Чаму шукаеце жывога сярод памерлых?
Няма Яго тут, Ён уваскрос!
Дарагія браты і сёстры! Сёння ўрачыста б'юць званы ўсіх хрысціянскіх святыняў, ва ўсім свеце. Сёння ўсяму свету абвяшчаецца радасная вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста. І кожны з нас, калі вітаецца, кажа: “Хрыстус уваскрос!” “Сапраўды ўваскрос”, - чуе адказ.
Балесная мука і крыжовая смерць здаваліся трагічным заканчэннем Езусавай місіі. Але кульмінацыяй гэтай місіі стала радаснае і поўнае хвалы ўваскрасенне нашага Пана.
Жанчыны, якія ў велікодную раніцу прыйшлі да магілы і не знайшлі там цела Езуса, першы раз пачулі праўду пра Уваскрослага Пана: “Не бойцеся! Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос”.
Гэтыя словы сталі пачаткам вандроўкі радаснай весткі Уваскрасення, вандроўкі па гісторыі, якую ніхто, нішто і ніколі не зможа затрымаць або змяніць. Так было, так ёсць і так будзе да канца вякоў.
Мае дарагія! Гэтая радасная вестка не падобная да іншых вестак, якія мы чуем. Гэтая вестка не такая, як ва ўчарашняй газеце, што сёння ўжо не актуальная. Бо весткі, якія ў газетах, часопісах, тэлебачанні, радыё - сенсацыйныя і доўга не жывуць. Паглядзіце, нашая вестка актуальная ўжо больш чым 2000 гадоў. Сёння мы таксама чуем словы анёла, што калісьці жанчыны чулі ў грабніцы: «Няма Яго тут, Ён уваскрос».
Дарагія браты і сёстры! Вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста распаўсюджваецца па сённяшні дзень. Кожная нядзельная явятая Імша – гэта абвяшчэнне сённяшняй радаснай весткі пра ўваскрасенне нашага Пана.
Мае дарагія! Кожная нядзеля - гэта тая ж сённяшняя Пасха, бо ў гэты дзень святкуецца таямніца нашага збаўлення. Паглядзіце! Руская мова вельмі прыгожа перадае каларыт гэтай таямніцы - Воскресенье. Таму для кожнага з нас вельмі важна мець свядомасць гэтага Божага дару, у якім кожны з нас бярэ ўдзел. Нельга, мае дарагія, гэты Божы дар марнаваць або занядбоўваць. Бо не дзеля асвячэння велікодных яек ці іншай ежы мы сёння сюды прыходзім, але каб шчыра ад сэрца падзякаваць Пану Богу за дар збаўлення, каб ушанаваць святы дзень.
Таксама, мае дарагія, нельга гэтага святкавання Пасхі Пана схаваць толькі для сябе, бо Айцец уваскрасіў Езуса, а мы ўсе з'яўляемся Ягонымі сведкамі. І гэта ёсць мэтай нашага хрысціянскага паклікання: сведчыць пра Езуса, які ўваскрос. Сведчыць і жыць паводле гэтага сведчання.
Яно, гэтае сведчанне, не павінна заканчвацца на парозе касцёла, калі мы выходзім з яго. Ім трэба папросту жыць кожны дзень. Жадаю сабе і вам, каб кожны з нас гэтае хрысціянскае пакліканне мог у поўні рэалізаваць у сваім жыцці і сярод тых людзей, да якіх нас пасылае Бог. Каб праз нашае жыццё пачуў увесь свет тую праўду, што пачулі некалі жанчыны ў грабніцы з вуснаў анёла: «Не бойцеся. Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!» Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на Вялікдзень (20 красавіка)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .