Пошук


25.12.2015 17:57  

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняе свята Святой Сям'і звяртае ўвагу на такі момант, пра які, зрэшты, мы часта забываем: што Езус Хрыстус прыйшоў у гэты свет і быў выхаваны ў сям'і. У адзінай з мноства іншых сем'яў, якія жывуць на зямлі. У гэтым і заключаецца асноўная задума Бога адносна чалавека: каб асноўным асяроддзем жыцця, выхавання, навукі, працы, любові была СЯМ’Я. Чалавек не можа жыць як быццам у бязважкасці, згублены і самотны ў безыменным натоўпе. Кожны чалавек павінен мець сям'ю. Так, як яе меў Езус.

На жаль, бывае і так, што жыццё, развіццё і функцыянаванне шматлікіх сем’яў знаходзіцца сёння далёка ад таго ўзору, які нам пакінула Сям’я з Назарэта.

Часта здараецца, што дзеці наогул пазбаўлены неабходных умоваў для ўзрастання і выхавання. Праз гэта адбываецца вельмі вялікая шкода і раненне такога дзіцяці ў розных сферах яго чалавечай асобы, у эмацыйным, сямейным і сацыяльным жыцці маладога чалавека. У такога роду недаразвіцці сем’яў заключаецца маральная беднасць, а таксама ўсялякая сацыяльная паталогія. І ў рэшце рэшт, ад гэтага пакутуе ўсё грамадства. Бо як выхаваем маладое пакаленне зараз, такое ў будучыні, блізкай ці далёкай, будзем мець грамадства.

Таму ў інтарэсах усяго грамадства, каб такі інстытут, як сям'я, добра функцыянаваў, быў сапраўднай ячэйкай грамадства. А інвеставаць у сям'ю значна больш важна, чым у найлепшыя школы, дамы культуры ці нават асяродкі выхавання. Хоць і яны вельмі патрэбныя, вельмі важныя, але ў першую чаргу трэба ўмацаваць сям'ю, супольнасць найбліжэйшых патрэбных адзін аднаму людзей. Гэтая супольнасць грунтуецца на любові, якая пануе ў сям'і.

Аб гэтай праўдзе сведчыць урывак з сённяшняга другога чытання паводле Яна, дзе кожны з нас можа паразважаць аб глыбокай праўдзе хрысціянскага жыцця: мы — Божыя дзеці. «Якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі!» «Дзіця» не можа быць рабом, бо яго любіць Айцец. Таму мы — Божыя дзеці, і Бог Айцец любіць нас. І Ён хоча стварыць хрысціянскія сем’і як «свае» сем’і, членамі якой з’яўляюцца дзеці, якіх Ён любіць бязмежнай любоўю.

Гэтыя словы даюць надзею для кожнай нашай сям'і. Напэўна, мы можам разлічваць на дапамогу і апеку Езуса, Марыі і Юзафа – Святой Сям'і. І не трэба нам думаць, што ўзор Святой Сям'і для нас недасяжны. Гэта не так. Дзякуючы апецы і духоўнай падтрымцы Святой Сям'і, а таксама нашай добрай волі і імкненню ствараць супольнасць дабрыні і любові – прыняць узор Святой Сям'і як праграму для нашай уласнай – гэта справа магчымая. І хоць не ўсё ад нас залежыць, але залежыць многае, асабліва калі мы гэта ўсведамляем і стараемся клапаціцца аб моцнай здаровай сям'і

Канешне, усім нам хацелася б, каб у нашых сем’ях панавала сапраўдная любоў, каб мы больш любілі адзін аднаго, бо мы ўсе ведаем, што гэта адзіны шлях дасягнення радасці і стабільнасці ў сям’і. Сапраўды, так часта дзеці не клапоцяцца пра сваіх бацькоў, лічаць сябе самымі разумнымі, думаюць, што ім увесь свет належыць, а праз такое мысленне губляецца атмасфера любові ў сям'і. Таксама і бацькі бываюць занадта занятыя сваёй працай або імкненнем прабіць сабе дарогу на п'едэстал, і, на жаль, ні пра якую ўтульную, цёплую, любячую атмасферу сям'і няма тады гаворкі.

Адзінае, што нам застаецца – гэта зрабіць першы крок да будавання сваёй сям'і. Зрабіць гэты крок, пачынаючы ад саміх сябе. Калі я люблю сваю сям'ю, я буду змагацца з маімі дрэннымі звычкамі, хоць бы такімі, як алкаголь. Калі я люблю сваю сям'ю і хачу, каб яна была моцнай і трывалай на ўзор Святой Сям'і, то я павінен даверыцца Богу і паверыць у самога сябе, што ўсё ў мяне атрымаецца, як атрымалася ў Езуса, Марыі і Юзафа.

У развіцці сям'і, абароне сям'і немалую ролю адыгрывае Касцёл. З аднаго боку, Ён ставіць у прыклад Святую Сям'ю, з іншага – дае непасрэдныя парады, як да гэтага ўзору дастасавацца. Вельмі добрай інструкцыяй у гэтым стаў ліст да сем'яў, напісаны святым Янам Паўлам ІІ, вялікім гуманістам, абаронцам сям'і і жыцця наогул. Ён выказаў такую думку, што найлепшая дапамога, якую можна аказаць сям'і – гэта ўменне жыць па-Божаму: паводле Божых запаведзяў. Гэта значыць паводзіць сябе сумленна і адказна, бо мае паводзіны ўплываюць на іншых людзей і ад гэтага залежаць не толькі вынікі майго жыцця, але я сваім жыццём уплываю на жыццё іншых людзей. Вельмі важная на пачатку любоў сужэнцаў адно да аднаго, пасля – уменне выхаваць патомства.

Гэтая справа нялёгкая, але не значыць немагчымая. Таму варта яшчэ раз прыгледзецца да Евангелля: паглядзіце, якім вялікім быў клопат Марыі і Юзафа пра Езуса. Гэты клопат, які ўзнік з моманту нараджэння Езуса, не знікае ў Яго дзяцінстве. Гэта выглядае банальна, але, мае дарагія, у штодзённым жыцці сем'яў вельмі часта не хапае падобнага клопату.

Звычайна клапоцяцца пра малое дзіця: калі яно нарадзілася, калі яно канкрэтна патрабуе дапамогі бацькоў, а крыху пазней, калі дзіця дарастае бліжэй да моладзевага ўзросту, ім перастаюць цікавіцца. А гэта не зусім правільна.

Бывае і такое, што бацькі перастаюць цікавіцца сваімі дзецьмі наогул, а пачынаюць цікавіцца толькі тады, калі ў іх дзяцей з'яўляюцца сур'ёзныя клопаты і праблемы. Бацькоўскі сход у школе, званок ад класнага кіраўніка – і тут бацькі ўжо пачынаюць больш цікавіцца сваімі дзецьмі. Галоўнае, каб толькі занадта позна не было. Але... Ці варта так усё пускаць на самацёк? Гэта ж сям'я, асноўны асяродак выхавання... Дзеці – гэта таксама інвестыцыя ў нашу добрую старасць.

Дарагія браты і сёстры! Як часта праз наша занядбанне губляецца пачуццё роднасці і блізкасці ў сям'і, губляецца ўзаемаразуменне. Каб гэтага не было, трэба нешта змяніць. Спачатку ў сваім жыцці, а потым у жыцці іншых.

Таму даверым сёння нашыя сэрцы і нашыя сем'і Богу і Святой Сям'і, каб, умацаваныя прыкладам Езуса, Марыі і Юзафа, мы не баяліся жыццёвых цяжкасцяў, але з адвагаю крочылі наперад, выконваючы сваё пакліканне: быць добрым мужам, бацькам; быць добрай жонкай, маці; быць добрымі, паслухмянымі дзецьмі. Быць моцнай, сапраўднай сям'ёй. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.