Пошук

22.03.2014 13:44  

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе першае чытанне з Кнігі Зыходу прыводзіць нас да высновы, што незадавальненне і нараканне ізраэльскага народу, якога вывеў з Егіпта Майсей, узнікла з недахопу вады. Але калі больш пільна прыгледзецца - не столькі вада стала прычынай гэтага бунту, колькі недахоп пакоры.  Сёння хачу крыху засяродзіцца і паразважаць аб гэтай цноце.

Сярод шматлікіх апавяданняў пра егіпецкага пустэльніка Макарыя існуе яшчэ і такое. Вяртаўся аднойчы пустэльнік Макарый з балотаў да сваёй келлі, несучы лісце, і спаткаў па дарозе д’ябла, які трымаў серп. Ён хацеў гэтым серпам ударыць Макарыя, але як ні стараўся, не мог. Урэшце перастаў махаць і сказаў старцу: “Ты мяне моцна крыўдзіш, Макарый, а я ніяк не магу табе адпомсціць! Усё, што ты робіш, я таксама раблю. Ты посціш, а я ніколі не ем; ты адбываеш доўгія чуванні, а я наогул не сплю. Аднак ёсць толькі адна рэч, у якой ты мяне пераўзыходзіш”. “Якая?” - запытаўся здзіўлены айцец Макарый. Д’ябал адказаў: “Твая пакора. Гэта дзякуючы ёй я не магу цябе перамагчы”.

Гэтаму апавяданню налічваецца не менш 15 стагоддзяў, і яно вельмі выразна паказвае веліч пакоры. Пакора – гэта пастава чалавека вялікага духам, які перамагае ўсялякае зло не сілай, але поўным адвагі ўнутраным спакоем.

Мае дарагія! Пакора – гэта не комплекс прыніжэння, гэта таксама не баязлівае займанне апошняга месца. Перадусім пакора – гэта магчымасць атрымаць перамогу не праз знічшэнне ворага, але праз перамянення яго ў сябра.

У тысячы разоў прыгажэйшай перамогай ёсць перакананне ворага ў тым, каб у далейшым ён стаў маім паплечнікам і змагаўся за найвышэйшыя вартасці, чым ягонае знішчэнне і мой у гэтым трыумф. Бо там, дзе мае месца знішчэнне, -перамога толькі напалову. Поўная ж перамога будзе толькі тады, калі праціўнік становіцца сябрам. Знішчэнне ворага - гэта толькі ўратаванне сябе. Перамена ворага ў сябра - гэта ўратаванне  сябе і ўратаванне ворага. Толькі так можа быць перамога поўнай. А такую перамогу здольная атрымаць толькі пакора. Яна нават будзе згодная на шэраг прайграных сітуацый: на цярпенне, прыніжэнне, каб толькі пераканаць ворагаў у тым, што яны памыляюцца, што іх учынкі няправільныя.

Вось паглядзіце. Бог спаслаў свайго Сына, калі чалавецтва было грэшным. Праз свае грахі людзі былі ворагамі Богу. І Езус перамог - не знішчаючы чалавецтва -бо гэтага мы заслугоўвалі. Божы Сын перамог нас, робячы сваімі сябрамі. Яго дасканалая пакора атрымала трыумф, поўную перамогу, і перамяніла нас праз асвячальную ласку.

Вельмі важна, каб і мы развівалі пакору ў сваім жыцці. Бо калі нам не хапае гэтай цноты, тады бярэ верх пыха і зайздрасць, самыя распаўсюджаныя грахі. І гэтыя грахі зацямняюць перад намі сапраўднае дабро, якое мы атрымоўваем з Божай волі. У пысе я сябе лічу вышэйшым і лепшым за ўсіх, як кажуць, пупом зямлі.  

Калі ў мяне недастаткова пакоры, я з зайздрасцю гляджу ў агародчык суседа, мяне грызе тое, што хтосьці лепш за мяне жыве або ў кагосьці паспяхова складваецца жыццё, а ў мяне - не. Што ў маёй суседкі куры лепш нясуцца, а ў суседа даражэйшы аўтамабіль. І калі такая зайздрасць моцна мяне мучае, то я проста чакаю, калі ў майго бліжняга, як у «Полі цудаў» з Якубовічам, выпадзе сектар банкрот.

Але, мае даражэнькія, калі я чалавек пакорны, то не буду ліхім вокам глядзець на суседа. Буду ў першую чаргу глядзець на сваё жыццё, за якое мне не будзе сорамна здаць рахункі перад Богам. У маім сэрцы будзе спакой і радасць з таго,  што я маю, а не з таго, што хацеў бы мець.

Д’ябал вельмі дакладна акрэсліў, у чым заключаецца сіла св. Макарыя і чаму ён не можа гэтага пустэльніка перамагчы. Злы дух сам па сабе здольны наследваць шмат нашых цнотаў. Або, так скажам, добра іх пераймаць.

Шатан можа быць адважным, здольным у нейкай ступені быць нават справядлівым і памяркоўным. Ён, карыстаючыся сваім розумам, можа быць удзячным і паслужлівым. Толькі ні ў якай ступені д’ябал не здольны быць пакорным. А недахоп пакоры робіць немагчымым для яго здабыванне мудрасці. Бо сапраўдная мудрасць заўсёды пакорная. І як вынік гэтага злы дух не можа любіць. Толькі пакора стварае істотны змест мудрай любові, пакора ажыўляе любоў, робіць яе сапраўднай.

Святы Пётр вучыць першых хрысціянаў таму, як належыць паступаць перад абліччам няслушных абвінавачанняў і цярпенняў, якія вельмі часта мелі месца ў язычніцкім асяроддзі. Як дасканалы прыклад Пётр паказваў пакорнага Езуса, які, калі на Яго зласловілі, не зласловіў, калі цярпеў, то не пагражаў, але аддаўся да канца Таму, хто судзіць справядліва. Іншымі словамі, Пётр заклікаў сваіх слухачоў, каб яны ўвайшлі на дарогу, якую паказвае ім сам Езус, якую Ён сам выбраў і якой крочыў.

Гэта Ён, Сын Бога, дабравольна згадзіўся на прыніжэнне, каб нас пераканаць, што існуе толькі адна дарога, якая вядзе да сапраўднага шчасця ў жыцці. На вачах шматлікага натоўпу Езус сам прайшоў гэтую дарогу, распачаўшы з Аліўнага Саду праз палац Анны, Каяфы, праз прэторыум Пілата і аж да Галгофы. А сваіх вучняў, асабліва евангелістаў, Езус натхніў да таго, каб яны як мага дакладней запісалі кожны Яго крок на гэтай дарозе.

Святы Пётр сам спадарожнічаў Езусу аж да двару Каяфы. Там яму не хапіла пакоры і адвагі. І ў Вялікую пятніцу Пётр не вытрымаў на гэтай дарозе. Прайшло шмат гадоў, і Пётр зразумеў, што іншага выйсця няма, што трэба крочыць за Настаўнікам ажно да крыжа.

Калі св. Пётр пераглядваў свой ліст, які збіраўся пакінуць хрысціянскай супольнасці, - ужо ведаў, што раней ці пазней ён сам павінен прайсці той апошні адрэзак евангельскай дарогі, ад якога адмовіўся ў Вялікую пятніцу. Таму піша і нам з вамі: “Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб ішлі вы Яго слядамі”.

Умілаваныя! Пакора дазваляе нам не толькі перамагчы шматлікія цяжкасці і недахопы ў жыцці, накшталт таго, што здарылся з ізраэльскім народам у пустыні, але пакора нам дапамагае перамагчы саміх сябе. Яна дазваляе нам паверыць і прыняць дапамогу іншага, асабліва калі гэтым іншым з'яўляецца асоба самога Бога. Амэн

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.