Пошук

07.11.2014 14:13  

«Чувайце і будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце».

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя літургія слова звяртае ўвагу на Божы дар, якім з’яўляецца мудрасць. Чытанне са Старога Запавету надае мудрасці нават чалавечыя рысы: «Яна спяшаецца да тых, хто яе прагне (…) бо яна сама ходзіць навокал, шукаючы годных яе». Чытаючы Евангелле, заўважаем таксама вобраз пяці мудрых паннаў і пяці неразумных. Давайце разам крыху паразважаем над мудрасцю у нашым жыцці.

Умілаваныя! Кожны чалавек набірае жыццёвы досвед, становіцца вопытным, а гэты працэс пачынаецца ад моманту, калі чалавек прыходзіць на свет. Свой жыццёвы вопыт чалавек пачынае чэрпаць ад сваіх найбліжэйшых, ад сваёй сям’і. Бацька і маці, якія прагнуць, каб іх дзіця было шчаслівым, каб добра расло, развівалася, набірала жыццёвага вопыту, вучылася чамусьці добраму ў жыцці, імкнуцца адарыць сваё дзіця шчырай любоўю, любоўю бескарыснай і таксама імкнуцца добра выхаваць сваё дзіця. Потым надыходзіць момант, калі дзіця падрастае, ідзе ў школу — гэта чарговы этап у жыцці чалавека, які пачынае зведваць іншую атмасферу: да гэтага ён быў больш з бацькамі, а зараз знаходзіцца ў классе, дзе трэба ўважліва слухаць настаўніка, быць дысцыплінаваным, выконваць дамашняе заданне і г. д. Ужо ад дзіцяці штосьці патрабуецца.

У гэты час вельмі важная дзейнасць настаўнікаў, бо яны не толькі перадаюць вучням веды, але і дапамагаюць адкрываць у іх уласныя зацікаўленасці і таленты. Усё гэта дапамагае маладому чалавеку здабываць мудрасць у сваім жыцці.

Сёння малады чалавек, жыццё якога перапоўнена навукай у школе, думаецца, неаднаразова задае сабе пытанне: ці ўсе гэтыя веды, якія ён набывае ў школе або ў ВНУ, дапамогуць яму ў будучыні. Напэўна, кожны малады чалавек з надзеяй глядзіць у будучыню, жадаючы, каб у перспектыве выконваць любімую працу або ў поўнай меры рэалізаваць свае здольнасці ў той ці іншай сферы і, канешне, атрымоўваць добрую матэрыяльную базу. Трэба адзначыць, што нашыя планы адносна самарэалізацыі ў будучыні мы злучаем з матэрыяльнымі дабротамі, бо яны перад намі адкрываюць яшчэ больш магчымасцяў.

Чалавек веруючы ідзе яшчэ далей. Для яго ўласцівы такі ж самы погляд, толькі розніца ў тым, што сваё жыццё ён будуе на хрысціянскіх вартасцях, не канцэнтруецца канчаткова толькі на матэрыяльных дабротах, але ў гэтым жыцці бачыць іншыя перспектывы і мэты — больш трывалыя і непрамінальныя. Сённяшнія чытанні скіроўваюць наш позірк у бок шукання мудрасці. А яе можа знайсці толькі той, хто яе шукае. І тады ў нас можа з’явіцца наступнае пытанне: дзе і як шукаць гэтую мудрасць? На шчасце, у нас ёсць усё неабходнае для таго, каб знайсці мудрасць у сваім жыцці. Перадусім кожны з нас мае розум і свабодную волю — гэта асноўныя інструменты ў пошуках мудрасці. Дзякуючы розуму і волі мы выдатна можам арыентавацца ў жыцці, рабіць высновы, вучыцца на памылках і вучыцца, як гэтых памылак пазбягаць. Інакш кажучы, для гэтай справы неабходныя сродкі мае кожны.

У святле нашай веры мы адкрываем, што мудрасць — гэта ў першую чаргу гатоўнасць пайсці за Хрыстом кожную хвіліну свайго жыцця. Мы гэта ведаем, мы імкнёмся сустракацца з Хрыстом у нашай асабістай малітве, падчас святой Імшы. Аднак бываюць моманты, калі мы духоўна слабеем і гэты кантакт з Хрыстом у нашым жыцці становіцца меншы, праз нашу абыякавасць, праз празмерны клопат аб матэрыяльных дабротах мы пачынаем адыходзіць ад першапачатковай руплівасці, якую мелі на пачатку.

Хрыстус сёння ў Евангеллі заклікае нас да чування і да вернасці Яму кожны момант нашага жыцця. Мы не ведаем ні час, ні гадзіну, таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Хрыстом. Паглядзіце на пяць неразумных паннаў з сённяшняй прыпавесці: хоць яны і мелі пры сабе светачы, але паколькі не хапіла алею, не маглі выкарыстоўваць свае светачы. І адбылося гэта ў такі нязручны момант, што, калі прыйшоў жаніх, яны замест святла радасці аказаліся ў цемры роспачы. Калі мы пастараемся перакласці гэты вобраз на нашую рэчаіснасць, то перш за ўсё ён азначае нашую адказнасць за развіццё талентаў і дароў, якія мы атрымалі ад Бога. Гэта і ёсць той алей, які дае святло. Бо ва ўсіх нас ёсць светачы, толькі пытанне, ці гэтыя светачы будуць асвятляць нашую жыццёвую дарогу, ці будзе ў іх дастаткова алею, каб нам не апынуцца ў цемры. У гэтым нам можа дапамагчы мудрасць. Яна не дазволіць, каб алей у нашых светачах вычарпаўся.

Дарагія! У наш час заўважаем, што часцей і часцей нас паглынае лавіна інфармацыі. Яе так шмат, што цяжка бывае ў ёй разабрацца, можна згубіцца ў мностве розных рэчаў, навінаў, дыскусій і г. д. Для таго, каб наша свядомасць развівалася, а не гублялася ў гэтай інфармацыі, належыць умела распазнаваць і выбіраць для сябе толькі тое, што карыснае, каштоўнае і мае добры ўплыў на нашую асобу, на нашае гарманічнае развіццё. Кіно, тэлебачанне, інтэрнэт, радыё, часопісы, музыка, літаратура, масцтацтва — усё гэта, безумоўна, здольна нас узбагаціць, але толькі ў тым выпадку, калі мы для сябе робім патрэбную селекцыю гэтай інфармацыі. Бо інакш, калі мы будзем успрымаць інфармацыю хаатычна, без выбару, то яе ўплыў можа мець для нас дэструктыўны характар, можа пашкодзіць нашаму развіццю. Таму ў гэтай справе патрэбна мудрасць і разважлівасць, каб мы не згубіліся, але ішлі ў правільным накірунку.

Памятайма, дарагія браты і сёстры, што нас Хрыстус кліча, каб мы дапамагалі здабываць мудрасць як для сябе, так і для іншых. У сваім навучанні Езус адкрывае нам праўду аб чалавеку і дае наказ, як гэтай праўдай жыць, куды імкнуцца. Калі мы ўсім сэрцам і розумам далучымся да Хрыста, то зможам разам з Ім быць надзейнымі арыенцірамі мудрасці і жыццёвага вопыту для іншых. Мудрасць у сваёй сутнасці не з’яўляецца прадметам пахвалы, але абавязвае да служэння. Як казаў Езус сваім апосталам: «Я прыйшоў, каб не Мне служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх». Дар мудрасці дазваляе нам перамагчы ўласны эгаізм і з любоўю выйсці насустрач бліжнім, якія патрабуюць маёй асобы, майго сэрца. Бог выходзіць з вялікай любоўю да чалавека, і той, хто мае мудрасць, здольны гэта заўважыць і прыняць любоў да свайго сэрца, бо толькі так можна перамяніць гэты свет, каб святло веры дайшло да ўсіх яго куткоў.

Дарагія! Мудрасць — гэта штосьці большае, чым атэстат, чым дыплом вышэйшай навучальнай установы. Можна быць прафесарам, кандыдатам навук і адначасова быць неразважлівым, пазбаўленым дару мудрасці; а можна быць звычайным простым селянінам і мець незвычайную жыццёвую мудрасць і вопыт.

Так ці інакш, Бог жадае, каб мы былі мудрымі, каб шукалі мудрасць у сваім жыцці. Таму з даверам просім сёння аб гэтым каштоўным дары для кожнага з нас. Каб нашыя светачы веры заўсёды былі запалены. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.