«Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны».
Дарагія браты і сёстры!
Сёння чуем выразны заклік Езуса Хрыста, звернуты да кожнага з нас. Вельмі канкрэтныя словы. Прапаную спыніцца над гэтымі словамі і крыху паразважаць.
Сёння, як заўважаем, Божае слова ставіць націск на любоў да бліжняга: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе». Таксама не менш важным на шляху да гэтай любові з'яўляецца пазбаўленне ад нянавісці і помсты, хоць бы нават па-чалавечы слушнай: «Не будзеш ненавідзець брата свайго...Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго». Мае дарагія! Гэта важныя ўмовы, якія перад намі адкрываюць перспектыву Божай любові. Праз яе Бог кожнага з нас заклікае да святасці: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш».
Іншая справа - як нам гэты заклік да святасці ў сваім жыцці рэалізаваць. Мяркую, вы згодзіцеся са мною, што вельмі важным з'яўляецца ўменне ад сэрца прабачыць. Бо насамрэч, калі мы прыгледзімся, крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшай сітуацыі, чым той, каго крыўдзяць. Гучыць парадаксальна, ведаю, але гэта праўда.
Нашыя пачуцці могуць абвінавачваць крыўдзіцеля, патрабаваць расплаты ад яго, слушнага асуджэння. Але! Калі нашае сэрца адкрые ў сабе дар прабачэння, то мы выразна ўбачым тое, што наш крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшым стане, чым мы. І тады мы не станем праклінаць таго вінаватага чалавека, але нават будзем прасіць Бога, каб Ён прабачыў яму гэтую несправядлівасць.
Прабачэнне нас робіць падобнымі да Езуса Хрыста, які ў сваім жыцці аб'явіў Божую любоў не толькі словамі, але і сваім стылем жыцця і нават смерцю. Звярніце ўвагу: якія былі апошнія словы Збавіцеля, калі Ён паміраў на крыжы? Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць.
Сённяшні свет, у якім мы жывем, мае шмат розных праблемаў і хваробаў. Аднак вельмі небяспечнай хваробай для сэрца чалавека з'яўляецца нянавісць і як вынік яе - каменнае сэрца, якому не цікавы боль іншага чалавека. У такое сэрца дар Божай любові амаль не можа пранікнуць. Таму што спачатку трэба вылечыць сэрца ад нянавісці, злосці і зайздрасці. Толькі так сэрца можа стаць зноў уражлівым і гатовым любіць.
Езус сёння нам дае вельмі важныя парады: «Вы чулі, што сказана: “вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую». Інакш кажучы, не шукай помсты для таго, хто цябе пакрыўдзіў, бо гэта не вядзе да дасканаласці, а можа прывесці нават да нянавісці. А не такая ёсць воля Айца. Бог запрашае нас да святасці, а гэта значыць, што нам трэба іншым кіравацца ў сваім жыцці, іншыя ідэалы наследаваць. А значыць, жыць новымі, а не старымі прынцыпамі тыпу вока за вока. Не да гэтага нас кліча Бог.
А кліча Ён нас да любові, да любові нават да нашых ворагаў: «А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах». Езус паказаў, што гэтую любоў, да якой нас кліча Бог, можа кожны з нас рэалізаваць. Галоўнае - гэта нашае жаданне і добрая воля.
Таму, даражэнькія, у першую чаргу трэба нам пазбаўляцца нянавісці і ўсяго, што з ёй звязана. Гэтую хваробу чалавечага сэрца трэба лячыць адзіным сапраўдным лекам, якім з'яўляецца прабачэнне. Прабачэнне, якое дае нам Бог і якое мы ў стане даць іншаму чалавеку.
І, калі мы пазбавімся зайздрасці, злосці, нянавісці, то нашае сэрца будзе адкрыта на Божую любоў. Наш розум будзе выразна бачыць усю бессэнсоўнасць нянавісці і іншага да яе падобнага, што было дагэтуль.
Умілаваныя! Нашая чалавечая натура накіравана на тое, каб штосьці пазнаваць, чамусьці вучыцца, кагосьці наследаваць. Гэта сведчыць аб тым, што чалавек па сваёй натуры развіваецца, беручы да сябе тыя якасці, веды і каштоўнасці, якія для яго з'яўляюцца вартаснымі. Значна лягчэй працаваць над сабою, калі мы бачым уласныя недахопы і ведаем, якім чынам можам іх выправіць. А значна лепш чалавек развіваецца, а нават змяняецца, калі бачыць наглядны прыклад. Прыклад для наследaвання.
Мае дарагія, Бог жадае, каб мы наследавалі менавіта Яго ў Яго міласэрнасці і прабачэнні, якое Ён аказвае кожнаму чалавеку. Менавіта ў гэтым кантэксце можам па-сапраўднаму зразумець пачутыя сёння словы Езуса: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD