Пошук

16.11.2013 12:56  

Дарагія браты і сёстры! Падыходзіць ужо да свайго заканчэння як літургічны год, так і год, прысвечаны веры, таму літургія слова на працягу апошніх тыдняў малюе перад намі вобразы апошніх рэчаў: закранае тэму вечнага жыцця,  уваскрашэння. Усё часцей прыгадвае Парузію – другое прыйсце Езуса Хрыста.

Таксама і сёння Божае слова працягвае тэму вечнасці і закранае тэму Апошняга Суду. Сёння чуем словы, якія Езус скіроўвае да сваіх вучняў. Таму варта над імі засяродзіцца і паразважаць, бо словы гэтыя датычаць і нас.

Умілаваныя ў Хрысце! Кніга прарока Малахіі, словы з сённяшняга першага чытання, становяцца быццам бы ўступам да далейшага развіцця гэтай тэмы, якую мы з вамі пачулі ў Евангеллі.  Будзе той дзень, калі ўсе, хто чыніў беззаконні — усе ганарлівыя і бязбожныя, — стануць як салома, а праведныя перад Панам — хто баіцца Божага Імя, — узыйдуць, як сонца справядлівасці.

Інакш кажучы, гэтае прароцтва з кнігі Малахіі апавядае пра будучую рэчаіснасць, пра дзень Божага Суду, калі будзе выразны падзел на тых, хто несправядлівы і бязбожнік — і такіх чакае кара; таксама будуць і тыя, хто баіцца імені Пана, жыў пабожна, прыслухоўваючыся як да свайго сумлення, так і  да Божага закону.

Штосьці падобнае можам знайсці ў Евангеллі, калі Езус таксама кажа пра падзел, але ўжо на авечак і казлоў. Гэта не што іншае, як вобраз Апошняга Суду, які будзе мець месца ў будучыні. Калі чытаем гэтыя аповеды аб Апошнім Судзе ў Старым Запавеце, вобразы гэтай будучай рэчаіснасці паўстаюць у крыху нас непакоячых танах, так што могуць нас крыху палохаць. Але Езус Хрыстус не хоча, каб мы баяліся гэтай будучай падзеі. Калі яно ўсё адбудзецца — гэта, канешне, таямніца. Самае галоўнае, каб мы стараліся праўду аб вечнасці рэгулярна сабе прыгадваць.

Што самае галоўнае, у вобразе Апошняга Суду, аб якім мы чуем у першым чытанні? Напэўна, Бог не хоча нас запалохаць! Бо Ён як справядлівы Суддзя, так і міласэрны Айцец. Гэта адназначна! Каб адказаць на гэтае пытанне, варта прыслухацца да словаў, якія сёння да нас скіроўвае Езус: “Глядзіце, каб вас не звялі”. Іншымі словамі, глядзіце, каб вы не згубілі сваю веру, у якой трываеце і якую вызнаеце! Не згубіце яе! “Бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы — гэта Я».
 
У чым была вялікая памылка габрэяў, сучаснікаў Езуса? Па-першае, у тым, што яны перасталі давяраць Богу. Па-другое, фанатычна ставіліся да сакральнага будынку, да цэнтральнага месца Божага культу, якім была Ерузалемская святыня.

У выніку няправільнага стаўлення да Ерузалемскай святыні вера габрэяў пачынала дэградаваць: пачала рабіцца слабой. Канешне, Ерузалемская святыня выглядала велічна і прыгожа. Гэта быў велізарны будынак, куды веруючыя людзі прыходзілі, каб сустрэцца з Богам. І ў пэўны момант сталася так, што святыню габрэі ставяць на месца Бога. Яны лічылі, што сама наяўнасць святыні можа забяспечыць ім спакой, дабрабыт і Божае благаслаўленне. І ўжо ім больш нічога не трэба. Бачыце, якую вялікую памылку яны зрабілі: бо святыня - гэта месца, гэта сродак, дзе чалавечая душа спатыкаецца з жывым Богам. Каменны будынак не можа быць сам па сабе мэтай. А габрэі менавіта так пачалі сваю святыню трактаваць.

І таму Езус, як чуем на пачатку сённяшняга Евангелля, звяртае ўвагу тых захопленых святыняй людзей, кажучы, што прыйдуць дні, калі з таго, што яны тут бачаць, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. Бог не мае ўпадабання ў будынках, але хоча перадусім прабываць у чалавечых сэрцах. Таму словы Езуса абвяшчаюць разбурэнне Ерузалемскай святыні, якое адбылося каля сямідзясятага года.

Дарагія! Як жа важна ва ўсіх жыццёвых справах быць разважлівым і быць адначасова чалавекам веры. Давяраць Богу ў сваім жыцці, нягледзячы ні на што. Як бачым, нашае жыццё насычана рознымі падзеямі, можа, сёння яны не такія драматычныя, як калісьці. Можа, сёння Бог ад нас не патрабуе, каб мы аддавалі сваё жыццё за веру. Але не значыць гэта, што мы не павінны нашую веру абараняць. У сённяшні быццам бы спакойны час існуе вельмі шмат спакусаў, вельмі вялікая колькасць розных небяспечных напрамкаў, тэнднцый, якія пагражаюць нашай веры. Гэта можа быць як нашая лянота, абыякавасць, так і ўплыў на нас з боку бачных і нябачных ворагаў, якія не хочуць, каб мы мелі ў сабе вечнае жыццё.

Езус хоча, каб мы чувалі над сабою, каб мы былі пільнымі.  Ці гэты пераслед за веру ёсць, ці яго няма –усё роўна нам трэба быць уважлівымі ў жыцці. Каб не рабіць так, што жыццёвыя сродкі, якія вядуць да мэты — збаўлення, станавіліся самой мэтай. Нельга рабіць так, як габрэі са святыняй, бо інакш Бог разбурыць яе.

Збаўца сёння заклікае нас да вернасці праўдзе, да трывання ў супольнасці Касцёла, якую ажыўляе Божы Дух. Мы не прыходзім у касцёл, каб захапляцца яго эстэтычнай прыгажосцю, а нядзельная святая Імша, на якой гучыць арган, не з’яўляецца нейкім музычным канцэртам. Хоць усё вышэй узгаданае і можа спрыяць атмасферы малітвы і нашую ўвагу яшчэ больш канцэнтраваць на алтары, дзе адбываецца самы важны момант у нашым хрысціянскім жыцці.

Дарагія браты і сёстры! Нам не трэба палохацца будучай рэчаіснасці, якой, напрыклад, з’яўляецца Апошні Суд. Хоць яго вобразы на старонках Святога Пісання і малююца неяк хвалююча. Нас гэта не павінна непакоіць. Не страхам, не бояззю, але цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае, – кажа сёння Хрыстус. Таму з адвагаю, з чуваннем і малітвай будзем крочыць у наступны год. Давяраючы ўсе справы, а самае галоўнае саміх сябе Богу. Бо пакуль жывем на зямлі, заўсёды маем шанс. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця