Пошук

18.10.2014 16:54  

«Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу»

Дарагія браты і сёстры! Паглядзіце, які мудры адказ дае сёння Езус вучням фарысеяў разам з палітычнай суполкай Ірада, якія пытаюцца ў Яго, належыць даваць падатак цэзару ці не.

Пытанне гэтае было, канешне, вельмі перфідным, бо яго мэтай было не столькі выпрабаваць Езуса Хрыста, колькі паставіць Яго ў сітуацыю паміж двума агнямі. Калі Езус адкажа «так», вучні фарысеяў абвінавацяць Яго ў супрацоўніцтве з рымскімі акупантамі, і ў гэты момант Езус можа згубіць прыхільнасць і давер народу. Калі адкажа «не» — зграя Ірада скажа, што Ён хоча паспрыяць палітычнаму перавароту, бо не шануе ўлады цэзара. Здаецца, Езус трапіў у безнадзейнае становішча.

Аднак мудры Настаўнік з Назарэта добра ведае сэрцы тых, хто Яго пытаецца, ведае, чаго яны хочуць дабіцца праз гэтае пытанне, таму просіць іх, каб паказалі Яму срэбную манету, якая звычайна служыла падаткам, і пытаецца ў іх, чыя гэта выява і надпіс. Адказваюць Яму, што Цэзара. І тады Езус дае адказ, якога ніхто не чакаў — ані вучні фарысеяў, ані прыхільнікі Ірада: аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу!

У гэтым простым адказе Езуса можна ўбачыць, што найбольш важнае для кожнага чалавека: аддаць Богу тое, што здаўна належыла да Яго. Як на рымскай манеце была выява цэзара, таксама ў сэрцы кожнага чалавека ёсць выява вобразу і падабенства Бога: бо на свой вобраз Ён нас стварыў. А паколькі мы належым Богу, то нам трэба да Яго вярнуцца. Таму самым важным у жыцці не з’яўляецца адданне падаткаў цэзару, але адданне Богу ўласнага жыцця і сэрца — вось гэта больш важнае.

Як нам, дарагія браты і сёстры, успрымаць сённяшні адказ Езуса? Як жыць гэтымі словамі, бо і да нас, людзей сённяшняй эпохі, звернуты гэтыя словы? Перадусім словы Езуса, Яго заахвочванне, належыць разумець як заклік да адказнасці за асяроддзе, у якім я жыву, адказнасці за мае адносіны да людзей, сярод якіх жыву і з якімі сустракаюся, супрацоўнічаю, будую маю сучаснасць.

Праз гэтыя словы Евангелля Езус жадае, каб мы, выконваючы свае абавязкі  і працу, удасканальвалі сваё жыццё і ўсё ў гэтым жыцці выконвалі з любоўю, служачы шчыра Яму ў сваіх братах і сёстрах, каб праз нашу паслугу грамадства, у якім жывём, магло адпавядаць Божай задуме.

Дарагія браты і сёстры! Яшчэ адзін момант з Евангелля, на які варта звярнуць увагу. Вучні фарысеяў і прыхільнікі Ірада перад тым, як запытацца Езуса, ілжыва хваляць Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека». Праціўнікі Хрыста сцвярджаюць, што Яго словы годныя веры, што Езус вучыць праўдзе, вучыць таму, што найважнейшае ў жыцці чалавека. Па іх словах, Езус з’яўляецца аб’ектыўным чалавекам, які не зважае на тое, багаты чалавек ці бедны, займае нейкую пасаду ці гэта звычайны просты грамадзянін. Яны станоўча сцвярджаюць, што Езус паступае справядліва ў адносінах да кожнага чалавека і вучыць Божай праўдзе. Толькі навошта было гэтае лірычнае адступленне перад крывадушным пытаннем адносна падаткаў цэзару? Напэўна, пахвала была няшчырай, бо яны сведчылі пра Езуса перад сабраным народам, які Яго лічыў настаўнікам і мудрацом. Напэўна, фарысеі Яго такім не лічылі, але вызналі гэта перад людзьмі, каб перфідна прынізіць Езуса крывадушным пытаннем.

Тым больш Езус неаднойчы казаў пра сябе, што Ён з’яўляецца праўдай, а ў недалёкай будучыні вызнае перад Пілатам: «Я дзеля гэтага нарадзіўся і прыйшоў у свет, каб даць сведчанне праўдзе». Вось гэта і была адна з зачэпак для праціўнікаў Езуса.     

Сённяшні урывак з Евангелля, над якім разважаем, набліжае нас да падзеяў мукі Езуса Хрыста. Гэтыя апошнія падзеі пачынаюцца з моманту, калі Езус у слушным гневе выгнаў са святыні гандляроў. Тады здзіўленыя першасвятары і старэйшыны пыталіся ў Яго, якім правам Ён гэта ўчыніў і хто Яму даў такую ўладу. Езус тады не збянтэжыўся, а задаў ім сустрэчнае пытанне: адкуль, на вашу думку, паходзіць Янавы хрост — з неба ці ад людзей? Паколькі старэйшыны адказалі «не ведаем», то і Езус ім адказаў, што не скажа, якой уладаю гэта робіць.

Фарысеі і старэйшыны не хацелі стаць у праўдзе і прызнацца ва ўсіх сваіх памылках — вось чаму Езус кіруе да іх і да сабранага народа прыпавесць аб двух сынах, адзін з якіх адказаў айцу «так» і не выканаў яго волю, а другі адмовіў, а потым, адумаўшыся, выканаў сваё заданне. І падагульніў гэтую прыпавесць моцным і зразумелым для ўсіх сцвярджэннем: мытнікі і грэшнікі уваходзяць перад вамі да валадарства нябеснага, бо яны, чуючы Яна, навярнуліся, а вы, бачачы гэта, нават і не апамяталіся, каб яму паверыць.

А паколькі і гэтых моцных словаў было мала, Езус апавядае прыпавесць аб злых вінаградарах. Яна змяшчала ў сабе ўсю гісторыю Ізраэльскага народу, асабліва драматычныя моманты гэтай гісторыі. Езус кажа, што гэтыя ліхія вінаградары не толькі ігнаруюць волю гаспадара вінаградніка, але нават б’юць і забіваюць тых слугаў, якія пасланыя, каб узяць належны плён. Напрыканцы яны забіваюць нават і сына. Вядома, што гаспадаром вінаградніка у гэтай прыпавесці з’яўляецца Бог, а слугамі — Яго прарокі, якіх Ён пасылаў да свайго нявернага народу. Фарысеі і святары выдатна зразумелі, што гэта пра іх Езус казаў, таму стараліся Яго схапіць, знішчыць, прынізіць, адпомсціць... І спробай гэта зрабіць з’яўляецца пытанне, звернутае да Езуса, якое мы чуем у сённяшнім урыўку Евангелля.

Такія паводзіны фарысеяў тлумачыліся тым, што яны не жылі ў праўдзе. Яны для сябе стварылі свой свет і прабывалі на сваёй хвалі. Яны не маглі ў свой свет прыняць нейкага Божага Месію, бо інакш гэты іх свет рухнуў бы. Фарысеі баяліся згубіць свой прэстыж, бо іх паўсюдна шанавалі, людзі схілялі перад імі галовы. Старэйшыны і настаўнікі Ізраэля, як правіла, займалі высокія пасады ў грамадстве, хадзілі ў доўгай прыгожай вопратцы, якую пашыралі і ўзбагачалі, каб праз гэта іх шанавалі яшчэ больш. Езуса яны страшна баяліся  і ненавідзелі, таму што Ён казаў пра іх праўду, паказваў людзям, якія яны ёсць на самой справе: хлусы і крывадушнікі. Вось чаму яны былі здольныя на ўсё, каб толькі нічога звонку не пагражала іх стылю жыцця: хлусні, падману і кравадушніцтву.

Умілаваныя! Як жа часта мы нагадваем крыху гэтых фарысеяў, асабліва калі хтосьці робіць нам слушную заўвагу і нам бывае цяжка штосьці карэнным чынам змяніць. Бо гэта насамрэч цяжка: калі грэх укараняецца, калі мы занядбоўваем змаганне з ім, то цяжка прымаць праўду. Мы прывыкаем да свайго стылю жыцця, падобна як прывыклі фарысеі. Калі мы не жывём у праўдзе, то мы нявольнікі. А Хрыстус кажа: пазнайце праўду і праўда вас вызваліць! Таму аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

Хрыстус, увайшоўшы ў гэты свет, разагнаў існуючую цемру святлом сваёй праўды! Гэта нагода да сапраўднай радасці, гэта жывая надзея для кожнага чалавека: тая дарога праўда і жыццё, якою варта крочыць і якой варта жыць кожны дзень. Дзякуем Богу за дар збаўлення і прагнем слухаць Яго голас, бо кожны, хто з праўды нарадзіўся, слухае Твой голас, Пане. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця