«Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною».
Дарагія браты і сёстры!
Нашыя сэрцы сёння напаўняе радасць, падобна як вучняў першых супольнасцяў Касцёла. Хрыстус уваскрослы, які прыносіць нам радасную вестку аб збаўленні, з'яўляецца прадметам нашай радасці. Літургія гэтай нядзелі прадстаўляе нашага Збаўцу як Добрага Пастыра, а нас як авечак Ягонага статку. Сёння мы чуем сведчанне самога Пана, які кажа: Я — добры пастыр і ведаю авечак Маіх, а Мае ведаюць Мяне.
Якая вялікая радасць ведаць Пана, слухаць Ягоны голас і ісці за Ім! Напэўна, падарожжа гэтае не з лёгкіх, але вартае таго, каб узяць на сябе ўсе цяжары гэтай вандроўкі. Паглядзіце сёння на верных вучняў Пана: Паўла і Барнабу. Яны прайшлі праз Пэргэ аж да Антыёхіі, дзе, знайшоўшы сінагогу, пачалі прапаведваць аб Езусе ў суботні дзень. Як чуем у першым чытанні, калі сабраныя разышліся, многія юдэі і пабожныя празеліты пайшлі следам за Паўлам і Барнабам, якія ў размове пераконвалі іх заставацца ў Божай ласцы. Плёны гэтых апостальскіх намаганняў мы бачым у наступную суботу: у гэты дзень слухаць слова Пана сабраўся амаль увесь горад.
Можам сабе ўявіць, дарагія браты і сёстры, наколькі руплівымі былі гэтыя Божыя пасланцы Павел і Барнаба, што за такі кароткі час сабралі ў імя Пана вялікі натоўп людзей, каб яшчэ больш наблізіць да іх сэрцаў пісанні, а менавіта тую праўду адносна Езуса Хрыста, якая ў гэтых пісаннях змяшчалася. Але не так было ўсё проста. Калі начальнікі сінагогі і прыбліжаныя да іх юдэі ўбачылі вялікі натоўп, які сабралі апосталы, іх пачала мучаць зайздрасць, яны пачалі не толькі пярэчыць усяму таму, што казаў Павел і Барнаба, але нават блюзнерыць. І пасля пераканаўчай адважнай прамовы Паўла і Барнабы ў язычніцкім асяроддзі запанавала радасць і супакой ад пазнання Пана, бо шмат людзей паверыла і Божае слова пачало пашырацца.
Нягледзячы на гэта, усё ж такі ўзнік пераслед апосталаў, бо юдэі падбухторылі пабожных і ўплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, распачалі ганенне на Паўла і Барнабу і выгналі іх са сваіх межаў. Яны не знайшлі годнага аргументу, каб быць адэкватнымі апанентамі Паўлу і Барнабу, і рашыліся на такі нізкі ўчынак. Нездарма кажуць, калі не хапае сілы аргументу, уваходзіць аргумент сілы. Гэтая прымаўка цалкам датычыць юдэяў з сённяшняга першага чытання.
Для нас жа, дарагія браты і сёстры, гэта відавочны знак таго, што чакае сапраўднага вучня Хрыста: выпрабаванне веры. Праз гэты нялёгкі жыццёвы досвед не толькі памнажаецца нашая вера, але дзякуючы нашай вернасці мы становімся апосталамі Божага слова і сведкамі Хрыста ўваскрослага. Нашае асяроддзе, у якім мы жывём, мае патрэбу ў такіх Паўлах і Барнабах сёння. Нашае заданне – сваім жыццём прамовіць аб Божай любові. А каб нашая прамова па жыцці была моцнай і пераканаўчай, нам трэба чэрпаць патэнцыял з Божага слова. Езус уваскрослы у сваім слове асвячае нашую штодзённасць, а ў Эўхарыстыі дае нам прадсмак вечнай славы.
Умілаваныя браты і сёстры! Як бачым з першага сённяшняга чытання, быць апосталам Пана – гэта ялікі гонар, гэта таксама адказнасць, але гэта і ўменне цярпліва зносіць выпрабаванні, якія Бог пасылае для нас. Пераслед за веру, несправядлівыя асуджэнні, паклёп, пагарда, насмешкі, ігнараванне, цяжкая хвароба, праблемныя адносіны, недахоп матэрыяльных сродкаў, дрэнныя звычкі, адчуванне пакінутасці і самотнасць, нялёгкая старасць, смерць блізкай асобы – гэтыя і падобныя цяжкасці падсцерагаюць нас амаль на кожным кроку ў нашым жыцці. Але калі мы перад абліччам гэтых выпрабаванняў акажамся вернымі Пану, то будзем падобнымі да таго натоўпу, які бачыў у сваёй візіі святы Ян: вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Ягнём, апранутыя ў белае адзенне і з пальмовымі галінкамі ў руках. Гэта былі тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску, абмыў адзенне сваё і выбеліў яго ў крыві Ягняці.
Сёння Езус Хрыстус, Добры Пастыр, хоча нас асаблівым чынам падбадзёрыць. Ён не жадае смерці грэшніка, таму і сцвярджае, што лекара патрабуюць не здаровыя, але тыя, хто дрэнна сябе адчувае. Ён, Добры Пастыр, настолькі прагне нашага навяртання, што пакідае дзевяноста дзевяць справядлівых, а ідзе шукаць аднаго, які заблукаў. Хрыстус уваскрослы прыносіць нам надзею, што ў Ім нашая штодзённасць, хоць візуальна для фізічнага зроку істотна не змянілася, але карэнным чынам набыла іншае, больш глыбокае духоўнае вымярэнне! А гэта ўжо іншая штодзённасць, асветленая і перамененая Хрыстом уваскрослым. Няхай Божае слова, якое пачало пашырацца на пачатку існавання Касцёла, працягвае пашырацца і зараз, прыносячы багаты плён для кожнага з нас. Каб, нягледзячы ні на што, мы мелі ў сваіх сэрцах Хрыстовую радасць і каб гэтая радасць была поўнай. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на нядзелю Добрага Пастыра (17 красавіка)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .