Пошук

11.02.2015 12:17  

«Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую».

Дарагія браты і сёстры!

Лічу, што вы са мною будзеце згодныя, калі скажу, што кожны чалавек прагне, каб яго паважалі. Ці ў сям’і, ці на працы, ці ў іншай нейкай групе кожны хоча адчуваць сябе патрэбным і дацэненым. І гэтае пачуццё ўласціва не толькі людзям сённяшняй эпохі, але яно прысутнічала заўсёды і ўсюды, у чалавеку як грамадскай істоце.

Паколькі чалавек жыве ў грамадстве, ён на гэтае грамадства нейкім чынам уплывае, у большай ці меншай ступені, таму чалавек заслугоўвае пэўнай пашаны адносна сваёй асобы. Ён нешта дае, але прагне нешта атрымаць узамен. Чым больш развіваецца цывілізацыя, у якой мы жывем, тым больш мы адчуваем патрэбу, а нават неабходнасць таго, каб нас паважалі.

Дарагія! Сённяшняя літургія слова апавядае аб жудаснай хваробе, якой з'яўляецца праказа. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці адносна гэтай хваробы, аднак хачу звярнуць увагу на тое, што хворыя, якія цярпелі на яе, мучыліся не толькі целам, але і душой, паколькі іх не прызнавалі паўнацэннымі грамадзянамі. Ім прыходзілася жыць асобна, насіць спецыяльную вопратку, якая іх адрознівала б ад іншых, здаровых людзей. Гэта была дыскрымінацыя ў поўным значэнні гэтага слова. Хворыя на праказу павінны былі пільна выконваць усе прадпісанні, якое адносна іх прадугледжвала права Майсея. Напрыклад, пракажоны мужчына павінен быў мець на сабе рваныя лахманы, ускудлачаныя валасы, засланёную бараду і, калі хтосьці набліжаўся да яго, то павінен быў гучным голасам усклікаць « Нячысты! Нячысты!»

Самае складанае было яшчэ і тое, што такі чалавек быў ізаляваны ад грамадства, не меў ніякіх перспектываў годнага жыцця і развіцця. Што там казаць, калі нават звычайнага спачування ён не спазнаваў. Такіх людзей баяліся, ад іх адварочваліся, цураліся іх. Сёння ў нашым грамадстве такіх, як тады, цяжкасцяў няма, але гэта не значыць, што хвароба праказы не існуе. Яна ёсць, толькі змяніла сваю форму.

Зараз гэтая хвароба таксама прысутнічае, але ў іншым выглядзе: існуе праказа ў грамадскіх адносінах, у адносінах паміж людзьмі. І яе многія людзі таксама спазнаюць і сёння. І такога роду праказа не менш балючая. Маю на ўвазе несправядлівасць, з якой мы часам асуджаем іншых людзей. Не кажу канкрэтна, але агульна... Часам чалавек, якога мы не дацэньваем або адчуваем па якойсьці прычыне да яго антыпатыю, становіцца для нас аб'ектам асуджэння ці крытыкі. Часцей за ўсё падобнае асуджэнне адбываецца за спіной у форме разнастайных плётак, а бывае і яўна ў вочы. І бывае так, што такі чалавек, можа, справядліва, а можа, нясправядліва асуджаны, пачынае сябе адчуваць ізаляваным ад іншых, высмеяным і замест доўгачаканай павагі яму прыходзіцца каштаваць горыч упакорвання і неразумення з боку іншых. Чым не падобная сітуацыя да сённяшняга Евангелля?

Дарагія! Варта прыслухацца да Божага слова, пачутага сёння, і прыняць яго ў сэрца, каб агледзецца вакол сябе і пастарацца ўбачыць: ці выпадкова з-за мяне хтосьці не стаў такім «пракажоным»? Ці я ў сваёй праведнасці не адштурхнуў кагосьці, хто не ўпісваўся ў мае рамкі, хто меў нейкія іншыя погляды, адрозныя ад маіх? Нашае заданне, як паслядоўнікаў Хрыста — удасканальвацца ва ўзаемнай любові, а гэта перш за ўсё значыць быць здольным зразумець чалавека, які, можа, і моцна адрозніваецца ад мяне. Святы Павел, як чуем, дакарае Карынцянаў у лісце, звернутым да іх: «Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага...» Мы ж гэтыя словы можам прыняць і ў свой адрас, калі патрактуем іх як заклік да разумення іншага чалавека, да прыняцця яго такім, якім ён ёсць.

Хрыстус дасканала ведаў увесь драматызм чалавека, якога напаткала хвароба праказы. Ён таксама ведаў увесь боль пакінутасці гэтых людзей, бо сам неаднаразова спазнаваў падобнае. Езус быў здольны па-сапраўднаму ім спачуваць. Але таксама як Божы Сын Ён меў магчымасць ім дапамагчы. Таму сёння мы становімся сведкамі таго, як Езус аздаравіў пракажонага. Калі хочаш, можаш мяне ачысціць, — прасіў хворы. На што Езус, доўга не думаючы, адказаў: хачу! Будзь ачышчаны! Якія мы можам з гэтага зрабіць высновы, дарагія браты і сёстры? Нельга адштурхоўваць ад сябе тых, хто, паводле нашых нормаў і правілаў, не такі, а крыху іншы. Важна быць здольным аказаць міласэрнасць, а не крытыку і папрок. Езус сёння нас вучыць, каб мы выяўлялі большае разуменне і павагу да бліжняга. Бо часам мы самі не заўважаем, што аб'ектыўна можам быць больш падобныя да тых «пракажоных», чым іншыя, аб якіх так мяркуем.

Умілаваныя браты і сёстры! Езус Хрыстус сёння ўказвае на асаблівую годнасць кожнага чалавека. Гэтая годнасць праяўляецца ў тым, што Езус цэніць пракажонага, таксама як і іншага здаровага чалавека. І таму вяртае яму здароўе, каб паказаць, што ў Божых вачах усе аднолькавыя. Гэта ў грамадстве існуюць шматлікія падзелы, саслоўі, касты, кааліцыі, але для Бога няма ніякіх падзелаў. Да кожнага чалавека Бог адносіцца з павагай. І сённяшняе Божае слова асабліва сведчыць пра гэта, падкрэсліваючы, што Езус жадае, каб асабліва мы, хрысціяне, зразумелі гэтую праўду, а зразумеўшы, данеслі яе ўсяму свету, на сваім асабістым вопыце. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.