Пошук


17.12.2015 17:14  

«Божа, аднаві нас і асвяці, і дай нам збаўленне».

Дарагія браты і сёстры!

Вышэй узгаданыя словы, якія мы спявалі ў сённяшнім псальме, звяртаюць нашую ўвагу на Божую міласэрнасць і вернасць, з якой Бог выконвае кожнае сваё абяцанне. Набліжаецца той узнёслы час, калі мы ў коле нашых сем'яў складзем адзін аднаму вігілійныя віншаванні, гэтым самым запрашаючы Езуса да нашага стала, да нашай сямейнай супольнасці, каб Ён, адвечнае Святло, аднавіў і асвяціў нас у праўдзе. Зараз мы перажываем той кароценькі перыяд часу, які нас аддзяляе ад гэтай урачыстай падзеі. Таму нашы сэрцы і вусны нястомна паўтараюць: «Божа, аднаві нас і асвяці, і дай нам збаўленне!»

Літургія сённяшняй нядзелі скіроўвае нашу ўвагу на Панну Марыю, верную слугу Пана. Яна, Маці адвэнтавага чакання, дае нам узор і стымул да добрага перажывання гэтага часу, які нас рыхтуе да свята Божага Нараджэння.

Найсвяцейшая Панна Марыя паказвае нам, што ў простым манатонным, як нам здаецца, жыцці можна адкрыць незвычайную прыгоду, якой уласцівыя і захапленне, і радасць, і драматызм, але гэта ўжо не тое манатоннае жыццё. Бо калі мы ў сваім жыцці распазнаем заданне, якое па сваёй волі Бог нам вызначае, і аказваем сваю гатоўнасць гэтае заданне выканаць, то нас сапраўды чакаюць прыгоды, якія ўпрыгожаць нашую манатоннасць разнастайнасцю жыццёвых падзеяў, прасякнутых глыбокім зместам і сэнсоўнасцю.

Так адбывалася ў жыцці звычайнай дзяўчыны па імені Марыя. Смела можна сцвярджаць, што Найсвяцейшая Панна ад самага пачатку свайго жыцця ўзносіла словы просьбы, звернутыя да Бога, каб Яго прысутнасць аднавіла, асвяціла і дала збаўленне. Марыя ў пэўны момант свайго жыцця адкрывае Божую волю адносна сябе, і ў перспектыве перад Яе вачыма выразна ўзнікае Божы план збаўлення, у якім Яна займае асаблівае значэнне.

Услухоўваючыся ў прароцтва Міхея, Марыя інтуітыўна, хоць і не адразу, але пачынае разумець тое, што Ёй падрыхтаваў Усемагутны: «З цябе выйдзе для Мяне той, хто будзе Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго спрадвеку, ад вечных дзён. Таму Пан пакіне іх да часу, пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць».

Дарагія! Сапраўды незвычайныя і вялікія рэчы чыніць Бог дзеля збаўлення нас праз Марыю.  Калі Арханёл прыносіць Добрую Вестку Марыі і прадстаўляе Ёй Божую прапанову, то падзея Звеставання ўражвае Марыю, можа, крыху палохае, але ў сваім сэрцы Яна мае вельмі глыбокае ўсведамленне Божай любові і міласэрнасці, а таксама адчувае моцны давер да Бога. Марыя ўпэўнена, што Бог Яе не падвядзе, што Яго прапанова, хоць, можа, зараз для Яе не зусім зразумелая, але вартая таго, каб прыняць, адказаць: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова!»

Такім чынам, веліч Панны Марыі заключаецца ў Яе пакоры і згодзе на Божую волю. У асобе Найсвяцейшай Панны Марыі мы можам адкрыць Божую задуму адносна нас саміх. Маці Бога заўсёды нам спадарожнічае на нашых жыццёвых шляхах, таму не трэба меркаваць, што наш лёс нейкі іншы – не такі ўзнёслы, не такі цудоўны, як у Марыі. Калі мы бліжэй прыгледзімся да Багародзіцы, то, напэўна, лепш зразумеем і сябе, і сваё жыццё. Убачым, што не так усё проста і лёгка было ў жыцці Марыі, што Яе шлях, ад Звеставання да Унебаўзяцца праходзіў праз Галгофу, дзе Яе Сын памёр на Крыжы. Жыццёвы шлях Марыі быў насычаны шматлікімі выпрабаваннямі, якія Яна мужна перамагла, бо на гэтай дарозе Яе сэрца было наймацней злучана з сэрцам Яе Сына.

Умілаваныя! Нам трэба стаць вучнямі ў школе Марыі, нам неабходна вучыцца давяраць Богу, як Марыя, нам неабходна вучыцца пакоры і цярпліваму чаканню, як Марыя. А нашая малітва будзе настолькі моцнай, наколькі нашае сэрца здольнае злучыцца з Найсвяцейшымі Сэрцамі Езуса і Марыі.

Сённяшні ўрывак Евангелля апавядае нам аб падарожжы Марыі, якое Яна зрабіла ў горную юдэйскую краіну. Яна наведала сваю сваячку Альжбету, жанчыну, якая была ўжо далёка не ў маладым узросце. Марыя прыйшла да яе, каб раздзяліць з ёй радасць мацярынства, каб гэтыя некалькі месяцаў быць з ёй побач.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Прыклад Марыі не можа нас пакінуць абыякавымі ў адносінах да бліжніх, асабліва да тых, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе, а можа, як у выпадку Альжбеты, у нашай прысутнасці. Можа, мы і не маем што сказаць такому чалавеку, але тое, што мы побач, будзе больш вымоўна за ўсялякае слова. Няхай узор Найсвяцейшай Панны Марыі стане для кожнага жаданнем наследваць Яе цноты і быць, як Марыя, вернай слугой Пана. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа