зараз цяжка і пералічыць. Дары Духа Святога заўсёды служаць дабру супольнасці Касцёла і асвячэнню кожнага верніка. Таму сёння з пакораю просім, каб Дух Святы, якога мы прагнем атрымаць, надзяліў нас патрэбнымі дарамі, асабліва дарам еднасці, супакою і сапраўднай хрысціянскай радасці, бо ўсё гэта паспрыяе памнажэнню цноты любові, якая займае цэнтральнае месца ў хрысціянскім жыцці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця