«Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых».
Дарагія браты і сёстры!
Давайце прыгадаем мінулую нядзелю. Тыдзень таму мы з вамі пачулі у Евангеллі ўрывак аб цудоўным памнажэнні хлеба і аб тым, як Езус адышоў ад людзей, якія хацелі зрабіць Яго каралём. Мы разважалі мінулым разам аб тым, як важна зразумець і прыняць Божую волю ў сваім жыцці, як важна верна выконваць усё, чаму нас вучыць Езус, што менавіта Ён, Боскі Настаўнік, ёсць адзіным сапраўдным хлебам, які мае вечнае жыццё і цалкам насычае тых, хто Яго спажывае.
Сёння мы чуем працяг гэтай думкі ў чарговай евангельскай сцэне. Насычаныя хлебам людзі пачынаюць шукаць Езуса і Ягоных вучняў. Яны сядаюць у чаўны і пераплываюць на другі бераг возера. Калі тыя людзі знаходзяць Езуса, то са здзіўленнем пытаюцца ў Яго, калі Ён паспеў сюды прыйсці, бо не бачылі, каб Ён ішоў або плыў. Вось яшчэ адзін цуд Настаўніка з Назарэта.
Тады Езус адкрывае ім сапраўдную іх матывацыю, чаму яны пачалі Яго шукаць. Езус ім тлумачыць вельмі простыя справы. Ён кажа так: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец».
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Іншымі словамі, Езус кажа здзіўленаму натоўпу, што яны не столькі шукаюць Яго самога, колькі прагнуць заспакоіць свае чалавечыя прагненні. Езус сёння нам кажа, што тыя людзі не столькі шукаюць адвечную праўду ў Яго асобе, колькі клапоцяцца пра матэрыяльныя рэчы, пра ўласны дабрабыт. У гэтым канкрэтным выпадку мы бачым, што яны насыціліся, іх прагненні заспакоіліся, голад знік, і толькі таму яны вырашылі шукаць Езуса. Ён для іх стаў больш сенсацыяй, чым крыніцай праўды, якая цячэ ў вечнае жыццё.
Сённяшні дыялог Езуса з людзьмі сам па сабе даволі нялёгкі. Пасля гэтай размовы сотні людзей перастаюць цікавіцца Настаўнікам з Назарэта. Чаму? Бо Ён ім ставіць пэўныя патрабаванні. Езус ставіць чалавека перад выбарам: або выбірай праўду, або станавіся на бок таго, што вядзе да пагібелі: грошай, выгодаў, улады, гонару, маёмасці, і ўсё гэта ў неабмежаванай ступені.
Натоўп людзей спачатку моцна цікавіцца асобай і дзеяннем Езуса Хрыста, яны нават з вялікім энтузіязмам пытаюцца ў Яго: што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя? І Езус не кажа ім аб нейкіх незвычайных рэчах, якія не пад сілу выканаць чалавеку. Езус вельмі дакладна - як мы чуем - адказвае на гэтае пытанне: “Вы толькі тады будзеце выконваць Божыя справы, калі паверыце ў Таго, каго паслаў Айцец, у Божага Сына!” А матэрыяльныя даброты, такія хоць бы, як хлеб, служаць насычэнню чалавека, заспакойванню яго зямных патрэбаў. І калі чалавек пачынае заспакойваць толькі зямныя патрэбы, то забывае, што ў яго існуюць яшчэ патрэбы духоўныя. А дзеля гэтага патрэбны іншы хлеб, які можа наталіць голад і прагненне чалавечай душы, насыціць яе жыццём і праўдаю.
Гэтым хлебам з’яўляецца сам Езус Хрыстус. У сённяшнім Евангеллі Ён так пра сябе кажа: “Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”. Хрыстус паказвае нам, што існуюць яшчэ іншыя вартасці, не толькі матэрыяльныя. Тэарэтычна мы гэта ўсё добра ведаем, застаецца нам толькі выдатна гэта прымяніць на практыцы. Праз цуд памнажэння хлеба Езус паказвае сваю Божую моц і накіроўвае наш позірк на заспакаенне духоўнага голаду, а праз гэты знак набліжае нас да іншага хлеба, якім з'яўляецца Ён сам. Ён ёсць хлеб жывы, які дае жыццё.
Дарагія! Ведаеце, сцэна з сённяшняга Евангелля, якая паказвае дыялог Езуса з людзьмі, з’яўляецца таксама драматычнай, як для тых людзей, сучаснікаў Езуса, так і ў наш з вамі сённяшні дзень, для людзей цяперашняга часу. Драматызм заключаецца перш за ўсё ў імкненні чалавека больш клапаціцца аб матэрыяльных дабротах, чым аб праўдзе і вечным жыцці.
Насамрэч кожнаму чалавеку трэба клапаціцца пра свой быт: сваю сям’ю, пра добрае імя, адпаведнае і годнае становішча ў грамадстве. Аднак такі клопат павінен быць на другім месцы пасля клопату пра сваё сэрца, пра еднасць і сяброўства з Богам і бліжнімі, пра свой статус у вечным Божым Валадарстве, пра ўменне сапраўды рэалізаваць сваё хрысціянскае пакліканне.
Гэта цудоўна, што мы лічым сябе хрысціянамі. Але ці задумваліся мы, што значыць быць хрысціянінам, што гэта за пакліканне і што з яго вынікае? Як вы ўяўляеце сабе ўрача, які толькі лічыць сябе ўрачом, а не выконвае сваіх абавязкаў, не аказвае людзям належнай дапамогі, але толькі свята верыць у тое, што ён урач, і ганарыцца гэтым? Вось таксама, мае даражэнькія, і кожнаму з нас, калі мы з’яўляемся хрысціянамі, верым у Езуса Хрыста, варта выконваць абавязкі веры, каб быць сапраўдным хрысціянінам, католікам. Заўважце: каб БЫЦЬ, а не толькі НАЗЫВАЦЦА.
Запытаеце: як іх выконваць, гэтыя абавязкі веры? Адказ нам сёння дае Езус у Евангеллі: каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў. Што менавіта Езус ёсць хлебам жыцця. А верыць - значыць спажываць гэты хлеб з любоўю. І, каб выконваць гэтае нашае хрысціянскае пакліканне, трэба аднавіць дух нашага розуму і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці, святасці і праўдзе, тое, што мы з вамі чулі ў другім чытанні.
І яшчэ адна рэч, мае дарагія: за здраду праўдзе можна атрымаць грошы, але ніколі за грошы нельга атрымаць праўды. Праўду не купіш. Ведаем гэта з прыкладу Юды Іскарыёта, які прадаў Праўду за грошы, але зразумеў, што гэтыя грошы ніколі не зробяць яго шчаслівым.
Дарагія браты і сёстры! Праўду нельга купіць, ды і навошта яе купляць, калі можна атрымаць дарма, настолькі атрымаць, наколькі чалавек здольны вызваліць сябе ад жадання выключна толькі матэрыяльнага насычэння. І сёння Езус у Евангеллі хоча вызваліць натоўп з жадання пастаяннага насычэння хлебам. Хлебам зямным.
Ён і нас хоча вызваліць з такога роду “залежнасці”. Калі мы разумеем матэрыяльныя даброты правільна, у хрысціянскім духу, то ў нашым сэрцы адкрываецца вялікая прастора для Праўды з вялікай літары, для Езуса Хрыста. Можа, таму беднасць больш спрыяе пазнанню праўды, чым багацце. І кожны хрысціянін, кожны з нас, заўсёды раней ці пазней апынецца перад індывідуальным выбарам: ці стаць на бок матэрыяльных дабротаў, жыць выключна зямнымі катэгорыямі, ці стаць на бок праўды, якая вечная і непрамінальная. Няхай у гэтым выбары нам дапаможа Езус, няхай Ён нас натхніць, каб мы адчулі патрэбу шукаць не толькі зямны хлеб, але і нябесны. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на XVIII Звычайную нядзелю (год B)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .