Дарагія браты і сёстры! Калі чытаем Святое Пісанне, асабліва Новы Запавет, сімвалы і знакі, якія Езус адкрывае сваім вучням, вельмі часта разумеюцца як знакі канца свету. Зрэшты, сённяшняя прыпавесць не выключэнне. Аднак габрэі былі вельмі прывязаны да Ерузалемскай святыні. Без яе яны нават не ўяўлялі свайго рэлігійнага жыцця. Яны ганарыліся ёй, лічылі яе домам Божым. Святыня гарантавала ім Божае благаслаўленне і дабрабыт.
Усё было б добра, але памылка гэтай празмернай прывязанасці заключалася ў тым, што яны ў нейкі момант пачалі лічыць, што іх святыня сама па сабе з’яўляецца гарантам і бяспекай, што абароніць выбраны народ ад ворага. Памылка ў тым, што не моцны давер і надзея на Бога, а толькі само існаванне святыні давала многім габрэям пачуццё бяспекі.
У гэтым і заключаўся трагізм тагачасных габрэяў, і не толькі іх, бо сродак яны палічылі за мэту, а сімвал пераблыталі з тым, што ён павінен сімвалізаваць. Таму свой давер яны мелі не ў Богу, але ў справах рук сваіх, якія атаясамлялі з Богам. Аднак толькі сапраўдная і жывая вера дае чалавеку доступ да Бога і гарантуе Яго апеку. Без веры, мае дарагія, ані святыня, ані касцёлы, ані святыя абразы, ані нават малітва і сакрамэнты не маюць збаўчага значэння. Належыць аб гэтым памятаць, каб не трапіць у пастку фармалізму ці рэлігійнага магізму.
Магчыма, аб гэтым думау Езус, калі перасцерагаў сваіх вучняў ад рознага роду падману і хлусні. А менавіта - ад таго, што людзі ў Імя Бога направа і налева раскідваюцца пустымі абяцаннямі, ілжывымі аб’яўленнямі, фальшывай інтэрпрэтацыяй Божага слова, зманлівымі цудамі і г. д. Асабліва сёння, у эпоху Нью Эйдж, шматлікіх сектаў, якія базуюцца на здабыванні грошай. У эпоху нігілістычнай філасофіі, чалавеказгубнай ідэалогіі, фальшывага містыцызму вельмі лёгка згубіць веру. Дарэчы, гэты падман пагражае свету не толькі сёння - заўсёды так было. Хоць, можа, раней не выкарыстоўваліся такія тэхнічныя магчымасці, як сёння. Але не ў тэхніцы справа, а ў ашуканстве.
Бо ўсе падобныя ідэалогіі і сродкі служаць толькі аднаму: каб ашукаць чалавека, адцягнуць яго ад Бога, заманіць у няволю. І гэта вельмі проста зрабіць, калі замест веры, асабістай сувязі з Богам чалавек прывязваецца да сваіх уяўленняў, вобразаў Бога. На жаль, вельмі часта гэтыя вобразы супярэчаць таму, аб чым навучае Касцёл і Традыцыя.
Езус моцны акцэнт ставіў на навучанне і трыванне ў супольнасці касцёла. Ён сам асабіста, а таксама праз сваіх вучняў, шмат часу праводзіў у абвяшчэнні Божага слова, навучанні, на малітве. Вялікую колькасць часу праводзіў разам з апосталамі і вучнямі, тлумачачы ім сваю навуку. Калі Ён абяцаў Духа Святога, то перадусім дзеля таго, каб гарантаваць Касцёлу вернасць праўдзе. Бо Езус ведаў, што ад правільнага мыслення залежаць правільныя ўчынкі.
Дарагія! Праўда можа трываць толькі ў супольнасці, ажыўленай Духам Святым. Захаваць вернасць праўдзе вельмі складана ў тым выпадку, калі чалавек адзін. Супольнасць людзей, якія аднолькава думаюць, маюць адзін да аднаго давер, дае чалавеку сілу. І гэта з’яўляецца першым заданнем Касцёла: збіраць людзей у адно, каб даваць ім сілу. Толькі не палітычную ці грамадскую, але сілу веры, малітвы, братэрства, сілу вернасці.
Гэта сіла, скіраваная не супраць кагосьці, а скіраваная да Бога, да праўды і дабра. Невыпадкова большасць апакаліптычных знакаў, якія абвяшчаюць апошнія часы, засноўваюцца на вобразе знішчэння адносінаў між людзьмі і народамі, узнікнення недаверу і нянавісці ў сем’ях, грамадствах, народах. Адзіны ратунак – гэта застацца верным праўдзе і любові. А Касцёл служыць нам дапамогай у гэтым. Не губляйма гэтага шансу! Амэн.
А. Андрэй Авен OCD