Пошук


23.12.2015 16:14  

«Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся сёння Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан».

Дарагія браты і сёстры!

Святая ноч Божага Нараджэння, Пастэрка, як мы яе традыцыйна называем, чарговы раз збірае нас разам з мільёнамі іншых людзей на зямлі, каб яшчэ раз падчас гэтай літургіі пачуць словы, што некалі прагучалі ў прысутнасці габрэйскіх пастухоў, якія вартавалі статак. Абвяшчаю вам вялікую радасць, – пачулі яны голас, – сёння нарадзіўся вам Збаўца!

Дарагія! Сёння адзначаем яшчэ адну Пастэрку ў нашым жыцці. Па сваёй сутнасці яна такая ж, якой была ў мінулым годзе, толькі крыху іншая. Чаму такая ж? Бо тое ж самае Божае Дзіця, якому аддаём пашану; іншая – бо іншыя мы, іншым з’яўляецца асяродзе, якое вакол нас. Усё гэта робіць нашую Пастэрку і атмасферу сённяшняй урачыстасці, якую перажываем кожны год, непаўторнай.

Спадарожнічае нам у гэтым Божае слова. Яно адкрывае таямніцу гэтай урачыстасці. Таму давайце сёння звернем увагу на тое, што дапаможа нам лепш зразумець рэчаіснасць, якая нас акружае, і плённа перажыць сённяшнюю святую Імшу.

Вернемся да прачытаных хвіліну назад словаў з прароцтва Ісаі: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло...” Словы гэтыя трываюць сярод нас, вернікаў каталіцкіх святынь Беларусі, і яднаюць усіх нас у святкаванні гэтай вялікай Таямніцы, калі Божае Слова сталася целам і пасялілася між намі. У гэты час у нашых сэрцах ззяе вялікае святло, аб якім кажа прарок.

Гэта Хрыстус, які ёсць нашым Збаўцам, Ён прыйшоў у гэты свет, поўны цемры граху, і сваім словам і дзеяннямі змяніў яго, асвятліў. У гэтую ноч заззяла святло для ўсяго свету.

Усіх людзей можна падзяліць на тых, якія трываюць у цемры, і тых, якія застаюцца ў святле. Слова Божае, нягледзячы на ўсялякае намаганне з’яднаць, пагадзіць і асвяціць усіх людзей на зямлі, не можа гэты падзел ліквідаваць у адно імгненне.

Людзі цемры – гэта людзі, якія не ведаюць, што такое дабро, а што зло, не ведаюць сваёй мэты і дарогі, якая вядзе да святла. Таму яны жывуць у цемры граху і імкнуцца да вечнай цемры. Усё гэта таму, што не ведаюць праўдзівага Бога.

Іншымі з’яўляюцца людзі святла, ці як яшчэ кажа пра іх Езус: “Сыны святла”. Яны ведаюць сваю канчатковую мэту. Ведаюць і спазналі Бога. Ведаюць, што спатканне з Ім у малітве і вятой Камуніі азначае асвячэнне. Таму нараджэнне Хрыста можна параўнаць са святлом, бо той, хто не ведае Бога, ходзіць у цемры. Хрыстус сам пра сябе пазней скажа: “Я ёсць Святло свету. Хто ідзе за Мною, не будзе блукаць у цемры, але будзе мець святло жыцця”.

Падзел гэты існуе і зараз, нават сярод нашага грамадства – паглядзіце навокал. Колькі існуе ў свеце тэрору, забойстваў, абортаў, непаразуменняў, зласлівасці паміж людзьмі. Добра перадаюць гэта словы Евангелля паводле Яна: “Святло прыйшло ў гэты свет, але людзі не прынялі яго, больш палюбіўшы цемру”.

Нічога дзіўнага няма ў тым, што ў нас з’яўляюцца пытанні, якія мы можам ставіць перад сабою: Чаму? Чаму так сталася? Чаму людзі больш любяць цемру, чым Святло, якое прыйшло ў гэты свет? Адказам на гэта могуць быць словы Хрыста: “Кожны, хто грашыць, ненавідзіць святло і не набліжаецца да яго, а толькі трывае ў цемры, каб не былі асуджаны яго ўчынкі”.

Чалавек альбо ачышчаецца ад свайго бруду, альбо адкідае навуку Хрыста аб святле. Бо ачышчэнне – гэта справа, якая вельмі цяжкая і балючая. Таму шмат людзей да гэтай пары жыве ў цемры. Язычніцкі свет ёсць усюды, дзе не ззяе Святло, якое калісьці засвяціла ў Бэтлееме, у халоднай стайні. Гэтае Святло ёсць у Беларусі, Еўропе, Амерыцы, а перадусім ведаеце дзе? У сэрцы кожнага з нас. У маім, у тваім сэрцы, дарагі брат, дарагая сястра, бо гэты кароценькі час Адвэнту стаў інтэнсіўнай нашай падрыхтоўкай да сустрэчы з Панам у таямніцы Ягонага Нараджэння.

Вельмі важна, каб святло Божага Нараджэння не засланялася падарункамі, справамі толькі знешнімі і матэрыяльнымі. Без сумніву, яны важныя, але не галоўныя. Дазвольце ў гэтыя святы Божага Нараджэння цэнтральнае месца падрыхтаваць Хрысту. Трэба, каб Ён быў у цэнтры нашага жыцця. Бо гэтыя знешнія ўпрыгожанні могуць закрыць перад намі сапраўднае святло, якое гарэла ў нашых сем’ях, сярод нашых продкаў некалькі стагоддзяў таму.

Можа, гэта крыху горкія словы для сённяшняй урачыстасці... Але мы – слугі святла, якое з’явілася на свет у постаці чалавека, і абвяшчэнне Яго – сэнс майго жыцця. Але, калі станем ў праўдзе перад Богам – ці не скажа Ён нам тое самае? Я быў сярод вас, але вы не падрыхтавалі для Мяне месца, не сустрэлі Мяне, не прынялі ў свой дом.

Для нас, якія належым да людзей святла – гэта ноч перамянення. Езус кожны дзень сярод нас, адзін раз нарадзіўся і застаўся з намі назаўсёды. Ён – нашае святло, зараз і тут прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён Пераможца цемры.

Даражэнькія! Напаўняйце, напаўняйце гэтым Святлом, якое сёння нарадзілася, свае сэрцы, нясіце яго ў свет, у свае сем’і, у сваё жыццё. Не бойцеся, бо, як кажа Хрыстус, – Я з вамі ажно да сканчэння свету. З Ім пераможам цемру, якая нас акружае, толькі з Ім. Святкуйце ў ззянні Святла! Вясёлых вам святаў, дарагія вернікі!

Няхай сённяшняя Эўхарыстычная літургія вігіліі Божага Нараджэння дазволіць кожнаму з нас адчуць Хрыста ў сваім сэрцы, каб, ідучы са святыні ў свае сем’і, кожны мог дзяліцца гэтай радасцю і святлом. Святлом, якое дазваляе глядзець у будучыню з надзеяй, без боязі перад часам нялёгкай штодзённасцю. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця