Пошук

18.10.2013 23:35  

Дарагія браты і сёстры! У старажытным Ізраэлі вельмі клапаціліся аб удовах, а таксама сіротах, гэта можна заўважыць, чытаючы Стары Запавет, напрыклад Пяцікніжжа Майсея. Жанчына, якая заставалася без мужа, удава, патрабавала асаблівай апекі ад іншых людзей, асабліва ад магутных і ўплывовых гэтага свету, бо сама ў многіх справах не давала рады. Магчыма, таму ў сённяшнім урыўку Евангелля Езус менавіта ўдаву ставіць у цэнтр сваёй прыпавесці. Давайце паразважаем, чаму.

Напэўна, Езус не хацеў сваім вучням яшчэ раз падкрэсліць статусы і прыярытэты, якія мелі ўдовы ў грамадстве. Вобраз гэтай удавы — вобраз чалавека, які трывалы ў сваіх просьбах. Тут зноў жа ўзнікае кантраст: калі несправядлівы суддзя ўзяў пад сваю пратэкцыю бедную ўдаву, то тым больш як можа справядлівы Бог не пачуць трывалыя малітвы веруючага чалавека?

Таму тэмай сённяшняга Евангелля, безумоўна, з’яўляецца трываласць на малітве: бо заўсёды трэба маліцца і не падаць духам. Напэўна, усім нам добра вядомыя словы, якія некалі сказаў Езус. Менавіта яны выдатна ўпісваюцца ў кантэкст сённяшняга Евангелля: прасіце і атрымаеце, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам. Ці не сведчаць гэтыя словы пра трываласць для тых, хто моліцца?

Жывучы ў свеце, мы зведваем столькі розных выпрабаванняў, цяжкасцяў, што мы падобныя да ізраэльскага народа, які вёў войны з язычнікамі, за абяцаную Богам зямлю. Напэўна, бываюць такія моманты ў жыцці кожнага, калі становіцца так цяжка змагацца з паўсядзённымі праблемамі, што аж рукі апускаюцца. Як у Майсея, пра што мы чулі ў першым чытанні.

Дарагія браты і сёстры, Майсей падняўся на ўзгорак, каб прасіць Пана аб дапамозе ў змаганні супраць язычніцкага народа амалекіцянаў, і яго просьба заключалася ва ўзнятых угору руках. Дзякуючы гэтаму жэсту ізраэльскае войска на чале з Езусам Навінам перамагала ворага. Калі Майсей апускаў рукі, перамагалі амалекіцяне.

Паглядзіце: па-першае, Майсей ідзе на гэты ўзгорак не адзін, разам з ім ідуць Аарон і Хур. І, калі Майсей не можа далей трымаць узнесеных угору рук, менавіта яны дапамагаюць яму, каб Бог пачуў і выслухаў іх просьбу аб перамозе, каб дапамог ізраэлітам у гэтай нялёгкай барацьбе. І падобнага роду трываласць паспрыяла таму, што Ізраэль усё-такі перамог. Не была гэтая перамога лёгкай, але дзякуючы вытрымцы, стойкасці і, можа, нават упартасці, яна здзейснілася.

Па-другое: нам трэба падобным чынам дзейнічаць у сваім жыцці. Можа, нам і здаецца, што мы не можам перамагчы нашыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі, праблемы і выклікі, якія ставіць перад намі сучасны свет, але гэта толькі нам здаецца. Бог заўсёды побач, і адзінае, чаго нам не хапае — гэта паставы трываласці, асабліва трываласці ў веры, трываласці на малітве. Як жа часта ў нас апускаюцца рукі, бывае, мы іх не можам ужо ўзняць угору, а бывае, проста няхочам. Стаміліся, і ўсё: будзь што будзе…

Вельмі важна, каб і ў кожнага з нас побач таксама былі такія людзі тыпу Аарона ці Хура, якія здольныя нам дапамагчы заўсёды ў самых розных сітуацыях, якія толькі могуць здарыцца ў нашым жыцці.  Як кажуць, адзін у полі не воін, патрэбна супольнасць. І гэтую супольнасць ствараем мы, дарагія браты і сёстры.

Ці мы здольныя падтрымаць бліжняга ў складанай для яго сітуацыі? Ці мы ў духоўным і маральным сэнсе здольныя ўбачыць такога чалавека, можа, абяздоленага, гаротнага, які перажывае свой уласны канфлікт, але не мае сілы ўзняць угору рукі? Ці мы здольныя яму дапамагчы, ці мы гэтага хочам, ці, можа,  нам лягчэй павіснуць на яго руках, каб яшчэ ён і нас трымаў?

Напэўна, на гэтыя пытанні найлепш адкажа кожны ў сваім сэрцы. Бо, калі мы хочам лепш зразумець сябе, пачаць нешта змяняць у сваім жыцці, трэба распачынаць ад уласнага сэрца. Тады перамена будзе глыбокай і сапраўднай, а не выключна павярхоўнай. Нашая малітва будзе трывалай, калі ў сэрцы ёсць вера. Складаныя жыццёвыя сітуацыі таксама можна апанаваць, калі даверымся Богу, калі будзем больш давяраць Яго ўсемагутнасці, чым нашай слабасці і немачы. Калі будзем кіравацца такім прынцыпам даверу,  то дакладна пераможам.

І яшчэ адно, мае дарагія: як сябар пазнаецца ў бядзе, так вера пазнаецца праз жыццёвы досвед і нашую ў ёй трываласць.  Нашае жыццё — як акіян, сёння шціль, а заўтра можа быць бура. Нам трэба заўсёды быць падрыхтаванымі, каб складаныя жыццёвыя рэаліі не сустрэлі нас нечакана і каб мы з-за гэтага не былі збянтэжанымі. Святое Пісанне вучыць нас быць мудрымі ў жыцці. Мэта, якую кожны веруючы ставіць перад сабою, без сумніву - гэта збаўленне праз веру ў Езуса Хрыста.

Святы Павел у другім чытанні пералічвае плюсы і карысць, якая вынікае з пазнання Святога Пісання, якое натхніў сам Бог: яно карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці. І ўсё гэта дзеля таго, каб быць дасканалым, каб крочыць менавіта тым шляхам, якім крочыў Езус Хрыстус, і на гэтым шляху быць трывалым. Гэта значыць, калі я ўвайшоў на шлях малітвы і веры, то мне трэба гэтым шляхам крочыць да канца, не азіраючыся і не шукаючы іншых, лягчэйшых ці больш прыемных шляхоў. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця