Пошук

25.07.2014 12:03  

1 чыт.: 1 Вал 3, 5. 7–12; Пс 119 (118), 57 і 72. 76–77. 127–128. 129–130.

2 чыт.: Рым 8, 28–30.

Ев.: Мц 13, 44–52 альбо (карац.) Мц 13, 44–46

Дарагія браты і сёстры! Кожны чалавек пакліканы да шчасця. Таму кожны з нас свядома ці падсвядома імкнецца ў сваім жыцці рэалізаваць свае здольнасці і магчымасці, так, каб быць шчаслівым. Каб у сваім жыцці зведваць радасць і супакой і цешыцца жыццёвым дабрабытам. Таму ў жыцці мы шукаем такіх вартасцяў, якія здольныя заспакоіць нашыя памкненні і мэты.

Многія на пачатку імкнуцца атрымаць адпаведную адукацыю, каб у будучыні мець перспектыўную працу, якая запэўніла б добры матэрыяльны стан. Таксама для шчасця чалавеку патрэбна сям'я, супольнасць блізкіх людзей, якія адорваюць адзін аднаго любоўю: муж, жонка, дзеці. Ёсць і тыя людзі, якіх Бог кліча на сваю службу, каб яны, даючы сведчанне Хрыстовага Евангелля і прысвячаючы сваё жыццё Хрысту, таксама былі шчаслівымі.

Як бачым, на ўсіх жыццёвых шляхах, якія розныя і якіх шмат, заўсёды ёсць магчымасць здабыць шчасце. І хоць шляхі розныя, але ўсе яны аб'яднаны адным: прысутнасцю Бога і жыццём, пабудаваным на хрысціянскіх вартасцях.

Дарагія! Калі мы дазваляем Богу ўвайсці на наш жыццёвы шлях, тады пачынаем прыслухоўвацца да Ягонага голасу і шукаць магчымасці, каб выконваць Яго волю. Бог заўсёды прысутны на шляхах чалавека, толькі калі чалавек закрыты на гэтую прысутнасць, то ён у поўні не здольны адчуць і перажыць Божую любоў у сваім жыцці.

Вось паглядзіце: Бог прысутны таксама і ў жыцці атэіста, які не прызнае або адкідвае Божую прысутнасць, і не значыць, што такі чалавек не можа быць шчаслівым. Можа. Толькі шчасце яго не трывалае і вымяраецца выключна зямнымі катэгорыямі. Для такога чалавека не існуе паняцця вечнага шчасця. Для чалавека веруючага паняцце шчасця сягае па-за межы зямнога жыцця. Ды і ў зямным жыцці мае іншы характар і больш глыбокі змест.

Першае чытанне з Кнігі Валадарстваў распавядае нам, наколькі важнай у жыцці паводле веры з'яўляецца цнота мудрасці. Саламон не просіць у Бога ані доўгага жыцця, ані багацця, ані знішчэння ворагаў, але просіць розуму ў кіраванні народам, каб умець адрозніваць дабро ад зла, каб чыніць правасуддзе. Іншымі словамі, Саламон просіць аб дары мудрасці. "Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло, бо хто ж можа кіраваць такім вялікім народам, як Твой?"

Дарагія! У нашых жыццёвых пошуках таксама павінна быць мудрасць. Не толькі веды, не толькі ўмеласці і нават не толькі жыццёвы вопыт. Вельмі цудоўна, калі гэта мы маем, але гэта яшчэ не ўсё. Калі ў жыцці нам не хопіць мудрасці, то мы не зможам належна выкарыстаць ані веды, ані ўмеласці і таленты, ані наш жыццёвы вопыт. Жыццё падобнае да пазл-мазайкі, і толькі мудрасць здольная ўкласці ўсе шматлікія частачкі ў адну прыгожую карціну, якую можна назваць шчасцем.

У кантэксце сённяшняй прыпавесці Езуса кожнаму з нас варта задумацца, што ў нашым жыцці займае самае важнае месца і на якіх вартасцях мы будуем сваё жыццё. Езус нам сёння дае падказку: Божае Валадарства - гэта мэта, да якой павінен імкнуцца кожны веруючы чалавек. Бо ў ім змяшчаецца нашае жыццё, у ім прысутная любоў, радасць і супакой. Урэшце, прысутны сам Бог, які напаўняе сабою ўсё нашае жыццё. Таму Божае Валадарства - гэта скарб, які трэба шукаць кожнаму. Гэта і ёсць тое шчасце, здольнае дарэшты нас заспакоіць. Хрыстус кажа, што гэты скарб укрыты. І сапраўды, ён не кідаецца ў вочы, не кожны адразу можа яго заўважыць. Гэты скарб патрабуе ад нас стараннага пошуку, нашай уражлівасці на прыгажосць і дабро. "Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле".
 
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Хрыстус сёння нас запрашае да пошуку гэтага скарбу. Каб мы ў мудрасці прасілі ў Бога аб патрэбных дарах і ласках і маглі ўсе гэтыя дары годна выкарыстаць. Бо мудрасць дапаможа нам знайсці той укрыты скарб, тую каштоўную пярліну, аб якой сёння кажа Езус Хрыстус. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 13.06.2020 11:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.