Пошук


15.11.2014 14:13  

«Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён».


Дарагія браты і сёстры!

Набліжаецца заканчэнне літургічнага года, і таму ў Божым слове мы можам заўважыць выразна пастаўлены націск на перспектыву вечнасці, на прыйсце Езуса Хрыста. А словы з сённяшняй акламацыі, якія я працытаваў на пачатку нашага разважання, асабліва моцна прамаўляюць да нашых сэрцаў: калі застанецеся ў Езусе Хрысце, зможаце прынесці багаты плён, зможаце развіць свае таленты, якія кожны з вас мае. Як нам разумець словы сённяшняй прыпавесці, аб якіх талентах кажа сёння Езус?

Ад моманту, калі Бог стварыў першага чалавека, кожны з нас у пэўным сэнсе з’яўляецца тым слугою, якому Бог даручыў пэўную колькасць дароў і талентаў: аднаму — пяць, другому два, а камусьці адзін. Калі хтосьці з вас думае, што ён наогул не атрымаў ад Бога ніводнага таленту, той відавочна памыляецца. Ведаеце, які талент кожны з нас без выключэння атрымаў — гэта талент жыцця. Час, каб гэтае жыццё добра ўкласці паводле сваіх магчымасцяў і здольнасцяў. Нашае жыццё — гэта перыяд інвестыцый, якія мы робім і якія накіраваны ў нашу будучыню. Гэты час і з’яўляецца талентам, які ні ў якім разе нельга змарнаваць.

Мае дарагія! Вельмі важна, каб мы ў сваім жыцці імкнуліся адкрываць гэтыя таленты, бо мы за іх адказныя перад Богам. Памятаем словы, якія некалі сказаў Езус: «Каму шмат дадзена, ад таго і шмат будуць патрабаваць». Калі хтосьці выкарыстоўвае атрыманыя ад Бога таленты выключна для сваёй выгады або калі гэтым крыўдзіць бліжняга ці наогул хавае атрыманы талент, той нясе перад Богам адказнасць. Прыйдзе час, калі за ўсё гэта давядзецца разлічыцца перад Богам, і тады пачуем словы, якія мы неаднойчы чулі ў Евангеллі: «Тое, што вы ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне ўчынілі».

Аднак, мае дарагія, сёння Езус не збіраецца нас палохаць апошнім судом, часам парузіі, калі напрыканцы вякоў Ён прыйдзе і будзе судзіць жывых і памерлых, але заклікае нас да адказнасці за Божае Валадарства, якое тут, сярод нас. Езус жадае, каб мы прынеслі багаты плён як у цяперашнім жыцці, так і ў жыцці вечным. А дзеля гэтага нам трэба трываць у Езусе.

Умілаваныя браты і сёстры! Мы не зможам трываць у Езусе, калі не трываем у еднасці паміж сабою. Як вы можаце любіць Бога, якога не бачыце, калі не любіце бліжніх, якіх бачыце? Паколькі Езус заклікае нас да Божага Валадарства, то кожны становіцца ўдзельнікам гэтага Валадарства ўжо тут, на зямлі, і гэтае Валадарства працягвае будаваць. Хрыстус заклаў фундамент, а мы працягваем далей гэтую будову.

А як ведаеце, у любой будове павінна быць еднасць, якая робіць яе трывалай. Вось да гэтай еднасці кожны з нас пакліканы. Гэта таксама наш агульны талент: стварыць еднасць у будове Божага Валадарства. Адносіны, у якіх мы праз справядлівасць, любоў і супакой сустракаемся з Хрыстом і прабываем з Ім разам у супольнасці. Так, як апосталы і вучні разам з Марыяй збіраліся разам на малітве і трывалі ў еднасці. Думаеце, што зараз штосьці змянілася, што прынцып быцця ў еднасці быў уласцівы толькі першаму Касцёлу, а зараз, праз дзве тысячы гадоў, час змяніўся і змяніліся нашыя адносіны да гэтага? Ніякім чынам! Словы Езуса актуальныя да канца вякоў, і ніколі не зменіцца іх значэнне і змест.

Ёсць адна добрая нямецкая прымаўка, якая выдатна падыходзіць сёння да нашага разважання: «Gottesgaben sind Aufgaben» - што Бог дае, тое Ён і патрабуе. У святле гэтага сённяшняя прыпавесць з’яўляецца для нас выразным напамінам, што кожны з нас мае таленты і нясе за іх адказнасць: як перад Богам, так і перад іншым чалавекам. Бо таленты нам дадзены, каб мы, выкарыстоўваючы іх, служылі іншым. Езус хоча, каб мы былі і адказнымі, і сумленнымі за ўсё, што ад Бога атрымалі. Мы не можам выкарыстоўваць гэтыя таленты выключна для сябе, для сваёй карысці, бо што Бог дае, тое Ён і патрабуе. Мастакі, артысты, музыканты, паэты і іншыя людзі, якія змаглі развіць свае здольнасці, не пакінулі іх выключна для сябе, але ўзбагацілі гэтымі дарамі чалавечую супольнасць. Таксама і нам у плане веры належыць уменне гэтым дарам жыць і дзяліцца верай. Каб тое, што мы вызнаем вуснамі, стала адлюстраваннем у нашых паводзінах і ў нашым стылі жыцця.

Дарагія браты і сёстры! Драматычныя падзеі сённяшняй прыпавесці дакрануліся апошняга слугі, якому быў дадзены толькі адзін талент. Можам падумаць, што яму не пашанцавала і ён стаў ахвярай няміласці свайго гаспадара, які пакінуў яму ўсяго толькі адзін талент. Але справа зусім не ў гэтым. Слуга, які атрымаў адзін талент, нічога не зрабіў з ім не таму, што талентаў было занадта мала, не таму, што пачуў сябе пакрыўджаным, але таму, што нічога не хацеў рабіць з дарам свайго гаспадара, а пайшоў і закапаў яго. Бо так прасцей за ўсё.

Гэта перасцярога для кожнага з нас. Калі мы і адчуваем сябе не вельмі таленавітымі людзьмі - гэта зусім не значыць, што мы можам знеахвочвацца і ленавацца, што маем права марнаваць той адзін талент, які маем. Бо калі мы няверныя ў малых справах, то будзем нявернымі і ў вялікіх. Калі мы не можам выкарыстаць маленькі талент, хто нам дасць вялікі? Калі нам Бог дае, то і патрабуе, калі патрабуе, то дапаможа нам. Галоўнае — гэта быць Яму верным. Толькі так мы зможам заставацца і трываць у Езусе і прыносіць багаты плён. Да гэтага кожны з нас пакліканы. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.