Пошук

17.04.2015 13:46  

«Пане Езу, тлумач нам Пісанні, няхай палае сэрца нашае, калі да нас прамаўляеш».

Дарагія браты і сёстры!

Адным з першых  дароў, якія Хрыстус Уваскрослы ўдзяліў сваім Апосталам, быў дар разумення Святога Пісання. Сёння Езус у Евангеллі кажа: «Гэта словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне». Вядома ж, разуменне Старога Запавету, бо Новага на той час яшчэ ніхто не напісаў. Ён узнік пасля.

Дзівосны гэты дар разумення Святога Пісання! Да Хрыстовага ўваскрасення, вучні разумелі не ўсё, што чыніў Езус. Таксама і не ўсё са Старога Запавету было адкрыта для іх розуму і сэрца. Нам можа здавацца, што пасля Вялікага тыдня вучні да канца ўсё спазналі, усю праўду, укладзеную ў тэкст Святога Пісання. Аднак на самой справе было не так. Езус толькі пасля свайго ўваскрасення, праз некаторы час, дае вучням разуменне Пісання. Кожны з нас можа паставіць пытанне: чаму ўваскрослы Езус дае вучням гэты дар і чым ён так важны?

Святы Ян Евангеліст, апавядаючы пра дыскусію Хрыста з юдэямі, узгадвае наступныя словы Езуса: ”Калі б вы паверылі Майсею, то і Мне б паверылі. Пра Мяне ён пісаў. Аднак, калі яго пісанням не верыце, як жа Маім словам будзеце верыць?” З вышэй прыведзеных словаў вынікае, што разуменне Старога Запавету неабходнае, каб пазнаваць і верыць у Хрыста. І той чалавек, які хоча ўвайсці ў таямніцу Збавіцеля, жадае спазнаць яе, раней ці пазней адкрые кнігу Старога Запавету, каб дайсці да духоўнага багацця, якое там укрыта. Інакш кажучы, Стары Запавет з’яўляецца ключом да разумення Новага.

Мае дарагія, правільнае адчытанне Бібліі значна пераўзыходзіць натуральныя здольнасці чалавека, і, каб адчытанне прывяло да спазнання праўды, неабходны дар разумення натхнёнага Богам Пісання. Гэты дар удзяляе Езус сваім Апосталам, каб поўнасцю адкрыць іх сэрцы на праўду, каб падрыхтаваць іх да сур’ёзнай місіі.

Дарагія браты і сёстры, дар разумення Бібліі патрэбны не толькі для таго, каб спазнаць укрытую праўду аб Хрысце, але і для спакойнага слухання Божага Слова, якое адкрывае перад намі праўду аб чалавеку, часамі балючую праўду. Шмат хто пачынае чытаць Стары Запавет з вялікім інтузіяазмам, а праз некалькі дзён, бывае, надоўга закрывае Біблію. Гэта адбываецца таму, што такі чалавек не толькі не знаходзіць там, у святых тэкстах, праўду, якая яго будуе духоўна, але, калі чытае пра зло і грэх, у яго сэрцы нараджаецца нейкая боязь і нежаданне. І цяжка такому чалавеку вытлумачыць, што Божае Слова не мае на мэце знеахвоціць яго, тым больш не хоча яго палохаць.

Калі Бог на старонках Старога Запавету адкрывае праўду пра грэх, то робіць гэта не для таго, каб навучыць чалавека, як здзяйсняць грэх, але каб адкрыць яму вочы на небяспеку граху, якая яму пагражае. Каб навучыць нас змагацца са злом і грахом. Каб не паддавацца спакусе, але яе пераадольваць. А мы, навучаныя Божай ласкай, калі гэтую праўду прымем у сэрца, грэх і зло не будуць здольныя прымусіць нас разгубіцца. Не знеахвоцяць нас. А нашыя паводзіны будуць правільнымі, калі будзем стаяць перад выбарам “так” або “не”. Бог, калі, нам здаецца, і “палохае” нас у сваім Слове, то робіць гэта дзеля таго, каб мы не былі спалоханымі і разгубленымі ў сваім жыцці. Таму чытанне Старога Запавету з’яўляецца не менш важным, чым чытанне Новага.

Дарагія, шмат хто можа быць вельмі здзіўлены такім падыходам да чытання Бібліі. Як гэта магчыма, каб Бог мог “знеахвоціць” чалавека? Справа ў тым, што гэта часта адбываецца з-за павярхоўнага разумення Бібліі, або наогул няправільнага. Значыць, і мы зараз патрабуем гэтага дару, як некалі Апосталы.

Напрыклад, ці не размаўляюць мудрыя бацькі са сваімі  дзецьмі на тэму зла, метадаў дзейнасці гэтага зла ў жыцці? Мне здаецца, размаўляюць. І, калі вочы адкрываюцца на маральную праўду пра чалавека і пра грэх, ці не ёсць падобная размова выразам сапраўднага бацькоўскага клопату і любові? Размова з бацькамі на тэму зла, безумоўна, не вядзе да таго, каб дзіця навучылася здзяйсняць зло. Наадварот, такая размова мае на мэце дабро дзіцяці, яго ўзрастанне ў мудрасці. Перадусім каб дзіця навучылася пазбягаць зла, а чыніць дабро. Вось гэта істотна і важна. Але для гэтага трэба паказаць дзіцяці існаванне не толькі дабра, але і зла.

Мяркую, што маладое пакаленне робіць шмат памылак менавіта таму, што ў свой час ім не хапіла такой мудрай размовы з бацькамі пра зло, якое існуе ў свеце. Можа, гэтае бацькоўскае слова і з’явілася, але не своечасова, занадта позна, калі дзіця ўжо аб гэтае зло абпалілася. Бацькі не хацелі ўразіць,  знеахвоціць  сваё дзіця - дык замест іх зрабіла гэта жыццё. А вынік бывае розны.

Дарагія браты і сёстры! Бог адкрывае перад намі праўду пра Сябе, пра чалавека, пра зло і грэх. І нам не трэба баяцца і знеахвочвацца перад гэтай праўдай. Памятайма, што гэта перадусім Слова Бога. А Ён не жадае нам зла. Толькі хоча, каб мы ўсвядомілі, што зло таксама існуе ў свеце. А калі мы даверымся Богу, то не толькі не будзем знеахвочвацца чытаннем Святога Пісання, але будзем у сэрцы мець ключ разумення гэтага Пісання і словы гэтыя выкарыстаем у нашым жыцці. Яны прынясуць для нас багаты плён.

Бог, як добры Айцец, жадае паразмаўляць з намі і, прыводзячы прыклады чалавечага жыцця з гісторыі: прыклады ўзлётаў і падзенняў, радасцяў і смутку, вернасці і здрады, робіць гэта, каб паказаць нам жыццё з усіх бакоў, больш поўна: як яго прыгажосць, так і драматызм. Таму нічога дзіўнага няма, што менавіта гэтую ласку дае сваім вучням Езус Уваскрослы - дар разумення Божага Слова. Таму і мы будзем прасіць Хрыста Уваскрослага, каб даў нам гэты дар разумення Божага Слова і каб мы, слухаючы гэтае слова, маглі прымаць яго і жыць ім на кожны дзень. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа