Пошук

23.01.2015 15:05  

Хачу распачаць нашае нядзельнае разважанне над Божым словам з вельмі тыповай гісторыі. У адным доме жыло цэлых тры пакаленні. Прадстаўніцай найстарэйшага пакалення была бабулька, якой было амаль восемдзесят год. Святар часта прыходзіў у гэты дом, каб занесці ёй Камунію ці проста з ёй паразмаўляць. Прыходзячы туды, ён вельмі часта бачыў у доме беспарадак, балаган. Бацькі не мелі сур’ёзных аргументаў, каб пераканаць дачку ў тым, што парадак - гэта патрэбная рэч.

І вось аднойчы, калі святар зайшоў у гэты дом, то быў вельмі здзіўлены: ён убачыў неверагодны парадак. Усё было на сваім месцы, акуратна складзена, чыста - прыемна было паглядзець. Бацькі дзяўчыны з таямнічай усмешкай сказалі святару, што дачка, хіба, закахалася. З той пары, як пасябравала з адным хлопцам, яна пачала рана ўставаць і наводзіць парадак. Дзеля гэтага маладога чалавека ў яе знаходзіліся сілы, якіх да гэтай пары не было. Яна стала больш працавітай і акуратнай, і гэта можна было заўважыць. Карацей кажучы, каханне здзейсніла ў яе жыцці пэўнае навяртанне, ператварыла свет няладу і бруду ў прыемны, чысты і прыгожы дом. А перадусім гэты парадак заіснаваў у сэрцы дзяўчыны.

Дарагія браты і сёстры! Гэтая кароценькая гісторыя малюе адну з мноства праяваў навяртання. Аднак штосьці падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці: як жа часта чалавек жыве ў беспарадку, калі не жыве для кагосьці. Цяжка пачынаць упрыгожваць або будаваць свой свет толькі дзеля сябе самога, цяжка мабілізаваць свае сілы, каб гэтая справа атрымалася. А калі нават у нас і атрымаецца рэалізаваць такое будаўніцтва ці ўпрыгожванне свайго свету, то наўрад ці яно будзе нас шчыра радаваць.

Часцей за ўсё так упрыгожаны свет з цягам часу чамусьці становіцца для нас і для іншых халодным і няўтульным. У нас можа ўзнікнуць пытанне: чаму так адбываецца? Можа, таму, што парадак, здзейснены для эгаізму, па сутнасці, з’яўляецца няшчасцем для чалавека. Гэты парадак абмежаваны і  накіраваны толькі на гэтага аднаго чалавека. Такі парадак нас не радуе, не прыносіць у жыццё гармоніі. Значыць, трэба яго змяняць - не сам парадак, але акалічнасці, з ім звязаныя. Вось чаму для нас так патрэбна навяртанне.

Дарагія! Тысячы людзей жадаюць перажыць навяртанне. Яны заўважаюць, наколькі недасканалы і прамінальны гэты свет, у якім жывём. Яны адчуваюць патрэбу яго перамянення і ўпрыгожвання, але бывае, што не маюць для каго гэта ўчыніць. Адсюль і тое, што ім не хапае сіл, каб здзейсніць гэтую перамену ў сваім жыцці.

Вельмі важным элементам навяртання з’яўляецца адкрыццё праўды, што маё жыццё мае сэнс толькі тады, калі я кагосьці чакаю, для кагосьці жыву, калі я камусьці патрэбны. Гэта значыць, калі я магу знайсці таго, дзеля каго магу працаваць, ствараць, а нават цярпець. Я хачу быць патрэбным нават тады, калі страчу сілы, калі прыйдзе старасць. І калі знойдзецца хтосьці такі, з кім я магу падзяліцца парадкам і прыгажосцю свайго сэрца, адразу ў нашым сэрцы запануе лад, стане цёпла і ясна.

Сёння ў Евангеллі мы чуем словы Езуса, у якіх Ён звяртаецца да нас з заклікам аб навяртанні: «Настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле». Падобнымі словамі некалі звяртаўся Ян Хрысціцель да натоўпу, які гарнуўся да яго, каб слухаць яго словы і прымаць хрост. Ян казаў: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае… Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму».
 
Апошні прарок Старога Запавету перакананы, што менавіта ў яго час адбываецца пераварот і радыкальная змена старога парадку ў свеце. Новы, больш чалавечны і больш справядлівы свет створыць не чалавек, а сам Бог. Ян Хрысціцель прадбачыць знакі падзення старога парадку і структур свету: «Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь». Езус сёння кажа падобныя словы, каб мы спынілі хоць на нядоўгі час нашу штодзённую мітусню і задумаліся аб вечных справах, а дзеля гэтага патрэбна пакаянне і вера.

Ян Хрысціцель абвяшчаў новы свет, які народзіцца з Божага дару. Ён аб’явіў, што «той, хто ідзе за мною… будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём». Гэта значыць, што сам Ян Хрысціцель не мае ні моцы, ні сродкаў для таго, каб змяніць свет, таму яго дзейнасць абмяжоўваецца толькі да прапаведвання і ўдзялення хросту «ў вадзе для пакаяння». Ён толькі папярэднік Месіі. Тым не менш, Ян павінен выканаць вырашальную місію — прывесці людзей да пазнання сваіх грахоў ці, іншымі словамі, да таго, каб яны прызналі сваю няздольнасць самастойна ўсталяваць Божае Валадарства. Бо толькі яно можа змяніць свет. Ян паспяхова выканаў сваю місію, таму што сам перажываў сваё навяртанне.

Умілаваныя! Наша навяртанне перш за ўсё звязана з рэалізацыяй нашага паклікання: каб мы сваё жыццё будавалі на хрысціянскіх каштоўнасцях, якімі між іншым з’яўляюцца: вернасць, міласэрнасць, прабачэнне, а перадусім шчырая, некрывадушная любоў. Кожны з нас мае пакліканне з моманту нараджэння, калі прыйшоў у гэты свет. Кожнаму з нас Бог даў нейкія дары і таленты, каб мы, знайшоўшы іх у сабе, развівалі гэтыя дары настолькі, наколькі можам. Не ўсе добрыя справы ў сваім жыцці мы можам заўважыць, або можам выбраць памылковы шлях, і так бывае часцей за ўсё, і тады нам варта ўсім сэрцам прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Гэта значыць абярыце правільны накірунак у вашым жыцці, выпраўце мінулыя памылкі і старайцеся больш іх не паўтараць. Але калі нават і здарыцца памылка ці ўпадак, любоў нашага Збаўцы здольная перамагчы ўсё, асабліва нашую чалавечую слабасць. Езус можа зноў нас паставіць на ногі! Толькі ці верым мы ў гэта?

У сённяшнім закліку да навяртання Езус дае нам пэўнасць: калі мы прыслухаемся да Ягоных словаў і прымем іх да сэрца, то ўчынім правільнае рашэнне, якое нас так ці інакш наблізіць да Бога. У нейкай ступені мы, як апосталы-рыбакі, пакінем свае сеткі, гэта значыць свае клопаты і праблемы, якімі так моцна насычана нашае жыццё, і, пакінуўшы кожны гэтыя свае сеткі, пойдзем за Езусам — будзем кожную хвіліну жыць евангельскай праўдай. А гэта ў сваю чаргу пераменіць нашае старое жыццё.

Мае дарагія! Езус усё, што ўчыніў, зрабіў для нас! Ён аздараўляў, уваскрашаў, лячыў і навучаў для нас, каб мы ўбачылі ў Ім праўду свайго жыцця і не баяліся за Ім пайсці, каб не спалохаліся, як багаты малады юнак з Евангелля. Бо багацце можа нас як трымаць у эгаістычнай залежнасці, так і зрабіць ахвярнымі для бліжніх. Галоўнае - як мы падыходзім да гэтага багацця. Самае галоўнае ў гэтым - нашае сэрца. Калі мы перажываем навяртанне, то нашае сэрца здольнае адарвацца ад матэрыяльнага багацця і адкрыцца для патрабуючага чалавека. І гэта, мае дарагія, наш шанс, каб не змарнаваць сваё жыццё, але пражыць яго з той прыгажосцю, якую першапачаткова заклаў у жыццё Бог. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа