Пошук

14.10.2014 15:09  

«Няхай не знойдзецца нічога, што будзе цябе непакоіць, што будзе цябе палохаць. Бо ўсё прамінае, толькі Бог застаецца нязменным. Дзякуючы цярплівасці можна дасягнуць усяго. Той, у каго ёсць Бог, мае усяго ўдосталь. Толькі Бога дастаткова».

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Гэтымі вельмі вядомымі словамі нашай святой хачу распачаць разважанне, у якім прагну наблізіць да вас як асобу св. Тэрэзы ад Езуса, так і яе жыццё. Вядомая справа, цяжка ў адным казанні перадаць асаблівасць і адметнасць жыцця нашай святой, мне здаецца, нават кнігі пра яе было б мала, тым не менш паспрабую ў некалькіх словах вылучыць асаблівыя моманты яе жыцця, тое, што нас з ёю можа пазнаёміць: яе жыццё, напоўненае малітваю сэрца і сузіраннем Бога. Кім была нашая святая?

Тэрэза Санчэс дэ Сэпеэда-і-Аумада, больш вядомая як святая Тэрэза ад Езуса, нарадзілася 28 сакавіка 1515 г. у Авіле (Іспанія) Пасля смерці маці яна выхоўвалася ў сясцёр аўгустынак і пад уплывам «Лістоў» св. Гераніма і прагнення прысвяціць сваё жыццё Богу ва ўзросце 20 гадоў сама ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Авіле з намерам весці жыццё малітвы. Пасля складання манаскіх шлюбаў Тэрэза цяжка захварэла і нават была часткова паралізавана. У той жа час у яе з’яўляюцца містычныя бачанні. Дзякуючы гэтым незвычайным духоўным перажыванням Тэрэза ад Езуса вырашыла імкнуцца да абсалютнай дасканаласці.

Затым, ужо ў сталым узросце, адначасова з духоўным ростам святая пачала развіваць ідэю рэформы закону кармэлітаў. Першы рэфармаваны ёю кляштар са згоды мясцовага біскупа быў заснаваны ў яе родным горадзе Авіле. Праз некаторы час такія кляштары пачалі з’яўляцца ў многіх іншых гарадах Іспаніі. Праз шэсць гадоў заахвочаны яе прыкладам святы Ян ад Крыжа рэфармаваў мужчынскую галіну ордэна, даючы пачатак босым кармэлітам. За сваю рэфарматарскую дзейнасць святая Тэрэза ўвесь час цярпела ад нападаў і крытыкі нядобразычліўцаў. У 1580 г. Апостальскай Сталіцай было пацверджана стварэнне новай аўтаномнай правінцыі закону.

Святая Тэрэза Авільская рэфармуе Кармэль, у выніку гэтага ўзнікае новае вымярэнне манаскага жыцця, заснаванае на больш сціслым евангельскім жыцці, жыцці ў малітве і ва ўзаемнай братэрскай любові. Маці Тэрэза кажа: «Свет у агні», маючы на ўвазе рэлігійныя войны, якія ў гэты перыяд адбываюцца, між іншым, у Францыі. Гэта адначасова час адкрыцця Амерыкі. Бачачы свет у цяжкай сітуацыі, св. Тэрэза ад Езуса пытаецца сама ў сябе: «Што я, будучы ўбогай і слабай жанчынай, магу зрабіць? Не магу абвяшчаць Слова, не магу быць місіянеркай, але магу інтэнсіўна жыць Евангеллем разам з маімі сёстрамі, каб такім чынам быць карыснай для Касцёла». У гэтым стылі манаскага кантэмпляцыйнага жыцця яна бачыць сэнс свайго паклікання, сваёй службы Богу і Касцёлу.

Тэрэза ад Езуса не мела акадэмічнай фармацыі, але вельмі любіла самастойна знаёміцца з навучаннямі тэолагаў, пісьменнікаў і духоўных настаўнікаў. Як пісьменніца яна заўсёды апісвала тое, што перажывала сама, або тое, што бачыла ў вопыце іншых. Так, яна заўсёды абапіралася на вопыт. Калі прыгледзецца да яе духоўных твораў, то можна ўбачыць, што на іх паўплывалі многія святыя, з якімі яна сустракалася і пераймала духоўны вопыт. Асабліва блізкім ёй быў святы Ян ад Крыжа.

Тэрэза ад Езуса напісала шмат кніг, сярод якіх можна адзначыць аўтабіяграфічную «Кнігу жыцця», а таксама працу «Шлях да дасканаласці», якая змяшчае духоўныя настаўленні для першых сясцёр, якія ўступілі ў рэфармаваны кляштар.

Самай вядомай містычнай кнігай св. Тэрэзы з’яўляецца «Унутраны замак», напісаны ў 1577 г. У гэтай працы святая апісвае свой уласны духоўны шлях і адначасова працэс магчымага дасягнення паўнаты і святасці хрысціянскага жыцця пад кіраўніцтвам Святога Духа. Тэрэза разважае аб замку з сямю пакоямі, як выяве ўнутранага свету чалавека. Сваё натхненне Тэрэза чэрпала са Святога Пісання і асабліва з Песні Песняў і яе сімвалічнага заканчэння, у якім распавядаецца аб спатканні «двух сужонкаў».

Вядома, што вельмі цяжка ахапіць глыбокую духоўнасць св. Тэрэзы ў некалькіх словах, але можна вылучыць некаторыя асаблівыя рысы тэрэзіянскай духоўнасці: перш за ўсё святая прапануе евангельскія цноты як фундамент усяго хрысціянскага і чалавечага жыцця, асабліва каштоўнасць евангельскай беднасці; любові паміж людзьмі, як асновы супольнага і сацыяльнага жыцця; пакоры, як любові да праўды; тэалагічнай надзеі, якую апісвае як прагу жывой вады. Акрамя таго, нельга забывацца і аб чалавечых цнотах, якія наша святая часта ўзгадвае, — такіх, як ветлівасць, праўдзівасць, радасць, культура.

Па-другое, св. Тэрэза прапануе нам прыклад глыбокай сувязі з вялікімі біблійнымі постацямі і тымі, хто жыў Божым словам. Да ўнутранай малітвы яе натхнялі некаторыя тэксты Старога Запавету, асабліва Песня Песняў, у Новым Запавеце Евангелле і лісты Паўла сталі для яе духоўнай матывацыяй, а таксама ўяўленне Пакутуючага Хрыста і Хрыста Эўхарыстычнага развівалі ў ёй прагненне малітвы сэрца і глыбокай лучнасці ў гэтай малітве з Богам.

Святая падкрэслівае важнасць малітвы. Для яе маліцца азначае «сустракацца з сябрам, таму што сустракаемся з тым, хто нас любіць». Малітва Тэрэзы мае вельмі простае акрэсленне: гэта быць у прысутнасці Таго, аб кім я ведаю, што мяне любіць. Калі мы пазнаёмімся з яе працамі бліжэй, то можам заўважыць, нават дасведчыць, што навучанне нашай Святой Маці аб малітве не з’яўляецца толькі педагогікай ці нейкай духоўнай тэорыяй, але сапраўднай містагогіяй: той, хто чытае яе працы, моліцца разам з ёй.

Яшчэ адной тэмай, блізкай св. Тэрэзе, з’яўляецца важнасць чалавечнасці Хрыста. Для яе хрысціянскае жыццё — гэта персанальныя адносіны з Езусам, якія маюць сваю кульмінацыю ў яднанні з Хрыстом праз ласку, любоў і наследванне Яго.

Апошні важны аспект духоўнасці св.Тэрэзы ад Езуса, на які хачу звярнуць увагу, — гэта дасканаласць, якая з’яўляецца натхненнем для ўсяго хрысціянскага жыцця і адначасова яго галоўнай мэтай. Наша святая мела вельмі ясную ідэю аб «паўнаце» Хрыста, якую перажывае кожны хрысціянін. У апошнім пакоі «ўнутранага замку», аб якім пісала Тэрэза, яна апісвае гэтую паўнату, якая рэалізуецца праз прабыванне ў нас Найсвяцейшай Тройцы, праз з’яднанне з Хрыстом у таямніцы Яго чалавечнасці.

Зараз хачу зацытаваць невялічкі ўрывак з яе аўтабіяграфіі, які адлюстроўвае глыбокую духоўнасць і адначасова простасць нашай святой. Гэта былі пэўныя парады для яе духоўных дачок.

«Для каго Хрыстус з’яўляецца сябрам і велікадушным дарадчыкам, той усё можа перанесці ў сваім жыцці. Езус сам прыходзіць каб дапамагчы і падтрымаць. Ён дадае сілы і не пакідае нікога, бо з’яўляецца сапраўдным і шчырым сябрам. Выразна бачу, — піша Тэрэза, — Божай воляй з’яўляецца тое, каб мы, калі хочам падабацца Богу і атрымліваць ад Яго ўсялякія патрэбныя ласкі, атрымлівалі гэта праз пасрэдніцтва Найсвяцейшага Чалавецтва Хрыста, у якім сам Бог мае ўпадабанне.

Кожны раз, калі мы думаем аб Езусе Хрысце, важна, каб мы ніколі не забывалі аб Яго любові, дзякуючы якой Ён нас надзяляе так вялікімі ласкамі і дабротамі, а таксама не забывайма аб любові, якую нам аказаў Айцец, калі ахвяраваў нам свайго Сына, праз якога праявіў сваю любоў да нас. Любоў патрабуе любові. Таму заўсёды старайцеся мець перад вачыма гэтую праўду і такім чынам не слабейце ў руплівасці, але ўзрастайце ў любові. Калі нам добры Бог удзеліць гэтую ласку і запаліць у нашым сэрцы агонь такой любові, то ўсё для нас стане простым, і без асаблівых цяжкасцяў вельмі шмат дасягнем і выканаем».


Вось так выглядае ў двух словах спадчына духоўнасці святой Тэрэзы, якую яна перадала нам і таксама ўсім тым, хто пажадае весці глыбокае духоўнае жыццё. Наша святая, знясіленая нястомнаю працаю, а таксама вялікімі фізічнымі і духоўнымі пакутамі, памерла 4 кастрычніка 1582 г. у мясцовасці Альба дэ Тормэз. У 1622 годзе яна была кананізавана Папам Грыгорыем XV, а ў 1970 г. Папа Павел VI абвясціў яе доктарам Касцёла.

На заканчэнне хачу памаліцца праз заступніцтва нашай святой: няхай святкаванне юбілею 500-годдзя з дня яе наражэння стане для нас адкрыццём нанова яе духоўнай спадчыны, набліжэннем тога кармэліцкага духу, які яна нам пакінула, каб мы, беручы прыклад з нашай святой, вялі глыбокае духоўнае жыццё і плёнам гэтага жыцця дзяліліся з іншымі.

***

Святая Маці Тэрэза ад Езуса! Ты, якая прысвяціла сваё жыццё на службу Божай любові, навучы нас верна і рашуча крочыць шляхам малітвы сэрца, углядаючыся ў Бога ў Тройцы Адзінага, заўсёды прысутнага ў глыбіні нашага чалавечага быту. Умацуй у нас фундамент сапраўднай пакоры, духу евангельскай убогасці і бескарыслівай братэрскай любові ў школе Марыі, нашай Маці. Распалі ў нас руплівую апостальскую любоў да Касцёла. Выпрасі ў Бога, каб Езус стаў нашай сапраўнай радасцю, нашай надзеяй і нашай моцай, крыніцай жывой вады і найлепшым Сябрам.

Просім Цябе, Пане Езу, благаславі ўсю кармэліцкую сям’ю, навучы нас маліцца сэрцам разам з Табою, так, як гэта рабіла святая Тэрэза, наша Маці. Бо мы, Пане, Твая ўласнасць, дзеля Цябе нарадзіліся, учыні з намі паводле сваёй святой волі.

Святая Тэрэза ад Езуса, маліся за нас. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця