Пошук

04.12.2015 16:00  

«Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне»

Дарагія браты і сёстры!

Калі паглядзець на нашае жыццё, то яно падобна дарозе, па якой мы ідзём да пэўнай мэты. У кожнага свой адрэзак дарогі, але мэта аднолькавая. Ёсць, канешне, шмат іншых мэтаў, якія мы ставім, ідучы па гэтай дарозе, але самую галоўную мэту нам паставіў Езус Хрыстус.

Мэта веруючага хрысціяніна — вечнае збаўленне. І вось менавіта да гэтай мэты мы імкнемся. Часам лепш, часам горш, змагаючыся з уласнай лянотай, абыякавасцю ці  стомленасцю; часамі крочым з радасцю, з энтузіязмам, бадзёра і лёгка, — гэта жыццё.

Як заахвочванне для нашай жыццёвай вандроўкі мы сёння чуем словы прарока Ісаі, якія неаднойчы паўтараў у сваіх прамовах Ян Хрысціцель, а сёння гэтыя словы дакранаюцца і да нашых сэрцаў: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне».

Божае слова, асабліва ў гэты перыяд, запрашае нас да асаблівага чування, каб мы больш свядома перажывалі не толькі цяперашні час Адвэнту, але і хрысціянскае жыццё наогул. Каб мы з большай сілай аднавілі ў сабе прагненне і мэту, да якой крочым. Бо вельмі часта мы, пагружаныя ў мітусню і жыццёвыя справы, забываем пра галоўнае, а засяроджваемся на зямным і прамінальным. І таму бывае вельмі цяжка адарваць сябе ад розных залежнасцяў і ўпадабанняў, якія насамрэч не прыносяць нам ніякай карысці, а наадварот у асобных выпадках з'яўляюцца вельмі шкоднымі і небяспечнымі.

Дарагія! Як жа лёгка на гэтай дарозе жыцця згубіць правільны напрамак. Колькі ворагаў і злачынцаў падсцерагаюць нас, дастаткова нам толькі крыху збочыць з галоўнай дарогі, управа або ўлева. Канешне, на нашай дарозе вельмі шмат узгоркаў, як і далінаў, і, можа, на нейкі перыяд мы аказваемся пазбаўлены святла на сваім шляху, аднак дзякуючы веры мы здольныя крочыць нават праз цемру нашага жыццёвага досведу. І наша моцная сапраўдная вера, дзякуючы інтэрвенцыі Бога, дапаможа зраўняць кожны пагорак, засыпаць даліны, зрабіць наш жыццёвы шлях простым, нягледзячы на тое, што жыццё само па сабе не з'яўляецца простым.

Час Адвэнту, які мы зараз перажываем, — гэта чарговая нагода, каб моцна даверыцца Хрысту, які нас вядзе па дарозе жыцця. Нам варта яшчэ раз зразумець, што на жыццёвай дарозе мы ніколі не знаходзімся адны, як бы нам гэта ні здавалася. Бог са сваёй ласкай заўсёды побач і вядзе нас, нягледзячы на тое, што мы часамі гэтага можам не адчуваць або не разумець. Таму Бог праз сваё слова жадае нас пераканаць у тым, што мы Яму не абыякавыя, што Ён дае святло, якое для нас з'яўляецца арыенцірам, а таксама што Ён блізка, побач з намі, калі нам здаецца, што цемра ахапіла нас з усіх бакоў.

Кожнае чаканне характарызуецца цярплівасцю і мэтаю чакання. Калі чагосьці з гэтага не стае, чаканне становіцца чымсьці цяжкім невыносным, а нават губляе сэнс. Дык вось, адвэнтавае чаканне — гэта вялікая міласць Бога, скіраваная для нас, якія зараз трываем у чаканні, каб мы ў гэты час набраліся цярплівасці і аднавілі прагненне імкнуцца да мэты, якую перад кожным з нас паставіў Хрыстус.

Святы апостал Павел у Пасланні да Філіпянаў, фрагмент якога мы сёння пачулі, сваім уласным прыкладам заахвочвае нас да малітвы, бо праз яе мы ўдзельнічаем у абвяшчэнні Евангелля, таксама праз гэтую ж малітву ў нашых сэрцах Бог даў пачатак добрай справе і жадае яе завяршыць. Мае дарагія, гэта вельмі лагічна: калі ёсць А, то павінна быць і Б. Калі ёсць пачатак, то павінна быць і заканчэнне.

Вельмі важна, як адзначае святы апостал Павел, каб у нашых сэрцах узрастала любоў, зрэшты, нашае чаканне накіравана перш за ўсё, каб мы, імкнучысмя да мэты, памножылі цноту любові: «каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста, на славу і хвалу Божую».

Умілаваныя браты і сёстры! Няхай пачутае намі сёння Божае слова заахвоціць нас да перамены жыцця, бо навяртанне патрэбна кожнаму і ў кожны час. Наша пілігрымка да вечнасці, наша жыццё будзе зусім па-іншаму перажывацца, калі мы будзем звяртаць увагу не толькі на колькасць пражытых дзён, але і на якасць іх перажывання.

У жыцці нас могуць сустрэць розныя выпрабаванні, часамі яны ўзнікаюць так хутка, што мы за імі не паспяваем. Самае галоўнае, мае дарагія, каб ва ўсім гэтым мы не згубілі з вачэй Езуса Хрыста і Яго прысутнасць у нашым жыцці. Часам трэба ісці на рызыку, дазволіць, каб нас вяла Божая ласка, калі мы не бачым ані святла, ані нават дарогі. Таму, калі мы адпаведна падрыхтуем дарогу Пану, то Ён умацуе нас на нашай жыццёвай дарозе і дапаможа, каб наша адвэнтавае чаканне даўжынёй з жыццё было радасным спатканнем прыходзячага Пана ў славе Ягонай. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця