«Захоўвайце запаведзі Пана Бога вашага, якія я наказваю вам».
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Услухоўваючыся ў сённяшняе Божае слова, мы чуем выразны заклік да выканання Божых запаведзяў. Нашая Нядзельная Эўхарыстыя, на якую мы сёння сабраліся, – гэта цудоўная магчымасць пачуць Божае слова і прыняць яго да сэрца, каб усе загады Пана і Яго пастановы выконваць. Бо менавіта тут, пры алтары Пана, мы вучымся слухаць, захоўваць і выконваць Божае слова, якое нас вядзе да збаўлення.
Першае чытанне, якое мы сёння пачулі, мабілізуе нас, як некалі ізраэлітаў, каб і мы ўсвядомілі, наколькі патрэбныя для нас наказы Бога, Ягоныя запаведзі. Сённяшні голас Бога даходзіць і да нашых сэрцаў, кажучы, каб мы, Хрыстовыя вучні, слухалі пастановы і законы і верна іх выконвалі, бо ў іх выкананні нашая мудрасць і розум.
Вернасць Божым наказам і запаведзям – гэта нашае заданне. Нам трэба стаць сведкамі Божага слова, а гэта не толькі тэорыя, але і практыка нашага жыцця паводле веры. На шляху да збаўлення нам трэба прыняць Божае слова, якое змешчана ў Святым Пісанні і рэалізаваць яго збаўчы змест у нашым жыцці. Божыя запаведзі фарміруюць патрэбны накірунак, каб мы не заблукалі на дарозе нашага жыцця.
Пасланне святога Якуба працягвае і развівае гэтую тэму, каб мы прымалі з пакораю Божае слова, якое пасеяна ў нашых сэрцах, бо яно вядзе да збаўлення. Гэта не проста людское слова, не проста прыгожы рытуал, але гэта слова самога Бога, якое жывое само па сабе і здольнае ажывіць нас, якія з вераю ўслухоўваемся ў гэтае слова. І вельмі важна, як падкрэслівае аўтар чытання, каб мы выконвалі Божае слова, а не былі толькі слухачамі.
Бог звяртаецца да нас у сваім слове, але Ён хоча, каб Ягоны зварот да нас быў жывой дыскусіяй, а не безнадзейным маналогам. Калі мы з’яўляемся ў пэўным сэнсе суразмоўцамі Бога, то са свайго боку нам трэба таксама нешта казаць. Як вы ўяўляеце дыялог, калі кажа толькі адна асоба? Умілаваныя! Найлепш у нашым дыялогу з Богам прамаўляюць нашыя словы, злучаныя з канкрэтнымі ўчынкамі. Вось да такога дыялогу мы пакліканы. І кожная літургія, у якой мы ўдзельнічаем, мае на мэце ажывіць наш дыялог з Богам, узрушыць нашыя сэрцы праз Божае слова, у якім Бог да нас звяртаецца, не толькі кажучы, што нас любіць, але і даказваючы гэта праз свайго ўмілаванага Сына.
Дарагія! Кожны дар, які мы атрымоўваем, паходзіць ад Бога і ў нейкім сэнсе правакуе нас да таго, каб мы таксама станавіліся дарам для іншых людзей. Гэтаму нас вучыць Езус Хрыстус на сваім уласным прыкладзе. Ён паказвае, наколькі важным з’яўляецца ўменне прыняць Божае слова і жыць гэтым словам. Толькі ў святле Божага слова мы можам зразумець сэнс усіх наказаў і пастановаў Пана, і менавіта ў гэтым святле мы здольныя быць вернымі ўсім Божым наказам.
Часамі гэта нам можа здавацца дзіўным: навошта выконваць Божыя запаведзі, без гэтага і так чалавек можа жыць… Мае дарагія! Каб гэта зразумець, варта задаць сабе пытанне: які сэнс гэтых запаведзяў, дзеля чаго Бог іх даў чалавеку? Каб абмежаваць у чымсьці? Каб прымусіць чалавека быць верным Богу за ўсялякі кошт? Напэўна, ані першае, ані другое сцвярджэнне не з’яўляецца правільным.
Сэрцам Божых запаведзяў і наказаў з’яўляецца любоў і прагненне збавіць чалавека. Запаведзі – гэта пэўная бэлька ратунку для чалавека, які ў выніку першароднага граху апынуўся ў моры жыццёвых выпрабаванняў сам-насам. І таму гэтыя наказы звернуты да нас, каб мы, выконваючы іх, імкнуліся да збаўлення. І звярніце, дарагія браты і сёстры, увагу на спосаб выканання гэтых запаведзяў. Сённяшняе Евангелле дае павучэнне адносна выканання Божых наказаў.
Па-першае, вельмі важным элементам у выкананні запаведзяў з’яўляецца шчырасць і веданне, дзеля чаго я выконваю тое ці іншае. Бо нельга быць веруючым напаказ. Вера – гэта не фальклор, не тэатральнае прадстаўленне, але гэта справа нашага жыцця і справа нашага збаўлення.
Па-другое, выкананне запаведзяў – гэта наш дыялог з Богам, гэта праява нашай вернасці тым абяцанням, якія нам дае Бог. Як жа лёгка стаць фарысеем у сённяшнім свеце і як жа няпроста працаваць над сабою, каб дасягнуць даўгачаканай мэты. Паглядзіце, якія прыгожыя брыліянты, гэта адны з самых каштоўных і прыгожых камянёў. Але што такое брыліянт? Гэта адпаведна апрацаваны алмаз. Кожны з нас, мае дарагія, пакліканы да таго, каб стаць прыгожым брыліянтам ў Божых руках, толькі важна, каб мы дазволілі Божай ласцы адпаведную апрацоўку, каб гэты Божы ювелір адкінуў усё лішняе і непатрэбнае, а пакінуў у нас толькі тое, што прыгожае і істотнае.
Дарагія браты і сёстры! Няхай сённяшняе Божае слова стане для кожнага заклікам да працы ў імя святасці і дасканаласці нашых сэрцаў. Бо мы створаны да святасці, каб стаць шэдэўрам Божай любові. Дазволім жа Божай ласцы ўвайсці ў нашыя сэрцы праз Божае слова і будзьма ж яго выканаўцамі, а не толькі слухачамі. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на ХХІІ Звычайную нядзелю (год В)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .