Пошук

19.12.2013 00:03  

Дарагія браты і сёстры! Літаральна некалькі дзён нас аддзяляе ад вігіліі Божага Нараджэння, калі збярэмся на супольнай эўхарыстычнай літургіі, каб разам цешыцца таямніцай збаўлення, якая адкрываецца ў Езусе Хрысце. Затым адчуем радасную атмасферу, калі ў коле родных і знаёмых  будзем дзяліцца аплаткай, выказваючы пры гэтым віншаванні і найлепшыя пажаданні. Да гэтага моманту засталося зусім няшмат часу.

Аднак перад тым, як мы дачакаемся святаў Божага Нараджэння, хачу, каб мы сёння разам паставілі сабе некалькі пытанняў. Як на нас паўплываў час сёлетняга Адвэнту, ці змаглі мы штосьці новае для сябе адкрыць у плане веры, тое, што нас набліжае да Бога і дапамагае нам лепш разабрацца ў сабе, а таксама лепш зразумець іншага чалавека? Ці былі мы гатовыя адказаць Богу “так!” на Яго заклік да навяртання, на словы, якія з’яўляюцца для нас добрай задумай і стымулам: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае!”? Успрынялі мы гэты заклік ці праігнаравалі?

Як мы выкарысталі і выкарыстоўваем гэты час радаснага чакання прыйсця Збаўцы? Ці ўсведамляем гэтую вялікую таямніцу, якая здзяйсняецца ў гэты час? Праз некалькі дзён мы дачакаемся Божага Нараджэння і будзем разам з Найсвяцейшай Паннай  Марыяй, св. Юзафам, з усім Трыумфуючым Касцёлам раздзяляць гэтую радасць, сузіраючы вачыма сэрца Дзіцятка Езуса ў яслях, якое здольнае перамяніць не толькі логіку ўсяго свету, але перадусім канкрэтна мяне, канкрэтна кожнага з вас.

Гэты час, які нас аддзяляе ад Хрыстовага Нараджэння, з’яўляецца часам падрыхтоўкі і часам асаблівага Божага благаслаўлення. Словы, якія мы сёння чулі ў псальме, крыху нам адкрываюць гэтую праўду: хто ўзыдзе на Гару Пана і стане на Яго святым месцы, той атрымае благаслаўленне і ўзнагароду ад Бога, і атрымае гэта той, хто Пана шукае, хто мае чыстае сэрца і не схіляе душы сваёй да марнасці.

Гэтыя словы не толькі ўпрыгожваюць літургію слова, якую мы чуем падчас сённяшняй нядзельнай Эўхарыстыі. Яны выразна ўказваюць нам, як мы павінны рыхтавацца не толькі ў час Адвэнту, да прыйсця Збаўцы, але даюць пэўны накірунак, праграму хрысціянскага жыцця для таго, каб мы імкнуліся ў ім шукаць і адкрываць Божую прысутнасць. Гэта вельмі важны аспект нашага хрысціянскага жыцця! Адкрыць у ім Божую прысутнасць.

Калі мы прызнаем аўтарытэт Бога, ставячы Яго на перашае месца ў сваім жыцці, калі шануем Яго запаведзі і адчуваем у сэрцы, што Пану належыць зямля і свет і што гэта Ён заснаваў і ўмацаваў яго, то мы ўсведамляем Яго асаблівую прысутнасць у нашым жыцці. Свет і ўсё наваколле аб гэтым гаворыць, і нашая на гэтым свеце прысутнасць гаворыць не менш. Не трэба быць навукоўцам, каб у гэтым пераканацца.

Мае дарагія! Спрабуйма выкарыстаць кожную дробную нагоду, каб зведаць, што Бог ёсць з намі, што Ён Эммануэль, які уваходзіць асабіста ў жыццё кожнага, цалкам напаўняючы яго сабою. У гэты час Адвэнту, які яшчэ трывае, мы можам праз асабістую шчырую малітву засяродзіцца на Езусе, які хутка народзіцца ў нашых сэрцах. А значыць, мы маем час, каб яшчэ раз нагадаць сабе: у каго я веру? Кім для мяне з’яўляецца Бог?

Бо калі мы чакаем нараджэння Бога ў нас, у нашых сем’ях, то, несумненна, жадаем адкрыць, кім Ён для нас ёсць. І ў гэтым нам сёння дапамагае літургія слова, якая чарговы раз адкрывае перад намі праўду, кім для нас ёсць Езус, які прыходзіць на свет. Святы Апостал Павел падкрэслівае, што Бог, які прыходзіць, з’яўляецца Божым Сынам, патомкам Давіда, доўгачаканым Месіяй. Што прыходзячы Бог народзіцца з Панны Марыі, каб збавіць свой народ ад грахоў.

Дарагія браты і сёстры! Найбольшы доказ Божай любові знаходзіцца тут, у гэтай таямніцы Божага Нараджэння, якога мы ўсе чакаем і да якога рыхтуемся. Уявіце сабе, Бог забірае ад нас непаслухмянасць, нявернасць і грэх, каб узамен даць нам прабачэнне, любоў і вечнае жыццё. Які незвычайны абмен! Ці мы належным чынам падрыхтаваныя, каб прыняць гэты Божы дар? Ці хочам яго прыняць?

Нашае жыццё тут, на зямлі, - гэта своеасаблівы Адвэнт, толькі расцягнуты, і ахоплівае звычайна больш часу, чым чатыры тыдні літургічнага перыяду. У кагосьці гэты “Адвэнт” даўжэйшы, у кагосьці ён карацейшы. Для нас найбольш важна ўмець гэты час добра выкарыстаць і ніякім чынам яго не змарнаваць. А каб гэтая падрыхтоўка - чаканне  і чуванне – у нас атрымалася, трэба шмат вучыцца, трэба прыкласці нямала сіл і намаганняў. Але самае важнае - трэба мець чыстае сэрца і добрую волю. Ведаю, гэта справа не з лёгкіх! Але гэта таго каштуе. Калі апануем майстэрства ў падрыхтоўцы да Божага Нараджэння, то і Адвэнт нашага жыцця, безумоўна, паспяховым у нас атрымаецца. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця