Пошук

17.05.2014 13:56  

“Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”

Дарагія браты і сёстры! Калі чытаем Евангелле паводле Яна, можам заўважыць, што аўтар ставіць шэраг важных пытанняў, якія датычаць мэты жыцця чалавека. Сённяшні фрагмент — не выключэнне. Тут евангеліст апрача пастаўленага пытання пра мэту і годнае жыццё спрабуе паказаць нам магчымасці яго рэалізацыі.

Перад тым, як святы Ян Евангеліст падрабязна раскладзе сваю навуку па паліцах, ён распавядзе аб важным досведзе чалавека, аб тым, што сустракае кожны на сваім жыццёвым шляху, а менавіта аб боязі. Нават той, хто лічыць сябе моцным і адважным, хто па сваім жыцці ўпэўнена крочыць, таксама сустракаецца раней ці пазней з сітуацыяй боязі ці нават трывогі. Няма такога чалавека на зямлі, якога б не палохала складаная сітуацыя, цяжкая хвароба ці небяспека смерці.

Нас можа непакоіць той момант, калі мы не ведаем, як у жыцці паступіць у той ці іншай сітуацыі, які накірунак выбраць, па якім шляху пайсці. Дзе тая дарога, якая вядзе да вырашэння цяжкай справы. І такая сітуацыя яшчэ больш ускладняецца, калі мы пачынаем свядома задумвацца і ставіць перад сабою пытанне, які кірунак абраць у сваім жыцці. Вельмі добра, калі мы зможам з самага пачатку распазнаць у сабе гэтую боязь і трывогу, якія нам спадарожнічаюць, чым раней мы гэта зробім, тым хутчэй зможам пазбавіцца таго, што нас прыгнятае.

 Сёння Езус кажа нам не толькі пра нашую ўласную боязь, але таксама ўказвае на тое, як з ёй змагацца і ўрэшце як яе пераадолець. Менавіта моцная вера здольная нам дапамагчы ў гэтай справе. Яна з'яўляецца зброяй, якая знішчае ўсялякага роду трывогу і боязь у нашым сэрцы. Гэта канкрэтная вера ў Бога, якая ў Ім укаранёна. Хрыстус указвае на самога сябе, як на аб'ект веры, кідае святло на самую важную справу ў хрысціянскім жыцці: вера не з'яўляецца толькі тэорыяй, не з'яўляецца ўпрыгожанай традыцыяй, - яна з'яўляецца чымсьці большым.

Перадусім вера злучае нас з асобай Хрыста, які знаходзіцца ў супольнасці веруючых. Ён - галава містычнага цела, якім з'яўляецца Касцёл. Без жывой сувязі з Езусам наша вера становіцца пустой, а наша ўнутраная боязь толькі павялічваецца, бо мы не маем пэўнасці. Вера не можа грунтавацца на нейкіх абстрактных паняццях, яна павінна быць пабудавана на Хрысце. І тут у нас можа ўзнікнуць наступнае пытанне: ці чэрпаю я сваю веру з асабістай сувязі з Езусам Хрыстом? Ці мая вера толькі абмяжоўваецца вусным вызнаннем, калі прамаўляю Апостальскі сімвал веры ці даўжэйшы падчас нядзельнай святой Імшы?

Слухаючы сённяшні фрагмент Евангелля, можам спыніцца на адным моманце, калі выразна бачна мэта, на якую ўказвае Езус і да якой кожны з нас імкнецца, бо ў ёй заключаецца сэнс нашага жыцця на зямлі. Гэтай мэтай з'яўляецца нашае прабыванне ў доме Айца, з Якога выйшаў да нас Езус і да Якога вяртаецца, каб падрыхтаваць нам месца.

Колькі ў гэтых словах нашага Збаўцы шчырага клопату аб кожным з нас, колькі любові супраць нашай злосці і нікчэмнасці. І гэта толькі дзеля таго, каб мы былі там, дзе Ён. Езус не засяроджваецца толькі на абмежаваным зямным прабыванні з намі. Ён хоча быць з намі ўсю вечнасць.

Аднак Езус не толькі ўказвае мэту, не толькі становіцца пуцяводнай зоркаю для тых, хто туды крочыць, але сам акрэсліў сябе, называючы дарогаю. Не толькі паказаў пункт, куды веруючыя павінны дайсці, але накрэсліў напрамак, якім Ён сам з'яўляецца. «Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан. - Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне».

Езус не пакінуў нас у боязі перад шуканнем магчымых шляхоў да шчаслівай вечнасці, але аб'явіў сябе як той адзіны беспамылковы шлях да апошняй мэты чалавечага жыцця. Прадметам веры хрысціяніна не з'яўляецца нейкі абстрактны безасабовы бог, але той Бог, які мае канкрэтнае аблічча, чулае сэрца, якому вядомыя нашыя пачуцці і якога завуць Езус з Назарэта.

Таму ў нашым жыцці не трэба баяцца, што будзем хадзіць па нейкіх невядомых шляхах і дарогах. Езус Уваскрослы, якога мы ведаем са Святога Пісання, які рэальна прысутнічае сярод нас, асабліва зараз у сакрамэнце Эўхарыстыі і Божым слове, запрашае кожнага да сваёй супольнасці, да таго, каб мы сваю веру ажыўлялі Яго асобаю, якая жывая і дзейсная ў Касцёле, каб мы прабывалі ў камуніі з Богам.

Ты не ведаеш, куды ісці? Імкніся пазнаваць свайго Пана, а Ён пакажа табе сапраўдны шлях, ідучы якім, ты, напэўна, не згубіш свой арыенцір да вечнасці. Слухай Яго слова і пераможаш усялякую боязь  і трывогу, якая можа цябе мучыць. Ён ёсць дарогай  і праўдай — як сам пра сябе кажа. У Ім, з Ім і дзякуючы Яму ты маеш магчымасць цешыцца паўнатою свайго жыцця ў веры, перспектыва якой бясконца перакрочвае ўсе твае праблемы, клопаты і  непакоі, а нават тваю смерць.

Можа, нас здзіўляе, што апостал Філіп, правёўшы столькі часу з Езусам, у гроне апосталаў, пасля навочных цудаў, сведкам якіх ён без сумніву быў, задае Езусу такое недарэчнае пытанне пра дарогу да дому Айца. Напэўна, гэтае пытанне не было банальным ці толькі для падтрымкі размовы. Напэўна, гэта было пытанне, якое ўзнікла ў глыбіні сэрца апостала, пад націскам нейкай уласнай боязі ці непакою.

 Умілаваныя ў Хрысце Пану! Не памылюся, калі скажу, што кожны з нас жадае ў сваім жыцці дасведчыць чагосьці, што нас раз і назаўсёды заспакоіць. Многія людзі такое заспакаенне шукаюць у алкаголі, наркотыках, кар'ерызме і ў іншым падобным, што не вядзе да жыцця, але, наадварот, прыводзіць да згубнай залежнасці, якая не толькі знішчае нашае цела, але і душу таксама.

Езус Хрыстус жадае бачыць нас у доме свайго Айца, Ён падрыхтаваў месца для кожнага, бо дзеля гэтага ўваскрос і ўзышоў на неба. Няхай сённяшняе Божае слова і Эўхарыстыя дапамогуць нам яшчэ глыбей спазнаць гэтую праўду, няхай памножаць у нас веру, якая грунтуецца на асобе нашага Збавіцеля, і няхай дапамогуць нам верна крочыць да мэты шляхам, які нам адкрывае сам Езус. Бо гэта Ён: дарога, праўда і жыццё. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.