Пошук


21.08.2015 17:25  

«Я ж і мой дом будзем служыць Пану!»

Дарагія браты і сёстры!

Гэтыя словы з першага чытання варта нам паўтарыць і сёння. Нам можа здавацца, што яны вельмі далёкія і сягаюць даўніной Старога Запавету, калі Езус Навін збіраў вакол сябе плямёны Ізраэля, каб ачысціць веру Выбранага народу.

Але і сёння варта прыслухацца да гэтага закліку. Можна толькі яго крыху перафразаваць, каб лепш зразумець увесь узнёслы і адначасова вельмі важны яго змест. Каму хочаце служыць, у што сёння хочаце верыць — у Хрыста, жывучы паводле Ягонага Евангелля, ці хочаце быць паслядоўнікамі гэтага свету і жыць так, як сённяшні свет нам дыктуе?

Вось гэта менавіта той выбар, які веруючы чалавек здзяйсняе вельмі часта. Хрыстовае Евангелле, жыццё паводле запаведзяў стварае, канешне, пэўную схему паводзінаў, але галоўнае ў гэтым Божая любоў. Яна напаўняе сабою жыццё веруючага чалавека, таму сведкі Хрыста, вучні Хрыста, не маркотныя ці панурыя, але радасныя і аптымістычныя.

Сучасны свет і яго стыль жыцця хоць і здаюцца прывабнымі і прыгожымі, пры гэтым адкрываючы перад чалавекам шмат зялёнага святла, аднак вельмі часта чалавек у гэтым мностве святла пачынае проста губляцца. А любоў, якую дае яму свет, у лепшым выпадку з’яўляецца толькі копіяй Божай любові, прычым не заўсёды ўдалай.

Таму, мае дарагія, варта аднавіць у сабе прагненне вернага служэння Пану! Ён нам дае свае абяцанні, якія дасягаюць перспектываў вечнасці. Хрыстус не абяцаў, што нам будзе лёгка ў гэтым жыцці. Наадварот, зямное жыццё — гэта своеасаблівая пілігрымка ў вечнасць, якая не пазбаўлена працы і клопату, а часам і пераследу з боку іншых. Але хто вытрывае да канца – будзе збаўлены. Інакш кажучы, хто паверыць да канца і прыме навуку Божага Сына, той ужо мае ў сабе задатак вечнага жыцця. Божае слова і Эўхарыстыя – гэта дзейсныя сродкі, якія нас тут, на зямлі, падтрымоўваюць у пілігрымцы ў вечнасць.

Як некалі Езус Навін у Сіхеме сабраў усе плямёны Ізраэля, так усіх нас сёння збірае Хрыстус у сваім Касцёле, каб мы чарговы раз здзейснілі свой выбар, каб наша вера была свядомым і дабравольным вызнаннем. Каб тое, што мы вымаўляем вуснамі, мы таксама прамовілі сэрцам у штодзённым жыцці. Наша вера не можа быць абмежавана касцёльным будынкам або часам, калі мы збіраемся на святой Імшы. Веру мы павінны вызнаваць не толькі ў нядзельнай літургіі пасля гаміліі, але ўвесь час: калі мы працуем, калі адпачываем, калі выязджаем у падарожжа і ў кожную хвіліну жыцця. Калі мы лічым сябе вернымі вучнямі Езуса Хрыста, то ў нас няма адпачынку ці канікул ад вызнання сваёй веры.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Вызнаваць сваю веру – гэта, канешне, каштуе, часам нават жыцця, калі паглядзім на жыццё хрысціян на Блізкім Усходзе. Але і ў нашых рэаліях па-сапраўднаму вызнаваць сваю веру таксама далёка не простая справа. Нягледзячы на тое, што даўно няма камунізму, а вызнаваць веру чалавек сёння мае магчымасць, гэта не значыць, што сёння з гэтым няма праблем.

Сучасны свет сваімі тэндэнцыямі, модай, новымі прынцыпамі выстудзіў сэрца сучаснага чалавека, а камунізм і ўсё з ім звязанае падпсавалі глебу чалавечага сэрца, таму так шмат існуе абыякавасці ў плане веры. Калі хтосьці думае, што вера патрабуе абавязковай рыгарычнасці ў жыцці чалавека, які яе практыкуе, то гэта не зусім так. Хоць свет так далёка адышоў ад прынцыпаў маральнасці, што нават маленькія патрабаванні Хрыстовага Евангелля здаюцца яму чымсьці неверагодным, чымсці, што нібы парушае яго свабоду.

Дарагія! Навука Езуса Хрыста складана разумеецца не толькі ў сучасным свеце. Прыгледзьцеся да сённяшняга Евангелля. Тут мы бачым, што шматлікіх вучняў паглынаюць мірскія справы, а Езус ім кажа пра духоўныя: «Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём». І шмат вучняў проста не могуць прыняць гэтай праўды. Чаму? Бо свету яны паверылі больш, чым Хрысту. Дарэчы, Езус у іх пытаецца: «Ці гэта спакушае вас?» І што адбываецца? Ад гэтага часу многія вучні адышлі ад Езуса і больш ужо з Ім не хадзілі. Сумна, але такі лёс людзей, якія вераць у гэты свет…

Сёння Езус ставіць сваім апосталам канкрэтнае пытанне: «Ці вы таксама хочаце адысці?» Заўважце, яно вельмі падобнае да закліку Езуса Навіна з першага чытання. Адказ дае апостал Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога». Вось, мае дарагія, сапраўдны адказ веруючага чалавека: толькі Ты, Пане, маеш словы вечнага жыцця. Толькі Ты з’яўляешся нашым збаўленнем, таму я і мой дом будзем служыць Пану. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 12.08.2018 17:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа